Top.Mail.Ru

Сустрэчы на вышэйшым і высокім узроўнях. Кіраўнік беларускага МЗС з афіцыйным візітам наведае Казахстан

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў з афіцыйным візітам 14-15 красавіка наведае Казахстан. Аб гэтым паведамляе БелТА.


У праграме візіту — сустрэчы на вышэйшым і высокім узроўнях. Прадугледжана таксама адкрыццё Генеральнага консульства Беларусі ў Алматы, адкрыццё Біржавога форуму і новых аб’ектаў гандлю беларускімі таварамі. Акрамя таго, Максім Рыжанкоў наведае ў Казахстане прадпрыемствы з беларускім капіталам.

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Казахстанам устаноўлены 16 верасня 1992 года. У дзвюх краінах адкрыты пасольствы. Двухбаковыя перагаворы і гутаркі прэзідэнтаў дзвюх краін рэгулярна праводзяцца ў тым ліку на пляцоўках інтэграцыйных арганізацый. Дагаворна-прававая база супрацоўніцтва ўключае больш за 80 міжнародных дагавораў. Асноўным дакументам з’яўляецца міждзяржаўны Дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 года. 

Па аб’ёме беларускага экспарту Казахстан уваходзіць у лік найважнейшых гандлёвых партнёраў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку сярод краін СНД. У 1996 годзе створана і дзейнічае міжурадавая беларуска-казахстанская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. У двухбаковым фармаце рэгулярна праводзяцца пасяджэнні падкамісіі па пытаннях развіцця супрацоўніцтва ў сферы прамысловай кааперацыі і ўзаемнага гандлю, Рабочай групы па выпрацоўцы перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі, змешанай камісіі па міжнародных аўтамабільных зносінах. Каардынацыя развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ажыццяўляецца ў рамках беларуска-казахстанскай камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Праводзяцца пасяджэнні Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю