Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель Бермудэс з афіцыйным візітам прыбыў у Беларусь. Графік насычаны — наведванне памятных месцаў і вядучых прадпрыемстваў, удзел у мерапрыемствах ЕАЭС. Але найперш — Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель Бермудэс з афіцыйным візітам прыбыў у Беларусь. Графік насычаны — наведванне памятных месцаў і вядучых прадпрыемстваў, удзел у мерапрыемствах ЕАЭС. Але найперш — Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Перагаворы на вышэйшым узроўні цікавыя не толькі парадкам дня, а цырыманіялам з удзелам роты ганаровай варты. Беларускі лідар асабіста сустрэў свайго калегу. Па пратаколе абавязковая цырымонія фатаграфавання лідараў. Гэта частка хоць і прыгожая, але кароткая. Усё ж такі перагаворы на вышэйшым узроўні праходзяць не для пратакола, а для канкрэтных дамоўленасцяў.
«Мы здабылі сапраўднага сябра беларускага народа»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сустракаўся са сваім кубінскім калегам 9 мая ў Маскве на парадзе ў гонар Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ён таксама заўважыў, што гэта другі афіцыйны візіт Мігеля Дыяс-Канеля Бермудэса ў Беларусь, ён наведваў нашу краіну ў 2019 годзе. На парадку дня гэтых перагавораў — пытанні беларуска-кубінскага супрацоўніцтва і міжнароднага парадку дня.
«Сёння свет праходзіць этап магутнай турбулентнасці. І пакуль старыя міжнародныя структуры буксуюць, у новых яшчэ недастаткова рэсурсу, каб вырашыць крызісы, а тым больш прадухіліць гэтыя крызісы. Над гэтым нам трэба працаваць разам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, паміж беларускім і кубінскім народамі існуюць трывалыя дружалюбныя сувязі, якія падмацаваны выдатнымі адносінамі на ўзроўні кіраўніцтва дзяржаў.
«У асобе майго паважанага калегі, Мігеля Дыяс-Канеля, мы здабылі сапраўднага сябра беларускага народа. Я ўпэўнены, што цёплы і саюзніцкі характар міждзяржаўнага дыялогу захаваецца на доўгія гады, а новыя пакаленні беларусаў і кубінцаў будуць падтрымліваць яго і напаўняць актуальным зместам», — перакананы кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што добрай традыцыяй стала канструктыўнае ўзаемадзеянне нашых краін на міжнароднай арэне. «Мы падзяляем падыходы адно аднаго да найважнейшых тэм сучаснага парадку дня і аказваем безумоўную ўзаемную падтрымку. Аднагалосна і паслядоўна выступаем супраць аднабаковых абмежавальных мер у міжнароднай палітыцы і гандлі», — сказаў ён.
Негатыўныя знешнія фактары нас толькі стымулююць
«Незаконны санкцыйны ціск на нашы дзяржавы не толькі не слабее, але і ўзмацняецца. Асабліва гэта датычыцца механізмаў фінансавых разлікаў. Але негатыўныя знешнія фактары толькі стымулююць нас да сумеснага пошуку эфектыўных рашэнняў, — адзначыў беларускі лідар. — Работа беларуска-кубінскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве выйшла на рытмічны штогадовы графік. Гэта сведчыць аб узаемнай цікавасці да ўмацавання адносін».
Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што з улікам узаемадапаўняльнасці эканомік Беларусі і Кубы нашы спецыялісты вызначылі шэраг перспектыўных пунктаў росту ў гандлёва-эканамічнай сферы. У іх ліку стратэгічна важныя для Гаваны кірункі: забеспячэнне харчовай бяспекі, мадэрнізацыя прамысловасці, развіццё будаўнічай галіны, транспартнай інфраструктуры, энергетыкі і здабычы карысных выкапняў, пашырэнне доступу да якасных медыцынскіх прэпаратаў.
«Бачым добрыя перспектывы для нарошчвання магутнасцяў сумесных вытворчасцяў беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, прычапнога і навяснога абсталявання. Мы гатовы забяспечыць пастаўкі новай тэхнікі, у тым ліку з прымяненнем лізінгавых інструментаў. У інтарэсах рамонтных прадпрыемстваў Кубы можам наладзіць экспарт рухавікоў, запасных частак, а таксама станкоў і абсталявання. Акрамя прамысловай кааперацыі, мы маглі б пастаўляць беларускую сыравіну, дзяліцца сваім вопытам і тэхналогіямі для сумеснай вытворчасці малочных і мясных прадуктаў», — прапанаваў кіраўнік нашай дзяржавы. Ён заўважыў, што пацвердзіла свае запатрабаванасць і значнасць схема пастаўкі нашай прадукцыі на Кубу ў рамках экспартных крэдытаў Банка развіцця Беларусі. Сёння гэта сухое малако і сельскагаспадарчая тэхніка, але, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок зацікаўлены паслядоўна пашыраць дадзены пералік.
«Перакананы, што па выніках сённяшняй сустрэчы мы выпрацуем эфектыўныя рашэнні і будзем іх дакладна рэалізоўваць. У Мінска і Гаваны ёсць усё для далейшага руху наперад: палітычная воля, узаемаразуменне і поўная падтрымка на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. І, напэўна, самае галоўнае, — доўгі шлях супрацоўніцтва, — рэзюмаваў беларускі лідар. — Я запэўніваю вас, што я не забыўся пра абяцанне наведаць Кубу. Я паспрабую знайсці такую магчымасць у будучыні і прыехаць да вас, у вашу сонечную, ва ўсіх сэнсах цёплую краіну».
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што наш бок гатовы да прадаўжэння адкрытага і сумленнага дыялогу, да сумесных крокаў, якія будуць садзейнічаць забеспячэнню сацыяльна-эканамічнай стабільнасці ў абедзвюх дзяржавах і росту дабрабыту грамадзян. «Вы павінны ведаць, што вы прыехалі да сваіх сяброў. Нават больш, чым сяброў. Мы, калі нешта можам зрабіць для кубінскага народа, для Кубы — мы абавязкова гэта зробім», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Гэта адносіны паміж брацкімі народамі і ўрадамі
Мігель Дыяс-Канель Бермудэс перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітанне і цёплыя пажаданні ад генерала арміі Рауля Кастра. Прэзідэнт Кубы таксама павіншаваў беларускага лідара з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах: «Гэта паказчык высокага аўтарытэту і той масавай падтрымкі, якую мае ваша дзейнасць».
Мігель Дыяс-Канель Бермудэс падкрэсліў асабісты ўклад Аляксандра Лукашэнкі ў развіццё беларуска-кубінскіх адносін. «Нашы двухбаковыя адносіны маюць глыбокія гістарычныя карані дружбы і супрацоўніцтва, заснаваныя на ўзаемнай павазе, узаемнай карысці. Гэта адносіны паміж брацкімі народамі і ўрадамі. Куба мае палітычную волю надаць ім імпульс ва ўсіх кірунках, асабліва ў гандлёва-эканамічнай плоскасці», — адзначыў Прэзідэнт Кубы. Сустрэчу са сваім калегам у Мінску ён назваў лагічным працягам праведзеных раней плённых абменаў візітамі прэм’ер-міністраў дзвюх краін. Мігель Дыяс-Канель звярнуў увагу на парламенцкае супрацоўніцтва і адзначыў, што на Кубе з візітам у адказ чакаюць Старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву.
Кубінскі лідар звярнуў увагу, што абмен візітамі дапамог вызначыць новыя сумесныя праекты. У прыватнасці, на Кубе стартаваў праект па зборцы трактароў МТЗ, а ў найбліжэйшы час плануецца запуск сумеснага прадпрыемства ў галіне біятэхналогій і фармацэўтыкі. Мігель Дыяс-Канель Бермудэс адзначыў эфектыўную работу сумеснай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Паводле яго слоў, сціплыя зрухі ў гандлёва-эканамічных адносінах ужо ёсць і трэба надаваць ім імпульс. Асабліва перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва ў сферы біятэхналогій, фармацэўтыкі.
«Мы зацікаўлены стымуляваць і заахвочваць гандаль таварамі. Мы імкнёмся, каб беларускія кампаніі больш удзельнічалі ў рэалізацыі нацыянальнага плана сацыяльна-эканамічнага развіцця Кубы да 2030 года», — адзначыў Мігель Дыяс-Канель.
«Трэба ажыццявіць гэтую нармальную мадэль»
Аб выніках перагавораў лідары расказалі журналістам — гэта традыцыйная частка сустрэч на вышэйшым узроўні. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў свайму добраму сябру, Прэзідэнту Кубы за тое, што ён знайшоў магчымасць наведаць Рэспубліку Беларусь і асабіста прыняць удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і пленарнай сесіі Еўразійскага эканамічнага форуму. Прэзідэнт Беларусі расказаў, што на перагаворах яны не толькі абмеркавалі шырокі спектр двухбаковага парадку дня, але і намецілі далейшыя крокі па рэалізацыі найбольш перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва.
«Таксама надалі ўвагу няпростай геапалітычнай абстаноўцы. Пацвердзілі прыхільнасць Беларусі і Кубы палітыцы ўмацавання міру і бяспекі на нашай планеце, далейшай пабудове справядлівага і шматпалярнага свету. Толькі так, па нашым агульным перакананні, магчыма забяспечыць свабоднае, самастойнае развіццё ўсіх краін і народаў, іх сапраўднае раўнапраўе і абарону нацыянальных інтарэсаў», — расказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь на сабе адчула, што такое незаконныя абмежавальныя меры з боку асобных недружалюбных дзяржаў. «І рашуча заяўляе аб непрымальнасці эканамічнай, гандлёвай і фінансавай блакады, уведзенай ЗША супраць Вострава Свабоды, якая наносіць непапраўную шкоду кубінскаму народу», — дадаў ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, на працягу многіх дзесяцігоддзяў Куба застаецца надзейным саюзнікам Беларусі ў Заходнім паўшар’і. Нашы адносіны заснаваныя на ўзаемнай павазе і раўнапраўі, усебаковай падтрымцы ў ключавых для абедзвюх краін пытаннях, у тым ліку ў рамках міжнародных арганізацый. «Каб максімальна рэалізаваць патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва, нам неабходна „падцягваць“ нашы гандлёва-эканамічныя сувязі да найвышэйшага ўзроўню палітычных кантактаў. І мы гэта зробім», — адзначыў беларускі лідар. Ён распавёў, што Прэзідэнт Кубы прапанаваў простую і зразумелую формулу: «Хопіць імпартаваць тое, што мы можам вырабіць, і ў тым ліку вырабіць разам. Давайце, кажа, будзем ствараць сумесныя прадпрыемствы ў Беларусі і на Кубе. Прымальна! Трэба ў бліжэйшы час ажыццявіць гэтую нармальную мадэль».
Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт, што Беларусь прапануе Кубе не толькі экспарт тавараў і паслуг, але і актыўны ўдзел у рабоце па развіцці ўсіх узаемавыгадных сфер і кірункаў на аснове комплекснага, стратэгічнага партнёрства. «Мы гатовы ўкараняць у кубінскую эканоміку сучасныя навуковыя дасягненні і тэхналогіі для паспяховай рэалізацыі сумесных праектаў, разлічаных на доўгатэрміновы эканамічны і, перш за ўсё (гэта важна для Кубы і для нас), сацыяльны эфект», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што ўжо сёння Беларусь рэалізуе на Кубе падобныя праекты ў сферах прамысловасці, фармацэўтыкі, сельскай гаспадаркі і харчавання. Створана зборачная вытворчасць трактароў, навяснога і прычапнога абсталявання да іх. У найбліжэйшы час чакаецца адкрыццё вытворчай лініі сумеснага прадпрыемства па выпуску беларускіх медыкаментаў, прызначаных для продажу на кубінскім унутраным рынку і ў краінах Карыбскага басейна. У прапрацоўцы знаходзіцца шэраг праектаў па вытворчасці малочных прадуктаў з ужываннем беларускіх тэхналогій і сыравіны. «Мы б хацелі, каб гэтыя якасныя, карысныя прадукты сталі даступнымі і для кубінцаў, і для жыхароў суседніх рэгіёнаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Развіццё супрацоўніцтва па заяўленых кірунках будзе садзейнічаць павышэнню ўзроўню харчовай бяспекі і росту дабрабыту грамадзян абедзвюх краін». Аляксандр Лукашэнка падзякаваў свайму калегу за прыезд у Беларусь і неацэнны асабісты ўклад у падтрыманне найвышэйшага ўзроўню брацкіх адносін. Беларускі лідар запэўніў, што ўсе намечаныя планы і дамоўленасці будуць выкананы.
«Мы адкрылі новую вяху»
Мігель Дыяс-Канель Бермудэс сваю заяву для СМІ пачаў з таго, што кубінскі народ захапляецца беларускім народам. Сустрэчу ж з беларускім лідарам ён назваў выдатнай і падкрэсліў, што яна адкрыла новую вяху ў двухбаковых адносінах Беларусі і Кубы.
Мігель Дыяс-Канель распавёў, што на сустрэчы з беларускім калегам асаблівую ўвагу надалі ацэнцы ініцыятыў, якія садзейнічаюць нарошчванню гандлёва-эканамічных адносін паміж краінамі. «Гэта дазволіць зрабіць унёсак у больш эфектыўнае сумеснае процідзеянне несправядлівым і незаконным санкцыям, навязаным нашым краінам. Я лічу, што агучаная Прэзідэнтам Лукашэнкам прапанова аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў — адно з найлепшых рашэнняў для таго, каб супрацьстаяць санкцыям, з дапамогай якіх нас хочуць паставіць на калені. Але мы гэтага не дапусцім», — падкрэсліў Прэзідэнт Кубы. Ён падзякаваў беларускім партнёрам за гуманітарную дапамогу Востраву Свабоды, аказаную для пераадолення наступстваў стыхійных бедстваў, і за традыцыйную падтрымку Кубы на розных міжнародных пляцоўках у частцы асуджэння эканамічнай, гандлёвай, фінансавай блакады. Мігель Дыяс-Канель таксама пацвердзіў зацікаўленасць яго краіны ў большым узаемадзеянні з Еўразійскім эканамічным саюзам.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Даслоўна
У профільных міністраў даведаліся, па якіх канкрэтных кірунках будуць удасканальвацца беларуска-кубінскія адносіны.
Палітычнае супрацоўніцтва. Агульная падыходы да фарміравання светапарадку
Па словах міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова, адносіны Беларусі і Кубы не трэба вымяраць толькі гандлёва-эканамічным супрацоўніцтвам. «Куба — гэта міжнародна прызнаны барацьбіт за сапраўдныя правы міжнароднай супольнасці на ўсіх міжнародных пляцоўках. Сяброўства з такой дзяржавай, якая займае адны з лідарскіх пазіцый у дзейнасці міжнародных арганізацый, заўсёды вельмі прынцыпова да канца даводзіць сваю пазіцыю, якая ўключана ў многія міжнародныя працэсы і паважаецца кіраўніцтвам практычна ўсяго свету (а аснову заклаў яшчэ Фідэль Кастра), уяўляе вялікі інтарэс, найперш у палітычным плане. Гэта фарміраванне агульнага парадку дня, рэагаванне на выклікі і пагрозы сучаснасці, узаемная падтрымка ў міжнародных арганізацыях. І гэта вельмі актыўны палітычны саюзнік Беларусі з пункту гледжання выпрацоўкі падыходаў да выбудоўвання новага светапарадку, які б даў альтэрнатыву гегемоніі калектыўнага Захаду», — растлумачыў ён.
Медыцына. Патрэбен трансфер тэхналогій
Аляксандр Хаджаеў, міністр аховы здароўя, адзначыў, што супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кубай у сферы фармацэўтыкі актыўна развіваецца. І заключаецца ў тым, што колькасць зарэгістраваных прэпаратаў як з Кубы ў Беларусі, так і беларускіх на Кубе расце. «Ужо 52 беларускія прэпараты зарэгістраваны на Кубе. Гэта вялікі прагрэс. У мінулым годзе мы выйшлі на закупку кубінскіх прэпаратаў, што таксама сябе якасна зарэкамендавалі. Разам з тым мы бачым вялікі патэнцыял, які патрабуе практычнай рэалізацыі», — расказаў Аляксандр Хаджаеў.
Прамысловасць. Не спыняцца на дасягнутым
Міністр прамысловасці Аляксандр Яфімаў назваў Кубу стратэгічным партнёрам Беларусі ў Лацінаамерыканскім рэгіёне. «Гэта добры партнёр, які дазваляе істотна дыверсіфікаваць наш экспарт. Для нас не існуе вялікіх ці малых дзяржаў. Мы ўсіх разглядаем як ключавых партнёраў. Нягледзячы на адлегласць, мы бачым вялікі патэнцыял узаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кубай», — адзначыў ён. На Кубе ўжо наладжана вытворчасць беларускіх трактароў. Але, падкрэсліў міністр, разглядаецца яшчэ шэраг ключавых кірункаў: пастаўка жыллёва-камунальнай тэхнікі, пастаўка і арганізацыя зборачных вытворчасцяў пасажырскай тэхнікі, грузавыя перавозкі. Ёсць патэнцыял у рэалізацыі праектаў па вытворчасці бытавой тэхнікі, цяпер па гэтым кірунку вядуцца перагаворы.
Сельская гаспадарка. Пашыраць кірункі супрацоўніцтва
Юрый Горлаў, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання, расказаў, што летась экспарт беларускай малочнай прадукцыі на Кубу склаў больш за пяць мільёнаў долараў ЗША, гэта ў тры разы больш, чым у папярэднія гады. За пяць месяцаў гэтага года рэалізавана прадукцыі на суму больш за 2,5 мільёна долараў ЗША. «Сёння мы пастаўляем сухое цэльнае малако, сухое абястлушчанае малако, і наш прадукт там карыстаецца вялікім попытам. Цяпер мы выконваем кантракт, які заключылі ў мінулым годзе на тысячу тон сухога цэльнага малака», — расказаў Юрый Горлаў. Таксама Банк развіцця Беларусі фінансуе рэалізацыю не толькі сельскагаспадарчай прадукцыі, але і сельскагаспадарчай тэхнікі. Па словах міністра, магчымасці для супрацоўніцтва ў сферы АПК вельмі вялікія.