Top.Mail.Ru

Сувязь пакаленняў на палатне часу

Да 17 жніўня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў можна ўбачыць работы ўдзельнікаў VII Міжнароднага фестывалю «ТэкСтыльны букет».


Сёлета праект аб’яднаў каля 200 прафесійных мастакоў і майстроў з Беларусі, Расіі, Арменіі і Кітая. У цэнтры ўвагі — Радзіма, уласныя карані, экалогія і захаванне памяці продкаў у свеце хуткіх тэхналогій.

Асноўнай тэмай фестывалю стала сям’я ў самым шырокім яе сэнсе. Значная колькасць майстроў прадстаўляе творы, выкананыя ў традыцыйных тэхніках, якія з пакалення ў пакаленне перадаюцца ў іх сем’ях, што дапамагае заха¬ваць рэдкія тэхналогіі. Многія аўтары звяртаюцца да рэгіянальнай тэкстыльнай спадчыны, дэманструючы свой унікальны культурны код і працягваючы звычаі продкаў. 
Сустракаюць наведвальнікаў работы расійскіх майстроў габелена. Сёлета ў конкурсе ўзялі ўдзел 80 творцаў з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Выстаўка «Габелен — прастора для метафары» кафедры малюнка і жывапісу Інстытута мастацтваў Расійскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. М. Касыгіна (куратар — А. Голубева) дэманструе майстэрства стварэння дэкаратыўнага пано ў сучаснай стылістыцы з выкарыстаннем традыцыйных тэхналогій. У сваіх работах мастакі звяртаюцца да вечных філасофскіх тэм: космасу, светабудовы, суіснавання дабра і зла. Прадстаўнікі маскоўскай ткацкай майстэрні «Асноўная справа» прэзентуюць рэплікі традыцыйных строяў уральскай сям’і, выкананыя на аснове экспедыцыйнай работы. 

12_25_Г.jpg
Мастакі з Кітайскай Народнай Рэспублікі Дэн Дзінюань, Ян Бавэнь і іншыя прадстаўляюць беларускаму гледачу тонкае мастацтва — бацік. У творах — прыгажосць роднага краю, яго славутыя мясціны і таямнічасць нацыянальнага мінулага. Аднак, нягледзячы на зварот да гісторыі і мастацкіх традыцый продкаў, аўтары выбіраюць сучасныя тэхнікі і стылістычныя кірункі для ўласнага творчага выказвання. 

Большую частку экспазіцыі складаюць работы беларускіх канкурсантаў з розных рэгіёнаў краіны. Адзін з самых маштабных праектаў айчынных творцаў — выстаўка «Сем+» кафедры дызайну і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Штуршком для яе стварэння стала прапанова арганізатараў VII Міжна¬роднага фестывалю «ТэкСтыльны букет» прадэманстраваць сваю творчую інтэрпрэтацыю лічбы «7», якая ў многіх народаў свету лічыцца шчаслівай: сем нот, сем колераў вясёлкі, сем дзён тыдня, сем цудаў свету... Праект знаёміць гледачоў з ручным ткацтвам, валеннем, аўтарскім тафтынгам студэнтаў і выпускнікоў ВГТУ. Не абышлося і без знакамітых віцебскіх габеленаў, асаблівасцю якіх з’яўляецца ручная работа, што дазваляе смела эксперыментаваць у працэсе творчасці: выкарыстоўваць розныя тэхнікі і матэрыялы, нетрадыцыйныя для мастацкага тэкстылю, — шкло, кераміку, лыка і інш. 

Радуе багацце прадстаўленых відаў мастацтва, сінтэз мінулага і сучаснасці ў самай важнай тэме для кожнага чалавека — «Сям’я». Многія ўдзельнікі фестывалю выбралі для сваіх твораў абагульнены вобраз Маці, якая дае жыццё ўсяму на зямлі. Такі сімвал можна ўбачыць у рабоце «Вялікая Маці» (Caterina Kovas), дзе ўсемагутная жанчына чароўнымі пруткамі вяжа пупавіну маленькаму чалавечку, быццам сплятаючы ніткі лёсу, каб у пэўны час перарэзаць яе і адпусціць немаўля ў наш свет.

Больш асабісты характар нясе праект Анастасіі Акулавай «Яны». Гэтая месцамі жудасная, а ў чымсьці зачаравальная інсталяцыя адлюстроўвае жыццёвы шлях цэлага пакалення. Праект складаецца з пяці тэкстыльных галоў, з якіх першыя дзве — чорныя, як сімвал невядомага (гэта вобраз прабабулі і прапрабабулі аўтаркі, якія памерлі да яе нараджэння). 

Трэцяя галава шэрага колеру сімвалізуе бабулю — сувязь, якая жыве, нават калі яе носьбіта ўжо няма. Чацвёртая галава з пажаўцелай ад часу бавоўны — маці Анастасіі. Гэта першая жанчына, якая пакінула родныя мясціны і выбрала іншы шлях. Аўтар праекта — вынік гэтага шляху. Усе жанчыны звязаны паміж сабой той нябачнай сувяззю, якую нельга разарваць. 

Тэма сям’і ў экспазіцыі прадстаўлена не толькі ў літаральным сэнсе. Тут можна ўбачыць і сімвалы роду, і вечны кругаварот жыцця ад нараджэння да смерці, і ўнутраны пошук таго, што прынята называць домам. Выстаўка «ТэкСтыльны букет» прапануе пазнаёміцца з новымі сэнсамі вядомага ўсім паняцця праз аб’ёмныя кампазіцыі тэкстыльнага мастацтва, якое ўжо само па сабе нясе атмасферу цеплыні і хатняй утульнасці. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА 
Фота аўтара

Паліна Трускоўская «Рэха пячор», 2025 г.
Алена Зянкевіч «Дарагая Светабудова!..», 2025 г.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю