У гарадскім пасёлку Дрыбін Магілёўскай вобласці 15 і 16 жніўня пройдзе 14-ы рэгіянальны фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў «Дрыбінскія таржкі». Мерапрыемства збярэ творчыя калектывы і майстроў з усёй Беларусі, расказалі БелТА арганізатары.
Гасцей свята сустрэне яго гаспадар — Дрыбша — на імправізаванай мяжы пасёлка, дзе іх будуць сустракаць хлебам-соллю. Кірмаш ажывяць «Таржковыя крамніцы»: «Зёлак» з лекавымі травамі і чаямі, «Селядцоў» з рыбнымі стравамі і наварыстай юшкай, «Вада жыцця» з крынічнай і травяной вадой, «Добра скеніць» з духмяным хлебам па старадаўнім рэцэпце і стравамі беларускай кухні, а таксама «Мядовая» з мёдам, мядовымі прысмакамі і медавухай.
У цэнтры разгорнецца «Горад майстроў» з майстар-класамі па розных відах народных рамёстваў. Гасцей чакаюць літаратурная гасцёўня, падворкі з народнымі гульнямі і інтэрактыўныя пляцоўкі. Асаблівая ўвага аддадзена дзіцячай і маладзёжнай праграме: на фестывалі пройдуць конкурс малюнка на асфальце, вакальны конкурс «Музычная капель», фестываль фарбаў, а таксама дыскатэкі і фотазоны. Асаблівае месца на фестывалі займае ўнікальнае дрыбінскае рамяство — шапавальства, з якім змогуць пазнаёміцца госці свята.
Урачыстае адкрыццё фестывалю «Віват, Таржкі-2025» адбудзецца 16 жніўня і пачнецца з парада тэхнікі, святочнага шэсця і гала-канцэрта творчых калектываў. У праграме — яркія канцэртныя выступленні. Завершыцца вечар вогненным шоу і святочным феерверкам.
Арганізатары запрашаюць усіх ахвотных наведаць фестываль і стаць часткай яркай культурнай падзеі, прысвечанай адраджэнню народных традыцый. Дадатковую інфармацыю можна даведацца на сайце Дрыбінскага райвыканкама.