Top.Mail.Ru

Суткі на ліквідацыю дэфекту. Як у Мінску рэагуюць на скаргі пра дрэнныя ўчасткі дарог

Як у Мінску рэагуюць на скаргі, якія датычыліся дрэннага дарожнага пакрыцця, расказаў БелТА намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Арцём Ганчар.


Арцём Ганчар паведаміў, што грамадзяне могуць звяртацца ў арганізацыю праз афіцыйную пошту або цэнтральную дыспетчарскую службу, аднак сёння самым запатрабаваным інструментам стаў мабільны дадатак «115.бел». 

Паводле яго слоў, цяпер у кожнага ў руках ёсць смартфон, і любы чалавек, заўважыўшы праблему, можа аператыўна зрабіць фота і адправіць яго ў кол-цэнтр. Там заяўку апрацоўваюць спецыялісты і накіроўваюць у профільную арганізацыю. Пасля ліквідацыі дэфекту выканаўца загружае справаздачу з фатаграфіяй. «Калі вы падалі скаргу, вам прыходзяць фота і вас усё задавальняе — скарга закрываецца. Разам з тым, калі вы бачыце, што нешта недароблена, зварот можна не закрываць, а адпраўляць на дапрацоўку», — растлумачыў эксперт.

Гаворачы пра тэрміны рэагавання, намеснік генеральнага дырэктара адзначыў, што крытычныя выбоіны, з’яўлення якіх дарожнікі імкнуцца не дапускаць, ліквідуюцца на працягу сутак. Менш сур’ёзныя дэфекты ўключаюцца ў план бягучага рамонту.


За мінулы год прадпрыемства атрымала каля тысячы зваротаў, якія датычыліся не толькі дэфектаў пакрыцця, але і агульнага ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі. «Сёлета быў усплёск скаргаў падчас моцнага снегападу ў лютым. Пры наяўнасці тэлефона ў руках можна ўвесь горад засыпаць мільёнамі зваротаў: снег яшчэ не скончыў ісці, а скарга на яго наяўнасць ужо адпраўленая, — расказаў Арцём Ганчар. — Зразумела, што ва ўсіх работ ёсць свае дырэктыўныя тэрміны. Чалавек не заўсёды валодае інфармацыяй, колькі менавіта часу неабходна на апрацоўку пакрыцця, падмятанне і вываз снегу».

Тым не менш ён падкрэсліў, што сярод гэтага патоку ёсць абсалютна аб’ектыўныя скаргі, якія патрабуюць абавязковай адпрацоўкі. «Трэба сказаць дзякуй людзям, якія не праходзяць міма, не пакідаюць дэфекты па-за ўвагай, а звяртаюцца па іх ліквідацыю. Яны робяць добрую справу і для астатніх, і дзесьці падказваюць самому выканаўцу», — рэзюмаваў намеснік генеральнага дырэктара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю