Намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, падсумаваў пасяджэнне калегіі Мінкультуры, на якім пазначыў асноўныя задачы ведамства на бліжэйшую перспектыву.
— Асноўная задача міністэрства — будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея і стварэнне яго экспазіцыі. Гэта маштабны і ўнікальны праект, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер. — Каб ён стаў, як даручыў Кіраўнік дзяржавы, візітнай карткай краіны, захапляў як знешнім абліччам, так і зместам, патрабуецца вельмі сур’ёзная праца Міністэрства.
Ён адзначыў, што ўжо цяпер неабходна фарміраванне дырэкцыі і даручыў профільнаму міністру ў самы бліжэйшы час падрыхтоўкі кадравых прапаноў па яе кіраўніцтву:
— Патрэбныя кампетэнтныя і энергічныя людзі, знаёмыя са спецыфікай сферы, для арганізацыі ўвязкі праектавання і будаўніцтва з музеефікацыяй. Адначасова з распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі і архітэктурна-планіровачных рашэнняў павінна быць прадумана выкарыстанне сучасных лічбавых і мультымедыятэхналогій, вызначана неабходнае экспазіцыйнае і інтэрактыўнае абсталяванне.
Ігар Петрышэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу на тым, што гэта праект будучыні, і ад якасці працы будзе залежаць вынік, які трэба будзе ўбачыць і наступным пакаленням:
— Гэта накладае вельмі сур’ёзную адказнасць на Мінкультуры і патрабуе адпаведнага ўкладу.
Ён таксама даручыў дэталёвы план з канкрэтнымі мерапрыемствамі, які прадугледжвае ўсе этапы рэалізацыі праекта, унесці ва ўрад да 6 сакавіка бягучага года.
Другой тэмай, на якой засяродзіў увагу віцэ-прэм’ер стала будучае святкаванне 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне:
— Гэтая тэма вяршэнствуе ў культурным і ідэалагічным жыцці краіны. У рэспубліканскіх мерапрыемствах важна захаваць арыгінальнасць, навізну, цікавасць гледача, не дапусціць адчування паўтору. Яны павінны выклікаць эмацыйны ўздым у гледача і пачуццё гонару за краіну.
Акрамя падрыхтоўкі творчых мерапрыемстваў да 9 мая, дадаў Ігар Петрышэнка, ужо сёння павінна ісці праца над праграмай Славянскага базару, канцэпцыямі Купалля і свята выпускнікоў:
— Плануйце і мерапрыемствы на Дзень незалежнасці. Далучайце лепшыя творчыя сілы, падначаленыя ўстановы, ВНУ з іх яркай моладдзю. Патрэбныя новыя творчыя рашэнні, арыгінальныя ідэі, новыя падыходы. Да распрацоўкі прапаноў прыцягвайце некалькіх рэжысёраў для атрымання канцэпцый на варыятыўнай аснове.
Спыніўся намеснік Прэм’ер-міністра і на працы дзіцячых школ мастацтваў.
— Да пачатку новага навучальнага года завяршыце ўкараненне падыходаў, выпрацаваных у рамках удасканалення дзейнасці бюджэтных арганізацый, — даручыў ён і растлумачыў. — Я кажу пра кірункі, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў дзіцячых школах мастацтваў. Як у класічнай музычнай школе, якая функцыянавала ў СССР, іх павінна застацца тры — музычнае, харэаграфічнае і выяўленчае. Менавіта яны найбольш запатрабаваныя і масавыя. Падрыхтоўка па іншых — застанецца ў сістэме адукацыі.