Пасля ўсе ахвотныя могуць стаць удзельнікамі хрэснага ходу ад Свята-Духава кафедральнага сабору да Мінскага замшчышча. Ужо 40 гадоў (з 1986-га) ў Беларусі 24 мая адзначаецца Дзень славянскага пісьменства і культуры. Паколькі ён звязаны з памяццю раўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, якіх у гэты дзень ушаноўвае Царква, то ўрачыстасці пачынаюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы сталіцы Беларусі: адзін з прыдзелаў гэтага храма асвяцілі ў гонар братоў-прапаведнікаў хрысціянства.
Але іх місія ў гісторыі аказалася больш шырокай, прычым, для шмат якіх народаў, сярод якіх і беларускі. Таму пасля святочнага богаслужэння не толькі асобы з духоўнага свету, але і прадстаўнікі грамадства, адукацыйных і культурных устаноў, студэнцтва і наогул усе зацікаўленыя могуць далучыцца да ўрачыстага хрэснага ходу: днём а палове на дванаццатую ад кафедральнага сабору працэсія рушыць у бок Мінскага замчышча. Каля сучаснага Палаца спорту ёсць валун, які абазначае месца, дзе калісьці месціўся старажытны горад. І дакладна вядома, што ў ім у ХІ стагоддзі была хрысціянская царква. Таму на гэтым месцы звычайна адбываецца малебен, у памяць пра нашых продкаў, якія жылі з Богам у душы і атрымалі магчымасць чытаць і разумець яго Слова.
Гэта адбылося дзякуючы прапаведнікам Кірылу і Мяфодзію, якія паходзілі з грэчаскага горада Салонікі. Кірыл, якога называлі філосафам, і Мяфодзій (ён пазней стаў епіскапам), распрацавалі адмысловы алфавіт для перакладу рэлігійных тэкстаў з грэчаскай мовы на стараславянскую. Яны пераклалі Евангелле, Апостал і Псалтыр. А пазней іх алфавіт — глаголіца — трансфармаваўся паслядоўнікамі ў «кірыліцу», якая называецца так у гонар аднаго з братоў. Іх місіянерская дзейнасць мела вялікі ўплыў на развіццё культуры як заходніх, так і ўсходніх славян, таму братоў шануюць як святых. А дзень, заснаваны ў памяць пра іх, насамрэч свята для ўсіх славянскіх народаў, сярод якіх і беларускі. Такім чынам нашы продкі атрымалі магчымасць чытаць і пісаць на сваёй мове, што паўплывала на развіццё асветы і культуры, а таксама паспрыяла дзяржаватворчым працэсам. Таму правесці гэты дзень як свята можа кожны, напрыклад, з кнігай у руках.
Ларыса ЦІМОШЫК