Адкрыць кветкавую краму, запусціць вытворчасць паўфабрыкатаў або наладзіць выпуск вырабаў на 3D-прынтары — усё гэта можна зрабіць за кошт дзяржавы. Беспрацоўным грамадзянам, якія хочуць пачаць сваю справу, прадастаўляецца бязвыплатная субсідыя. Толькі ў 2026 годзе такой магчымасцю ўжо скарысталіся больш за 900 чалавек.
«Гэта мера рэалізуецца ў адпаведнасці з законам аб занятасці, а таксама дзяржаўнай праграмай „Збалансаваны рынак працы“ на 2026–2030 гады. Для таго каб атрымаць субсідыю, па-першае, трэба зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага, далей падаць заяву на выдзяленне субсідыі і прадаставіць бізнес-план», — растлумачыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці Кацярына Працэнкава.
За дзевяць месяцаў 2026 года па субсідыю звярнуліся звыш 900 чалавек — гэта больш, чым за аналагічны перыяд 2025-га. Штогод такую дапамогу атрымліваюць каля тысячы грамадзян. Часцей за ўсё беларусы адкрываюць сваю справу ў будаўнічай сферы, б’юці-індустрыі, а таксама ў сферы перавозак і таксі.
З 1 лістапада 2026 года памеры субсідыі выраслі. У гарадах яна складае 5,9 тыс. рублёў (11 бюджэтаў пражытковага мінімуму), у сельскай мясцовасці — 8 тыс. рублёў (15 БПМ). Для тых, хто арганізуе дзейнасць, звязаную з укараненнем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак, прадугледжана 10,7 тыс. рублёў (20 БПМ).
Сродкі можна накіраваць на абсталяванне, інструменты, матэрыялы, аплату паслуг і іншыя выдаткі, звязаныя з адкрыццём справы. Субсідыя прадастаўляецца бязвыплатна. Пры гэтым выкарыстоўваць яе трэба строга па прызначэнні, весці выбраную дзейнасць і прадаставіць справаздачу.
Ягор ЧУРЫК