Top.Mail.Ru

Свае яблыкі круглы год: як у Беларусі вырашаюць задачу працяглага захоўвання пладоў

Якія сучасныя тэхналогіі захоўвання агародніны і садавіны найбольш актыўна ўкараняюцца ў гаспадарках краіны, каб мінімізаваць страты і захаваць якасць прадукцыі да вясны, расказаў БелТА начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Лешык.

Адной з найважнейшых задач, абазначанай для сябе ведамствам, стала нарошчванне пасадкі тых сартоў яблыкаў, якія ў першую чаргу запатрабаваны насельніцтвам па смакавых якасцях і знешнім выглядзе, а таксама маюць характарыстыкі, якія даюць магчымасць захаваць свежасць як мага даўжэй (да красавіка — мая ўключна), звярнуў увагу Мікалай Лешык. «У гэтай частцы дзяржавай вядзецца падтрымка вытворцаў для пасадкі гэтых насаджэнняў. На конкурснай аснове вызначаюцца пераможцы мерапрыемстваў і выдзяляецца рэсурс як для закупкі пасадачнага матэрыялу, так і неабходных элементаў для забеспячэння яго функцыянавання. Гэта і сістэмы водападачы, і агароджа насаджэнняў, і стварэнне інфраструктуры.І ў выніку вось такой падтрымкі, напрыклад, у мінулым годзе павялічыліся пасадкі ў цэлым шматгадовых насаджэнняў: было высаджана боьш за 1,4 тыс. га. Гэта практычна ў два разы больш, чым у папярэднія два гады», — адзначыў ён.

Так, для стварэння ўмоў па павелічэнні працягласці захоўвання сумесна з Банкам развіцця выпрацаваны прадукт, які дае магчымасць будаваць і мадэрнізаваць дзеючыя пладасховішчы. «Натуральна, з сучаснымі ўмовамі, наяўнасцю камер для захоўвання ў газавым асяроддзі, камер для своечасовага папярэдняга ахаладжэння і захоўвання яблыкаў пры паніжаных тэмпературах, што сапраўды ў комплексе дасць магчымасць як мінімум да 2030 года ўжо забяспечыць свежым яблыкам нашага спажыўца да мая ўключна», — расказаў ён.

Найбольш даступнымі для стварэння належных умоў з’яўляюцца сховішчы для бульбы і такіх караняплодаў, як буракі. «Тут дастаткова простых энергаэфектыўных сховішчаў з сістэмамі ахаладжэння для таго, каб павялічыць тэрміны. У прынцыпе, у нас атрымліваецца захоўваць і бульбу, і буракі да мая. Больш складаная тэма — гэта захоўванне той жа капусты, рэпчатай цыбулі. Тут на першых этапах неабходна мець магутнасці па больш хуткім ахаладжэнні і больш дакладным падтрыманні мікраклімату ў камерах захоўвання — звярнуў увагу начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства. — Ёсць як еўрапейскія, так і расійскія распрацоўкі, а беларускія пастаўшчыкі такіх паслуг таксама ўпэўнена ў гэтым напрамку гатовы развівацца і ўдзельнічаць у нашых праектах па мадэрнізацыі».

Ён таксама адзначыў, што падыходы да захоўвання садавіны адрозніваюцца: частка вытворцаў выкарыстоўвае тэхналогіі газавага асяроддзя, тады як іншыя, асабліва дробныя гаспадаркі, сутыкаюцца з фінансавымі абмежаваннямі з-за высокага кошту такога абсталявання. Паралельна развіваецца навуковы напрамак, звязаны з распрацоўкай прэпаратаў для абеззаражання пладоў перад закладкай, што дапамагае падавіць развіццё мікрафлоры і павялічыць тэрміны захоўвання.

Узровень аснашчанасці сучаснымі тэхналогіямі ў Беларусі вар’іруецца па рэгіёнах, абазначыў Мікалай Лешык. Лідарамі з’яўляюцца Гродзенская і Брэсцкая вобласці, якія вырабляюць найбольшыя аб’ёмы пладовай прадукцыі і маюць магутнасці, дастатковыя не толькі для ўнутранага рынку, але і для фарміравання экспартных запасаў. У Віцебскай і Гомельскай абласцях, дзе садоўніцтва менш развітае з-за кліматычных асаблівасцей, забяспечанасць сучаснымі сховішчамі ніжэйшая. Аднак дзякуючы дзяржаўным праграмам падтрымкі і супрацоўніцтву з Банкам развіцця ўмовы крэдытавання змякчаюцца, што дае магчымасць нават суб’ектам гаспадарання з невялікім капіталам мадэрнізаваць інфраструктуру. Так, прадпрыемствы Магілёўскай вобласці ўжо актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах на атрыманне рэсурсаў для абнаўлення сховішчаў.

Каля дзясятка суб’ектаў ужо выказалі зацікаўленасць удзельнічаць у гэтай праграме, адзначыў Мікалай Лешык. Ён таксама падкрэсліў, што сумарна да 2030 года ў краіне будзе дабаўлена каля 20 тыс. т магутнасцей для захоўвання.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю