— Наша мамачка самая мілая, уважлівая, працавітая... Яна самая лепшая на свеце! — кажа дзесяцігадовы Данііл.
— У мамачкі самыя добрыя вочы і самая прыгожая ўсмешка, — далучаецца да размовы яго брацік Раман, якому споўнілася шэсць гадоў.
— Мама самая лепшая, а тата самы надзейны! — шчабеча малодшая дачушка Ганначка.
З цікавасцю слухаю сваіх суразмоўцаў і не магу стрымаць замілаванасці. У шматдзетнай сям’і Чуб, якая жыве ў Лепелі Віцебскай вобласці, выхоўваецца трое цудоўных дзетак. Старэйшы, Данііл, сёлета заканчвае чацвёрты клас гімназіі імя І. Ерашова. Данік старанна вучыцца, дапамагае матулі ва ўсіх хатніх справах і ва ўсім бярэ прыклад з таты. Раман таксама расце паслухмяным і самастойным хлопчыкам. Сёлета ён пойдзе ў першы клас. А вось пяцігадовая Ганначка наведвае дзіцячы сад № 8.
— Сям’я для нас з мужам — неацэнны скарб, самая вялікая ўзнагарода ў жыцці, — шчыра прызнаецца Юлія Вітальеўна. — Я лічу сябе шчаслівым чалавекам, таму што са мной заўсёды побач родныя і блізкія людзі.
Ва ўсім адчуваю клопат і падтрымку мужа. Дзеці ж напаўняюць наша жыццё асаблівай радасцю.
У кастрычніку 2021 года маладая сям’я пераехала ва ўласную добраўпарадкаваную двухпакаёвую кватэру ў новым доме па вуліцы Школьнай. Умелыя гаспадары стварылі тут утульнасць, кожны з пакояў абсталяваны з густам.
Пра фінансавы дабрабыт клапоціцца галава сям’і. Андрэй Віктаравіч працуе машыністам у лакаматыўным дэпо імя Заслонава.
Выхадныя дні вялікая і дружная сям’я з задавальненнем праводзіць на дачы ў вёсцы Вілы Лепельскага раёна. Каля дома на беразе ракі бацькі гатуюць шашлык, смажаць гародніну, а дзеці ў гэты час гуляюць у футбол або забаўляюцца ў пясочніцы, на спецыяльна ўладкаванай пляцоўцы. Працуюць маладыя гаспадары і на агародзе каля ўласнага дома ў Лепелі. Менавіта тут сям’я жыла да атрымання статусу шматдзетнай.
Шмат увагі маладыя муж і жонка ўдзяляюць уладкаванню кватэры: разам наведваюць гандлёвыя цэнтры, магазіны, каб набыць новую мэблю і бытавую тэхніку.
— Калі ў мяне з’явілася якая-небудзь ідэя, у першую чаргу раюся з мужам, — кажа Юлія Вітальеўна. — Вельмі важна, што ён выконвае ўсе мае просьбы, ва ўсім імкнецца падтрымаць. Лічу, што гэта ў сям’і самае галоўнае.
Выдатная гаспадыня, Юлія Вітальеўна не толькі клапоціцца пра тое, каб у доме былі чысціня і парадак, але і з задавальненнем гатуе для сваіх родных апетытныя стравы. Тарты, блінцы, пельмені, клёцкі, зразы... Усё атрымліваецца вельмі смачным, таму што гатуецца з душой.
— Для мяне вельмі важна, каб на стале не было паўфабрыкатаў. Усе стравы гатую сама, — адзначае гаспадыня.
Юлія Вітальеўна з цеплынёй расказвае пра сваіх дзетак, пра тое, як цікава і насычана сям’я праводзіць выхадныя...
Усе шчаслівыя сем’і падобныя паміж сабой, але ў кожнай з іх ёсць свая, непаўторная гісторыя.
Разумелі адно аднаго з паўслова
Знаёмства Андрэя і Юліі адбылося ў 2010 годзе. Юная прыгажуня, якая вырасла ў аграгарадку Слабада Лепельскага раёна, стала навучэнкай Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя па спецыяльнасці «Цырульнік, швачка і садавод-агароднік».
— Мы перапісваліся са сваім знаёмым у сацыяльных сетках. І вось ён прыйшоў да мяне ў госці з сябрам. Гэта быў Андрэй. Мы з ім сустрэліся позіркамі — і ўжо, напэўна, тады зразумелі, што адчуваем сімпатыю адно да аднаго.
Хутка сустрэча маладых паўтарылася, але Андрэй прыехаў да Юліі адзін. Паступова хлопец і дзяўчына зразумелі, што іх аб’ядноўвае светлае ўзаемнае пачуццё.
— Ужо ў першыя дні нашага знаёмства я адчуў, што Юлія — менавіта
тая дзяўчына, з якой мне хацелася б звязаць сваё жыццё, стварыць сям’ю і выхоўваць дзяцей. Уразілі яе душэўная цеплыня, шчырасць і адкрытасць. Мы разумелі адно аднаго з паўслова. Гэта і цяпер з’яўляецца галоўным у нашай сям’і, — расказвае муж.
Праз паўтара гады Андрэй зрабіў Юліі прапанову рукі і сэрца. Карэнны лепяльчанін, хлопец працаваў памочнікам машыніста ў лакаматыўным дэпо імя Заслонава. У 2012 годзе Андрэй вырашыў павысіць сваю кваліфікацыю і атрымаць спецыяльнасць машыніста ў Гомельскім дзяржаўным каледжы транспарту і транспартных камунікацый. Паколькі хлопцу для праходжання вучобы прыйшлося пакінуць родны горад, ён прапанаваў сваёй каханай дзяўчыне жыць у яго бацькоў.
Будучы муж атрымаў жаданую спецыяльнасць і вярнуўся працаваць у родны горад. І вось у 2013 годзе Андрэй і Юлія сталі мужам і жонкай. У 2015 годзе ў маладой сям’і нарадзіўся першы сыночак Данііл, праз тры гады — Раман, а ў 2020 годзе — дачка Ганначка.
Праходзячы па ўтульных пакоях кватэры маладой сям’і, я адчуваю асаблівую цеплыню, якой напоўнены кожны куточак. Дзякуючы ўвазе і клопату, створана атмасфера камфорту.
Дапамога ва ўсім
Як адзначаюць бацькі, вялікае значэнне мае тое, што ў нашай краіне аказваецца значная падтрымка шматдзетным сем’ям з боку дзяржавы. Дапамога бацькам вядзецца практычна ва ўсіх галінах.
— Першы ўзнос пры будаўніцтве кватэры мы зрабілі за кошт мацярынскага капіталу, а потым атрымалі льготны крэдыт. Кожны месяц плацім сімвалічную суму — усяго 60 рублёў, — расказвае матуля. — Наш сын Данііл бясплатна харчуецца ў гімназіі. На харчаванне сына і дачкі ў дзіцячым садку прадугледжана 50-працэнтная зніжка. Мы як шматдзетныя бацькі скарысталіся магчымасцю бясплатна прайсці лячэнне ў стаматолага ў дзяржаўных медыцынскіх установах. Акрамя таго, мы вызвалены ад аплаты падаткаў за карыстанне зямельнымі ўчасткамі.
За ўсебаковую падтрымку і дапамогу шматдзетным сем’ям хочацца выказаць шчырыя словы падзякі Прэзідэнту нашай краіны Аляксандру Лукашэнку. Клапоцячыся пра шматдзетныя сем’і, дзяржава стварае надзейную будучыню краіны.
— На чым будуецца моцная і шчаслівая сям’я? — пытаюся ў мужа і жонкі.
— На ўзаемаразуменні, павазе, уменні чуць і, вядома ж, каханні, — адказваюць сужэнцы.
Андрэй Віктаравіч і Юлія Вітальеўна глядзяць адно на аднаго — і іх вочы свецяцца шчасцем і каханнем. Радасныя дзеткі абдымаюць сваіх бацькоў. Напярэдадні Дня сям’і малыя па традыцыі падрыхтавалі для бацькоў прыемныя сюрпрызы. Калі ж з вуснаў дзетак гучаць цёплыя і шчырыя пажаданні, сэрцы таты і мамы напаўняюцца прыемным хваляваннем. Вось яно, светлае і чыстае бацькоўскае шчасце! Менавіта яно ўпрыгожвае, працягвае жыццё і робіць нашы будні яркімі і непаўторнымі...
Святлана ВАЗНЯК