Традыцыйнае свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета» сустрэла гасцей нечаканым дажджлівым надвор’ем. Як адзначылі арганізатары мерапрыемства, за 44 гады правядзення свята прырода ўпершыню вырашыла далучыцца да паэтычных рытмаў праз меладычны шэпт дажджу і лёгкі водар палявых кветак. Аднак гэта ніколькі не сапсавала ўрачысты настрой гасцей і ўдзельнікаў, а яркія парасоны дадалі фарбаў пахмурнаму дню.
Свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета», арганізаванае Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры сумесна з Маладзечанскім раённым выканаўчым камітэтам і Саюзам пісьменнікаў Беларусі, ужо стала добрай традыцыяй не толькі для беларусаў, але і для замежных гасцей. Некаторыя прыехалі ў знакаміты фальварак упершыню, а для кагосьці наведванне фестывалю стала абязковым пунктам у спісе вандровак на лета.
Сёлета супярэчлівае летняе надвор’е парадавала гасцей сонейкам толькі напрыканцы свята, аднак, як адзначыў загадчык філіяла «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» Міхаіл Бараноўскі, дожджык не засмуціў шчырых прыхільнікаў паэзіі.
— Сапраўды надвор’е незвычанае для «Ракуцёўскага лета», бо дзесяццігоддзямі ззяла сонейка і дажджу ніколі не было, аднак па ўсмешках людзей бачна, што такое надвор’е іх зусім не палохае. Публіка збіраецца, рамеснікі рыхтуюць свае творы, пісьменнікі ўжо падпісваюць кнігі. У паветры лунае выдатны настрой і можна ўпэўнена сказаць, што цёплы летні дожджык яго не псуе, — заўважыў Міхаіл Бараноўскі.
Фестываль праходзіць з 1981 года. Свята, прысвечанае творчасці Максіма Багдановіча, традыцыйна праходзіць у апошнюю суботу ліпеня ў мемарыяльным музеі «Фальварак Ракуцёўшчына». Беларускі паэт правёў у ракуцёўскім маёнтку Лычкоўскіх толькі адно лета 1911 года. Аднак гэты кароткі адпачынак стаў новай вяхой у творчасці паэта. Менавіта тут у атмасферы вясковага спакою з’явіліся знакамітыя цыклы вершаў «Старая Беларусь» і «Места», а таксама дзве паэмы «Вераніка» і «У вёсцы». У гады Вялікай Айчыннай вайны памесце было спалена нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Аднак сёння фальварк рэканструяваны і запрашае аматараў беларускай літаратуры натхніцца жывапісным месцам сілы вядомага творцы. На тэрыторыі памесця адноўлены дом гаспадара, дом арэндатара (у якім гасцяваў летам 1911 года Максім Багдановіч), гумно. Падчас свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета» (і не толькі) для ўсіх жадаючых праходзяць экскурсіі, якія вяртаюць наведвальнікаў у лёсавызначальнае для айчыннай літаратуры лета, напоўненае паэзіяй і натхненнем.
У чэрвені 1977 года ў вёсцы быў усталяваны помнік — два камяні: адзін — вечная свечка памяці, на другім выбіты радкі з «Санета» Максіма Багдановіча: «... Хоць зернейкі засохшымі былі. // Усё ж-такі жыццёвая іх сіла // Збудзілася і буйна ўскаласіла // Парой вясенняй збожжа на раллі».

У 1981 годзе каля помніка вядомымі беларускімі пісьменнікамі быў пасаджаны «Максімаў сад». Нягледзячы на сур’ёзны тон экскурсій, для маленькіх наведвальнікаў свята і іх бацькоў распрацаваны тэматычны квэст па экспазіцыі, які не толькі прапануе цікава правесці час, але і можа стаць першым крокам для паглыблення ў таямніцы айчыннага пісьменства.
Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, празаік, першы дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхась Пазнякоў адзначыў, што фестываль у Ракуцёўшчыне не проста літаратурная падзея, а своеасаблівае месца сілы, якое яднае паэтаў розных пакаленняў адзіным творчым духам.
— Ужо 44-ы раз я наведваю гэтыя цудоўныя мясціны, дзе ў 1911 годзе Максім Багдановіч правёў першае і адзінае ў сваім жыцці беларускае лета і дзе адчуў сябе сапраўды беларускім паэтам. Штогод падчас наведвання свята ўспамінаецца першы фестываль у Ракуцёўшчыне. Тады ў арганізацыі мерапрыемства прынялі ўдзел не толькі супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча, але і Саюз пісьменнікаў Беларусі, Маладзечанскі выканкам і Красненскі сельскі савет. Першыя паэты, якія выступілі на ракуцёўскай сцэне, — Васіль Зуёнак, Павел Пруднікаў, Уладзімір Скарынкін, Любоў Турбіна і іншыя, — падзяліўся цёплымі ўспамінамі Міхась Пазнякоў. — Свята «Ракуцёўскае лета» — гэта не толькі даніна памяці выбітнаму паэту беларускай зямлі. Гэта свята ўсёй айчыннай літаратуры, якая на працягу стагоддзяў служыць яднанню народа.
Маштабная праграма сёлетняга свята паэзіі і песні парадавала гасцей насычанасцю і разнастайнасцю. На галоўнай сцэне ў выкананні аўтараў прагучалі творы сучасных беларускіх пісьменнікаў Міхася Пазнякова, Леаніда Крываноса, Іны Фраловай, Яўгена Хвалея, Рагнеда Малахоўскага, Дар’і Лёсавай, Людмілы Круглік, Наталлі Жылевіч і інш.
«Ракуцёўскае лета» — гэта добрая магчымасць пазнаёміцца з творчасцю мясцовых музычных калектываў. Сёлета для гасцей выступілі ўзорная вакальна-харэаграфічная студыя «Віртуоз», салісты Красненскага і Відзеўшчынскага сельскіх Дамоў культуры. Не абмінулі свята і сталічныя выканаўцы. Дынамічнымі канцэртнымі нумарамі парадаваў гасцей народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца». Яркім завяршэннем музычнай часткі фестывалю стала выступленне сучаснага этнічнага гурта «Aratseya». Музычная праграма групы падзелена на дзве часткі: старажытныя народныя песні ў сучасным гучанні і сусветныя рок-хіты на этнічных інструментах. Падчас выступлення госці свята змаглі акунуцца ў чароўныя гукі колавай ліры, ірландскага бузукі, жалейкі, перкусіі і адчуць энергію аўтэнтычнага вакалу.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і філіял «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» падрыхтавалі шэраг майстар-класаў: выраб магніта, закладкі, медаля з серый «Максім Багдановіч» і «Сілуэтны партрэт Максіма Багдановіча».

У наш інфармацыйны век вельмі складана адцягнуць сваю ўвагу ад смартфона, аднак народныя гульні, арганізаваныя падчас свята, аб’ядналі дзяцей і дарослых у шчырым памкненні адчуць жыццёвыя рытмы продкаў.
Максім Багдановіч завітаў у Ракуцёўшчыну толькі адзін раз. Аднак атмасфера гэтага лета назаўсёды засталася на старонках гісторыі беларускай літаратуры, а яго ўзнёслы настрой і дагэтуль лунае сярод жывапісных краявідаў...
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара і Рагнеда МАЛАХОЎСКАГА