Найлепшы фільм Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» ужо выбраны, а ўзнагароды журы размеркавала. Пра гэта журналістам на майстар-класе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў расказаў расійскі кінарэжысёр Карэн Шахназараў, паведаміла БелТА.
«Ужо бачыў найлепшы фільм фестывалю. Усе ўзнагароды размеркавалі. Сярод журы спрэчак не было, выбралі пераможцаў аднагалосна, былі адзіныя ў меркаванні. Добрае кіно — рэдкасць, але тут, на мой погляд, былі цікавыя карціны. Мы іх адзначылі», — падзяліўся рэжысёр.
Карэн Шахназараў у апошнія гады адмаўляецца ад удзелу ў розных мерапрыемствах у журы, але «Лістапад» стаў выключэннем. «Тут на сеансах былі поўныя залы. Гэта сведчыць пра тое, што фестываль патрэбны і людзі яго любяць», — падкрэсліў рэжысёр.
Ён таксама расказаў: «У савецкі час у нас была дастаткова вялікая ўвага да моладзі. У той час кожны год было 30-40 рэжысёраў, амаль кожны студэнт МДІК меў магчымасць выпусціць сваю карціну. Сёння ў кіно ёсць вялікая патрэба асабліва ў серыялах, а рэжысёраў не так шмат. З-за гэтага часам пакутуе якасць кінапрадукту. Работы ў сучаснага пакалення шмат».
Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» завершыцца 7 лістапада.