Упершыню конкурс «Віцебская прыгажуня» адбыўся 37 гадоў таму. Сёлета, у Год беларускай жанчыны, да яго вярнуліся, надаўшы яму новае гучанне. Самыя абаяльныя і прыцягальныя жыхаркі горада над Дзвіной спаборнічалі ў намінацыях «Міс» (узрост 18–28 гадоў), «Місіс» (29–49 гадоў) і «Гранд-місіс» (50+).
Хіба хто возьмецца спрачацца аб тым, што ў кожным узросце свая прыгажосць — не толькі знешняя, але і ўнутраная, уласцівая беларускім жанчынам? На конкурс паступіла каля сотні заявак, і толькі 21 ўдзельніца выйшла ў фінал. Кожнай з іх прысуджаны тытул «Віцебская прыгажуня — 2026».
Кароны пераможцаў дасталіся Альбіне Жоравай, Марыі Веліканавай і Святлане Левінай.

— Я заўжды ведаў, што мая жонка — самая прыгожая жанчына ў свеце, — без цені сумнення прызнаўся муж Марыі Віталь, з боку назіраючы, як новую віцебскую зорку засыпаюць кветкамі.
Няхай такія словы штодня гучаць на адрас кожнай жанчыны, няхай на іх штодня глядзяць закаханыя вочы!

Шоу ў Летнім амфітэатры завяршылася ўчора позна ўвечары, але гледачы адзначалі, што яно было настолькі захапляльным, што праляцела, як адно імгненне і ніколькі не стаміла. Нязмушана гаварыла з гледачамі і канкурсанткамі мужчынскае трыа вядучых — Дзмітрый Харацьян, Тэа, Ягор Ермакоў, заварожвала музыка групы «ДиДюЛя», скаралі імпэт Рыкарда Фарэзі і лірызм Сяргея Любавіна, зараджала энергетыка Вікторыі Алешка і групы «Белы птах», заводзілі іншыя выканаўцы і артысты-танцоры.

Але ў цэнтры ўвагі заставаліся прыгожыя, грацыёзныя, разумныя і дасціпныя дзяўчаты і жанчыны. Тры дэфіле: у касцюмах беларусак Х-ХІ стагоддзя, у калекцыі адзення мясцовага дызайнера Марыны Давыдавай, натхнёнай творчасцю Марка Шагала, у графічным адзенні, створаным пад уплывам супрэматызму і візітоўкі з бліц-інтэрв’ю дазволілі раскрыць моцныя бакі ўдзельніц. Канчаткова яны скарылі вялізную залу, выйшаўшы на фінал у вячэрніх уборах.

Віцябчанкі раскрываліся, як кветкі пад цёплым сонцам, дэманструючы фізічную і ўнутраную гармонію. Так, у іх спалучыліся выдатная генетыка і нястомная работа над сабой, глыбокі інтэлект і пачуццё гумару, добразычлівасць і стрыманасць, шчырасць і сціпласць. Такія якасці, якія робяць беларускіх жанчын сапраўдным здабыткам нацыі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА