Top.Mail.Ru

Святочныя мерапрыемствы, арганізаваныя прафсаюзамі, пройдуць 1 мая па ўсёй краіне

Урачыстыя маёўкі, ушаноўванне лепшых работнікаў і калектываў, працоўных дынастый, тэатралізаваныя паказы і канцэртныя праграмы, спартыўныя спаборніцтвы — у кожным рэгіёне мерапрыемствы будуць праходзіць у розных фарматах.


Галоўнымі героямі свята стануць людзі працы, моладзь, ветэраны — усе, хто сваімі рукамі працягваюць лепшыя працоўныя традыцыі Беларусі. Разам з тым, першамайскія мерапрыемствы можна назваць і сямейнымі святамі — у кожным рэгіёне на пляцоўках будуць прадстаўлены лакацыі для дзяцей і іх бацькоў.

Па традыцыі самае маштабнае Свята працы пройдзе ў Парку Перамогі ў Мінску. Святочная маёўка карыстаецца вялікай папулярнасцю ў жыхароў і гасцей сталіцы. У мінулым годзе ўдзел у ёй прынялі больш за 20 тысяч чалавек. Не меншая колькасць гасцей чакаецца і сёлета.

Прафсаюзы Беларусі сумесна з сацыяльнымі партнёрамі прадставяць інтэрактыўныя пляцоўкі і лакацыі, якія раскрываюць тую ці іншую прафесію, расказваюць аб дасягненнях у розных сферах і галінах. Таксама гасцей свята чакаюць тэматычныя майстар-класы, дзе кожны можа паспрабаваць сябе ў новай для яго справе. Так, на пляцоўцы прафсаюза работнікаў «БЕЛПРАФМАШ» у гэты дзень разгорнецца маштабная выстаўка тэхнікі прадпрыемстваў машынабудавання — Амкадора, МАЗа, Белджы, Мінскага трактарнага завода. Для самых маленькіх удзельнікаў будзе арганізавана квэст-гульня «Дзень працы з «БЕЛПРАФМАШ».

Экспазіцыю некалькіх лясгасаў запланавалі ў галіновым прафсаюзе. Наведвальнікі пляцоўкі змогуць набыць натуральны мёд, зборы гарбаты з лясной травы, бярозавы сок, пасадкі з гадавальнікаў. Маленькім гасцям прапануюць сабраць вялікі драўляны пазл, пагуляць у вялікія драўляныя шашкі і паспрабаваць убіць цвік у розныя пароды дрэва.

Гасцей пляцоўкі прафсаюза работнікаў сувязі будуць сустракаць роставыя лялькі. Беларусы «залатога» ўзросту змогуць пазнаёміцца з новымі сацыяльнымі паслугамі ад аператараў мабільнай сувязі, а ўсе жадаючыя — прайсці квэст па кібербяспецы і зрабіць на памяць здымак у фотакабіне. РУП «Белпошта» прадставіць экспазіцыю сваёй прадукцыі, а ўсе ахвотныя змогуць далучыцца да акцыі «Напішы ліст»: набыць маляўнічыя паштовыя карткі і адправіць іх родным і блізкім. І гэта далёка не ўсе інтэрактывы — кожны галіновы прафсаюз сумесна з сацыяльнымі партнёрамі падрыхтавалі нямала сюрпрызаў.

— Першамай — адно з самых важных святаў. І не толькі для прафсаюзаў. Гэты дзень па праве называюць усенародным. Мы гаворым адзін аднаму «дзякуй за працу», радуемся дасягненням кожнага і ўжо будуем вялікія планы на будучыню. Для гэтага ўсе магчымасці ў нас у краіне ёсць — годныя ўмовы працы, справядлівая заработная плата, прафесійны рост, — адзначылі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў.

У рамках святочных мерапрыемстваў адбудзецца ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі ў сферы працы. Сёлета пераможцамі сталі 16 арганізацый, 4 аўтарскія калектывы і 5 работнікаў. Упершыню была заснавана намінацыя за значны ўклад у галіне якасці. Лаўрэатамі ў гэтай намінацыі сталі аўтарскі калектыў філіяла «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу „Беларускія шпалеры“, „Аршанскі льнокамбінат“, „Мінскі холадакамбінат № 2“, „Белшына“, „Слуцкі сыраробны камбінат“. Адзначана праца Міхаіла Макарэвіча, урача-анколага-хірурга анкалагічнага аддзялення дзённага знаходжання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М. М. Аляксандрава», Яўгена Аўчыннікава, прафесара кафедры машыназнаўства і тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў інжынернага факультэта Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Я. Купалы. Кожнаму лаўрэату арганізатары падзякуюць ва ўрачыстай абстаноўцы.

Працягне святочную праграму маштабны канцэрт «Мой код — ДНК».

— Канцэртная праграма напоўнена сімваламі. Працавітасць — адметная рыса беларусаў, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Акрамя працавітасці, у генетычным кодзе беларусаў — памяць, гонар і падзяка. 80 гадоў мірнага неба над нашай галавой, магчымасць мірна працаваць на карысць сваіх сем’яў і нашага агульнага дома. Кожны з гэтых сімвалаў раскрыюць самыя народныя артысты — прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый краіны, удзельнікі праектаў «Новыя імёны Беларусі» і «Зорны шлях», — дадалі ў ФПБ.

Усе інтэрактыўныя і гандлёвыя зоны будуць працаваць з 10.00 да 16.00 гадзін. Пачатак святочнага канцэрта, узнагароджанне лаўрэатаў прэмій ФПБ — у 12.00.

Алена КРАВЕЦ

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю