У Саюзе пісьменнікаў Беларусі абмеркавалі новае развіццё серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі». У свой час да развіцця гэтага праекта спрычыніліся Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура», Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа.
Беларускія перакладчыкі пераўвасобілі на мову Купалы і Коласа вершы і паэмы народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі, народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна, паэтаў Чувашыі — Юрыя Семендэра, Валеры Тургая, Мішы Сеспеля, чачэнскага мастака слова Адама Ахматукаева. Выйшла таксама калектыўная кніга «Карэнні сілу берагуць». Свае творчыя актыўнасці ў працы над падрыхтоўкай кніг серыі «Сябрына...» праявілі Віктар Гардзей, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва Віктар Шніп, паэт і перакладчык Міхась Пазнякоў.
Стасункі паміж літаратарамі Беларусі і Расіі ў галіне мастацкага перакладу прадаўжаюцца. Шмат робіцца дзеля арганізацыі публікацый у раздзеле «Дыпламатыя перакладу» на старонках газеты «Літаратура і мастацтва». Пра гэта якраз і гаварыў у час абмеркавання старшыня секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнед Малахоўскі. Ён адзначыў неабходнасць выдання зборніка паэтаў Дагестана ў серыі «Сябрына...». У «ЛіМе», іншых выданнях ужо друкаваліся пераклады вершаў Сувайнат Кюрэбекавай, Анварбека Култаева, Муслім Міясатавай, Лулы Куні і іншых творцаў розных нацыянальных літаратур Дагестана. Даўно наспела патрэба выдаць беларускую кнігу Зульфіі Хананавай. Гэта зазначыў у час абмеркавання Віктар Шніп. Башкірскую паэтэсу добра ведаюць чытачы розных літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў Беларусі. Дарэчы, не так даўно Зульфію Хананаву прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусь як актыўнага прапагандыста беларускай літаратуры ў Башкартастане. Сваімі развагамі развіцця серыі «Сябрына...» падзяліўся старшыня таварыства дружбы «Беларусь — Расія» паэт і перакладчык, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў.
Вырашана ў час калектыўнага абмеркавання з удзелам кіраўніцтва СПБ, што ўжо напрыканцы 2025 года айчынным выдавецтвам будуць прапанаваны рукапісы новых кніг серыі «Сябрына: Паэзія народаў Расіі».
Мікола БЕРЛЕЖ