Лета — той цудоўны перыяд, калі шмат забаў і вольнага часу з’яўляецца ў нашых дзяцей. Аднак час ад часу можна і нават патрэбна рабіць, напрыклад, творчыя паўзы: браць у рукі кнігу і пераносіцца ў чароўны свет казак, вершаў. У гэтым вам выдатна дапамогуць кніжныя навінкі «Выдавецкага дома «Звязда».
Акцэнт на галоўнае
Кніга Ніны Галіноўскай «Твая праўда, Невідзімка» разлічана на чытачоў малодшага школьнага ўзросту.
Аўтар проста і шчыра нагадвае нам, наколькі важныя і каштоўныя ў нашым свеце дабрыня, спагада, павага да роднай зямлі і беражлівае стаўленне да ўсяго жывога. Напрыклад, у вершы «Кніжчын дом» чытаем: «— Вучыся нас любіць, чытаць,\ і берагчы, і шанаваць.\ — Прыходзьце ў наш цудоўны дом\ З чароўным казачным святлом»... Альбо вось верш «Прыгожыя словы», дзе ў кожным радку адчуваеш хараство беларускай мовы: «...Прыгожыя словы\ Нашае мовы.\ Жывіце багата. \ Бывайце здаровы». Яшчэ вершы ўпрыгожаны ілюстрацыямі мастака Святланы Стахоўскай, што, вядома, таксама прыцягвае ўвагу дзіцячай аўдыторыі.
Пра пчол і законы жыцця
Аўтар Вольга Бялова прапаноўвае нам цікавае знаёмства і прыгоды ў кампаніі Моднай Пчолкі ў сваёй аднайменнай кнізе. Казка з першых радкоў пераносіць чытача ў вёску, дзе летам адпачывае ў сваіх дзядулі і бабулі дзяўчынка Ірынка. Сучаснае дзіця, якое спачатку не цікавіцца нічым, акрамя сацыяльных сетак, там раптам адкрывае для сябе чароўны свет, дзе ў дзядулі ў вуллях жывуць пчолы. Чаму ў іх можна павучыцца і якія сакрэты зразумець, калі пачаць уважліва назіраць за імі? Як яны вучацца танцу небяспекі, дэманструюць уменне адстойваць сябе і сваё, рупліва збіраюць нектар і спасцігаюць жыццё, шукаюць праўду, выводзяць свае формулы існавання праз радасці і расчараванні. На іх прыкладзе і нашы чытачы знойдуць для сябе шмат новага.
Адкрыцці з чароўных казак
Пад вокладкай кнігі Алены Лемеш «Рык і Топ» нас таксама чакае шэраг казачных гісторый, кожная з якіх вучыць разумець сакрэты сапраўднага сяброўства, узаемадапамогі і падтрымкі. Героі казак дзеляцца з чытачамі ўменнем заўважаць прыгажосць прыроды і навакольнага свету. Таксама, чытаючы гэтыя казкі, дзеці даведваюцца шмат карыснай інфармацыі, напрыклад, чым адметнае жыццё ў горадзе, як можна вандраваць, чаму не варта верыць у тое, што часам ад іншых чуеш, дзе можна знайсці самыя салодкія сны і гэтак далей. Адзначым, што выданне разлічана на дзетак дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, але ў працэсе чытання і дарослых чакаюць адкрыцці. Калі не ў саміх гісторыях, то падчас іх абмеркавання з вашымі маленькімі чытачамі.
Алена ДРАПКО