Зробім любоў гучней!
Разам з Амаліяй Сухан, якая з аднайменнай кампазіцыяй прадставіць 11 кастрычніка Беларусь на Міжнародным тэлевізійным конкурсе дзіцячай аўтарскай песні «Наша пакаленне» ў Маскве.
Фінал шоу пройдзе ў суботу, аднак падтрымаць юную артыстку мы ўсе можам у ходзе анлайн-галасавання, якое стартуе 10 кастрычніка ў 13.00 і прадоўжыцца роўна суткі да 13.00 11 кастрычніка на сайце конкурсу. Там арганізатары размесцяць фрагменты песень канкурсантаў, але пасля іх праслухоўвання можна будзе выбраць толькі трох фаварытаў.
У адным са сваіх інтэрв’ю яшчэ на этапе падрыхтоўкі Амалія Сухан зазначыла, што для яе гонар прадстаўляць краіну на такім прэстыжным творчым спаборніцтве: «Гэта не толькі гонар, але і магчымасць прадэманстраваць багацце і самабытнасць беларускай культуры, мой творчы патэнцыял і вакальныя здольнасці».
Конкурс «Наша пакаленне» — гэта ўнікальная пляцоўка, дзе юныя таленты з усяго свету вучацца самавыражэнню праз музыку і дзеляцца сваімі культурнымі традыцыямі. І самі арганізатары шоу падрыхтавалі для ўдзельнікаў насычаную пазнавальную праграму, у якой усіх чакаюць экскурсіі па расійскай сталіцы і знаёмства з яе культурай, творчыя майстар-класы і іншыя мерапрыемствы.Сёлета за перамогу ў творчым спаборніцтве будуць змагацца ўдзельнікі з 16 краін, уключаючы Кітай, Бразілію, ЗША, Індыі і іншых.
Амалія Сухан, падапечная прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ», якая многім сёлета запомнілася пасля перамогі на Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе «Віцебск-2025», цяпер будзе зноў скараць новую творчую вяршыню. У фінале конкурсу «Наша пакаленне» яна выйдзе на сцэну пад нумарам 5 з аўтарскай кампазіцыяй «Зробім гучней любоў». А вось адкрываць і закрываць конкурсныя выступленні выпала прадстаўнікам з Бразіліі і Кітая. Пераможцу вызначаць па сумме галасавання гледачоў і ацэнак кожнаму канкурсанту ад прафесійнага журы.А тэлеверсію фіналу конкурсу «Наша пакаленне», які пройдзе на маскоўскай Live Арэне, пакажа тэлеканал «Беларусь 1» 12 кастрычніка ў 18.30.

Алена ДРАПКО