Top.Mail.Ru

Сям’я — галоўнае багацце! У гэтым упэўнена шматдзетная маці Ганна Астроўская з Брэсцкага раёна

«Амаль як у старым добрым савецкім мультфільме: чатыры сыночкі і лапачка дачка», — першая думка, якая ўзнікае пры знаёмстве з сям’ёй Астроўскіх з Брэсцкага раёна. Ветлівая гаспадыня Ганна сустракае на парозе разам з усімі сваімі дамачадцамі і запрашае да доўгай і цікавай размовы аб сваім жыцці.


Пяць скарбаў

Гісторыя сям’і Астроўскіх пачалася ў 2007 годзе. З будучым мужам Станіславам наша гераіня пазнаёмілася на вяселлі. Ён — брат жаніха, а яна была сведкай.
— Гэта было каханне з першага погляду. Адносіны развіваліся імкліва — ужо праз год мы сталі мужам і жонкай. А ў 2010 годзе нарадзіўся першы сын Дзіма, — успамінае Ганна.
Дарэчы, стаць маці хлопчыка было яе запаветнай марай:

— Спачатку я і не задумвалася, ці хачу мець вялікую сям’ю. 


У мяне была толькі адна мара: каб Гасподзь падарыў мне сына. Хоць бы аднаго. І ён пачуў мяне. У выніку ў нашай сям’і — чатыры сыны і адна дачка. Дарэчы, вялікая колькасць дзяцей мяне ніколі не палохала. Наадварот, лічу гэта вялікім падарункам. І я сама, і мой муж — са шматдзетных сем’яў. Таму з дзяцінства прывыкла рыхтаваць вялікімі порцыямі — маленькімі і не ўмею.

Па словах Ганны, усе яе дзеткі — вельмі розныя:

— Старэйшы Дзіма — курсант Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Ён мэтанакіраваны, дакладна ведае, чаго хоча. З маленькага ўзросту хацеў быць міліцыянерам — як тата. Але лёс распарадзіўся па-іншаму, і Дзіма абраў ваенны шлях, каб служыць Радзіме. Апроч усяго, ён вельмі добра спявае: неаднаразова займаў прызавыя месцы на конкурсах.
У 2012 годзе на свет з’явіўся сын Саша. Хлопчык ужо скончыў восем класаў. Захапляецеся рыбалкай і збіраннем лега.

Яшчэ праз два гады нарадзіўся 

Коля. Ён хацеў стаць сувораўцам, як і старэйшы брат, але не атрымалася з-за стану здароўя.

— Урачы сказалі, што гэта захворванне можна перарасці, і калі ўсё складзецца і жаданне быць ваенным у Колі не прападзе, то можна будзе адразу паступаць у Ваенную акадэмію, — тлумачыць мая суразмоўніца.


Са старэйшым братам іх аб’ядноўвае і любоў да музыкі — Коля ходзіць на флейту і на вакал у музычную школу. Таксама хлопчык паказвае выдатныя вынікі па сальфеджыа.
Дачка Каця з’явілася на свет у 2017 годзе. Вытанчаная дзяўчынка ўнесла пэўную гармонію ў хлапечую кампанію.

— Кацюша любіць сукенкі, банты, упрыгожванні — як кажуць, сапраўдная дзяўчынка. Рада, што яна пайшла не ў мяне ў гэтым плане: я ў дзяцінстве была «пацанкай», — усміхаецца Ганна.

Малодшанькі Ваня нарадзіўся ў 2022 годзе. Ён стаў сапраўдным улюбёнцам сямейства — яго ўсе абавязкова жадаюць папесціць і парадаваць.

Пасля нараджэння пяцярых цудоўных дзяцей у 2023 годзе Ганна Астроўская была ўзнагароджана ордэнам Маці.

Любоў і клопат

Ганна скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» ў 2009 годзе, але прымяніць веды на практыцы не паспела — спачатку сышла ў адзін дэкрэт, потым у другі — і так на працягу амаль 10 гадоў.

— У 2018 годзе мы скончылі будаўніцтва дома і пераехалі ў вёску Малая Курніца. Я пайшла ўладкоўваць дзетак у найбліжэйшую школу ў Чарнаўчыцах, у якой сама некалі вучылася. 
І мне прапанавалі пасаду сацыяльнага педагога. На той момант у нашай сям’і самай маленькай была Кацюша — усяго два гады. Я паразмаўляла са сваёй мамай — яна падтрымала мяне і пагадзілася дапамагаць з дзецьмі. Спачатку было хвалююча, таму што ў гэтай сферы ў мяне не было досведу. Але ў выніку ўсё зладзілася, — гаворыць наша гераіня.


І вось яна ўжо восем гадоў працуе сацыяльным педагогам у сярэдняй школе вёскі Чарнаўчыцы.

— Лічу, што я нядрэнны спецыяліст у сваёй сферы. Сёлета мяне нават прызначылі кіраўніком метадычнага аб’яднання сацыяльных педагогаў Брэсцкага раёна, — адзначае Ганна.

Як жа ёй удаецца сумяшчаць працу і клопат аб пяцярых дзецях? Сакрэт — у дапамозе і падтрымцы блізкіх людзей, канстатуе яна:

— Цяпер мне вельмі дапамагае муж. Раней ён працаваў участковым у міліцыі, у асноўным у другую змену, таму было вельмі цяжка. Але нават тады спраўляліся. Зараз муж пайшоў на пенсію і працуе ўкладчыкам-упакоўшчыкам гатовай прадукцыі ў ААТ «Савушкін прадукт» па больш прывабным графіку. Вельмі каштоўна тое, што ён мяне падмяняе на гаспадарцы і сам наводзіць у доме парадак.


Дапамагае і тое, што бабуля вялікага сямейства жыве непадалёк. Дзеці з задавальненнем там бавяць час, а ў мамы з’яўляецца магчымасць адпачыць.

Вядома, важна і тое, што дзяцей з самага ранняга ўзросту прывучалі да самастойнасці і працы.

— Шчыра кажучы, я не сустракала дзяцей, якія любілі б займацца хатнімі клопатамі. Але тут важна праяўляць характар і не рабіць усё за іх. Калі была задача прапыласосіць і яны гэта не зрабілі ці зрабілі дрэнна, то павінна быць разуменне, што задача нікуды не сыдзе, яе ў любым выпадку трэба будзе выканаць якасна. З часам да іх даходзіць, што лепш зрабіць за адзін раз добра, чым перарабляць па дзесяць разоў, — дзеліцца вопытам Ганна.


Такая методыка выхавання паказала выдатны вынік. Па словах нашай гераіні, яе хлопчыкі прывучаны да ўсяго: і падлогі мыюць, і посуд, 
і агароды полюць.

— Думаю, будучыя нявесткі будуць удзячныя нам за такое выхаванне, — усміхаецца яна.

Тым не менш Ганна не лічыць сябе строгай мамай:

— Галоўны сакрэт выхавання — любоў і клопат. Мы любім усіх дзяцей, не абдзяляючы нікога, імкнёмся ўдзяліць увагу ўсім, нягледзячы на загружанасць. Вельмі спадзяюся, што дзеці гэта адчуваюць, — кажа яна.

Апора — у дзяржаве

Вялікую падтрымку шматдзетная сям’я атрымлівае ад дзяржавы. Выдатны дом на 150 квадратаў — нагляднае таму пацвярджэнне.

— Я ўстала на ўлік грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і атрымала вялікі ўчастак амаль у 20 сотак у вёсцы Малая Курніца. Заплаціла толькі за афармленне дакументаў, сам жа дом бясплатны ў бязвыплатным карыстанні, — падкрэслівае Ганна. — Тут вельмі ўрадлівая зямля, якая нас корміць. Участак знаходзіцца ў даволі ізаляваным месцы, але для мяне гэта хутчэй плюс — я ўвесь час на працы з людзьмі, і дома мне хочацца цішыні і спакою. Нашай сям’і з семярых чалавек для камунікацыі цалкам хапае.


Дзякуючы льготнаму крэдытаванню сям’я Астроўскіх таксама пабудавала свой дом. Рамонт рабілі сваімі сіламі, укладваючы ў кожную дэталь часцінку душы.

З вялікай падзякай Ганна ўспрымае і штогадовую падтрымку шматдзетных сем’яў да пачатку навучальнага года, а таксама розныя скідкі, якія датычацца сферы адукацыі. Паводле яе слоў, у сукупнасці з-за колькасці дзяцей — гэта вельмі адчувальная дапамога.

— На жаль, у многіх людзей цяпер дзіўная пазіцыя. На сваім досведзе я адчувала, што нам быццам бы зайздросцяць. Людзі абураюцца, чаму ў нас больш ільгот, падарункаў да нейкіх свят... Маўляў, чым іх дзіця адрозніваецца ад нашых?! Але ж ніхто не вінаваты ў гэтым. Калі нешта не задавальняе — нараджайце. Толькі ніхто не задумваецца, што шматдзетнасць — гэта каласальная нагрузка. Тут адказнасці відавочна больш, чым на працы, — сцвярджае Ганна.


Увогуле наша гераіня з упэўненасцю глядзіць у будучыню. Побач — муж і пяцёра выдатных дзяцей, ёсць моцны дом і надзейная падтрымка дзяржавы. Яна не баіцца цяжкасцяў і ўдзячная лёсу за кожны дзень, напоўнены дзіцячым смехам, шумам і мітуснёй. Самае галоўнае, па словах Ганны, каб усе былі здаровыя, а астатняе прыкладзецца. Бо сапраўдны дастатак вымяраецца цеплынёй сямейнага ачагу і любоўю, якую дзеці пранясуць праз усё жыццё.

Лізавета ГОЛАД, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю