Іх аб’яднала не каханне з першага погляду, а агульная справа. Нашы героі — сямейныя пары з розным жыццёвым вопытам — хто толькі ў пачатку сямейнага жыцця, а хто, як кажуць, — перажылі агонь, ваду і медныя трубы. Нехта ўбачыў сваю палавінку падчас паездкі ў камандзіроўку, хтосьці закружыўся ў танцы на гарадскім свяце, а потым прыйшоў у адну арганізацыю.
Сёння ўсе яны разам ездзяць на працу, разам абедаюць і разам вяртаюцца дадому, каб вечарам за адным сталом абмяркоўваць не толькі справаздачы, але і школьныя ўрокі, творчыя планы і новае жыццё ў садку. Мы падрыхтавалі некалькі гісторый беларускіх сем’яў, для якіх слова «мы» пачынаецца з агульнага працоўнага месца. Іх гісторыі — пра тое, як не баяцца быць разам 24/7, пра падтрымку, прафесійны рост і сапраўдны тыл, а іх дзеці ведаюць, што мама з татам — лепшая каманда.
Гісторыя першая. Калегі на працы і аднадумцы ў сям’і
У Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці працуе незвычайная пара. Ірына і Канстанцін Галімавы — муж і жонка, якія штодня разам ездзяць на працу, разам абедаюць і разам ідуць дадому. Яна спецыяліст ва ўпраўленні арганізацыі мерапрыемстваў і міжнароднага супрацоўніцтва, ён — начальнік упраўлення аўтарскага і сумежных правоў. Пазнаёміліся не на працы, а рамантычна — на дыскатэцы 3 ліпеня на Нямізе. Канстанцін запрасіў Ірыну на танец — і з тых часоў сужэнцы «кружацца ў адным танцы» ўжо амаль сем гадоў. Калі ў іх нарадзіўся сын Георгій, пытанняў з імем не было: мужчын у гэтай сям’і шмат пакаленняў завуць Георгій Канстанцінавіч і Канстанцін Георгіевіч, да таго ж дзіця з’явілася на свет 1 снежня — у дзень нараджэння маршала Жукава.
Калі Ірына выйшла з дэкрэтнага водпуску, Канстанцін вельмі рэкамендаваў абранніцы свой цэнтр. Але ўладкоўвалася жанчына самастойна: тры сур’ёзныя гутаркі, тэставыя заданні — ніякіх патуранняў. Муж і жонка працуюць у розных упраўленнях і не падпарадкоўваюцца адно аднаму. Але кожны абедзенны перапынак праводзяць разам — за кубкам кавы і бутэрбродам.

«Я баялася, што мы будзем занадта шмат часу разам і гэта надакучыць, — прызнаецца Ірына. — А насамрэч гэта аб’ядноўвае. Раней дома распытвала мужа аб рабоце, а цяпер мы ўсё абмяркоўваем на абедзе, і дома ўжо не ўзнікаюць рабочыя тэмы. Мы цалкам прысвячаем сябе трохгадоваму сыну. Гэта вялікі плюс».
Паміж Ірынай і Канстанцінам — амаль 14 гадоў розніцы. Але яна не адчувае гэтага: «Каханне сцірае ўсе межы. Мой муж — вельмі актыўны, пазітыўны чалавек. Мы настолькі падобныя па інтарэсах, што я не заўважаю розніцы». Канстанцін, у сваю чаргу, кажа, што жонка натхніла яго на кар’ерны рост: менавіта падчас іх сумеснага жыцця ён стаў начальнікам. «Калі тыл закрыты, тады і на рабоце можна дабівацца поспеху», — упэўнена Ірына.
А вось характарамі яны процілеглыя — і гэта іх закон фізікі.
У цэнтры вельмі моцны прафсаюз: для супрацоўнікаў і іх сем’яў арганізуюць экскурсіі на прадпрыемствы, паходы ў тэатры, летні турслёт, нават караоке на 8 Сакавіка. Ірына спявае, Канстанцін цудоўна малюе, піша вершы. А галоўнае — яны каманда. «Нават калі мы пазнаёміліся не на працы, менавіта праца дала нам магчымасць быць яшчэ бліжэй. І нас не палохае, што мы штодня побач. Гэта наш выбар і наша шчасце».
Гісторыя другая. Іх лёсы звязала адна службовая паездка
Дзмітрый і Лейла Андрыеўскія таксама працуюць у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці. Ён — начальнік упраўлення садзейнічання камерцыялізацыі і дзяржаўных рэестраў, яна — намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі мерапрыемстваў і міжнароднага супрацоўніцтва. Але пазнаёміліся яны не адразу, хоць і працавалі ў адным будынку. Дзмітрый прыйшоў у цэнтр у 2014 годзе па размеркаванні і прайшоў шлях ад шараговага спецыяліста да кіраўніка. Лейла ўладкавалася ў 2019-м — гэта было яе першае месца работы. Іх кірункі не перасякаліся, таму доўгі час калегі нават не звярталі адно на аднаго ўвагі. Дзмітрый прызнаецца: галава была занята толькі работай, з раніцы да вечара.
Усё змяніла камандзіроўка ў Вялікі Ноўгарад. Лейла афармляла Дзмітрыю дакументы, дапамагала з арганізацыяй. Яны пачалі часцей стэлефаноўвацца, абмяркоўваць дэталі. І вось аднойчы, гуляючы каля крамлёўскіх сцен у Ноўгарадзе, Дзмітрый раптам зразумеў, што хоча запрасіць Лейлу на спатканне. «Напэўна, я зарадзіўся сілай і энергіяй гэтага месца», — усміхаецца ён. Пасля вяртання з камандзіроўкі адбылося першае спатканне. А потым — яшчэ адно. Так пачалася іх гісторыя.
З таго моманту маладыя людзі разам ужо пяць гадоў. 9 верасня 2023 года Дзмітрый і Лейла афіцыйна зарэгістравалі шлюб. Прапанову ён зрабіў падчас сумеснага адпачынку ў Беларусі.
Як расказваюць сужэнцы, калектыў у цэнтры дружны, таму сваё сямейнае свята яны адзначалі не толькі ў коле родных і блізкіх, але і некалькімі днямі пазней разам з калегамі. Якраз у той час праходзіў штогадовы турзлёт, і цэнтральнае месца на ім было адведзена іх вяселлю. «У нас амаль увесь калектыў гуляў, — расказвае Дзмітрый. — Асабліва прыемна адзначаць такую значную падзею разам».
Тры месяцы таму ў сям’і Андрыеўскіх нарадзілася дачушка Кіра. Лейла цяпер у дэкрэтным водпуску, а Дзмітрый — адказны муж і бацька. Ён прызнаецца, што з прыходам маленькай Кіры жыццёвыя прыярытэты змяніліся: «Раней я мог работу дадому ўзяць, думаў толькі пра справы. А цяпер стараюся своечасова пайсці з работы, бо дома маленькі чалавек чакае. І маме трэба даць адпачыць, таму што з дзіцем — гэта штодзённая цяжкая, хоць і радасная, праца».
На пытанне, ці не цяжка працаваць разам, Дзмітрый адказвае: «Некаторыя кажуць: „Я б не змог“. А мы наадварот — не ўяўляем, як можна працаваць асобна. Разам едзем на работу, на абедзе сустракаемся, разам вяртаемся. Нам і так мала часу, каб пабыць разам. Таму мы вельмі радыя, што працуем побач». Галава сям’і ўпэўнены, што работа дае магчымасць быць яшчэ бліжэй, бо нават у напружаны дзень пара можа падзяліцца ўражаннямі.
На Дзень сям’і, 15 мая, Андрыеўскія не плануюць вялікіх урачыстасцяў. Маленькай Кіры толькі тры месяцы, таму проста пабудуць разам. «Самая вялікая радасць — быць побач». Дзмітрый дадае, што са з’яўленнем дзяцей слова «сям’я» набывае асаблівы сэнс, а кожны дзень напаўняецца шчаслівымі момантамі. У іх пакуль адна дачка, але ўсё яшчэ наперадзе.
Гісторыя трэцяя. Месца работы дапамагае ў выхаванні дзяцей
Вераніка Няхай са Смалявіч ведае: калі дома цяжка, дапамагчы можа менавіта работа. Не толькі заробкам, але стабільнасцю і калектывам, у якім яна больш за 20 гадоў. У яе трое сыноў. Малодшы, Жэня, чуе свет толькі дзякуючы двум кахлеарным апаратам — дзяржава зрабіла адну аперацыю бясплатна, на другую людзі сабралі 95 тысяч рублёў. Але Вераніка не збіраецца кідаць сваю работу ў райвыканкаме, куды прыйшла пасля дзявятага класа.
Вераніка ведае — яна можа аддаваць сябе любімай прафесіі і не баяцца за заўтрашні дзень, бо яе абраннік — гэта надзейны тыл. З мужам Аляксандрам жанчына пазнаёмілася на сайце знаёмстваў. «Я адразу сказала: у мяне ёсць сын. Калі я табе патрэбная, то і сын — таксама. Ён не спалохаўся», — успамінае Вераніка. Праз некалькі дзён Аляксандр патэлефанаваў: «Я ўзяў білеты на мультык, у цырк, паедзем утраіх». Так і пачалася іх сямейная гісторыя. Аляксандр не ўсынаўляў старэйшага Івана, але стаў яму сапраўдным сябрам. Ваня называе яго па імені — Саша — і ведае, што заўсёды можа разлічваць на дапамогу. «Муж кажа: „Я хачу, каб ён мне давяраў“».

Прапаноў перайсці ў Мінск у Веранікі было шмат, але яна адмовілася: «Калектыў ведаю, адпрошвацца лёгка, да дома 10 хвілін. Мне важней быць побач з дзецьмі». Цяпер яна трэці раз выходзіць з дэкрэтнага водпуску і крыху хвалюецца, але ўпэўнена: «Чым менш мама турбуецца, тым больш самастойнае дзіця». Старэйшы Іван вучыцца на электрыка, сярэдні Арцём — пяцікласнік-выдатнік. А Жэня патроху вучыцца гаварыць: «Мама пасі», «Садзік нэ». Вераніка прызнаецца: спачатку плакала начамі, пыталася: «За што?». Але вырашыла не стухаць. І менавіта работа дапамагае ёй трымацца. Раніцай яна ідзе ў знаёмы кабінет, дзе ўсе ведаюць яе гісторыю і не задаюць лішніх пытанняў. А вечарам вяртаецца да Жэні, які павольна, але дакладна вучыцца чуць гэты свет.
Гісторыя чацвёртая. Сям’я з педагагічным ухілам
Дзмітрый і Ірына Грамыкі разам ужо 18 гадоў. Ён — настаўнік фізкультуры і трэнер па дзюдо. Яна — настаўніца англійскай мовы.
Іх гісторыя пачалася са спартыўнай залы. Ірына зайшла туды і ўбачыла Дзмітрыя — маладога, прыгожага, у белым кімано. «Я адразу зразумела: вось ён», — успамінае яна. Але проста падысці і прызнацца не адважылася. Таму пачала шукаць нагоды быць побач. Яна прыводзіла сваіх вучняў на яго трэніроўкі. «Дзеці, я вас правяду», — гаварыла яна, хоць тыя выдатна ведалі дарогу. Дзяўчына хацела проста перасекчыся, паглядзець на яго, пабыць побач.
Праз год Дзмітрыю трэба было везці каманду на спаборніцтвы ў Кыргызстан, на возера Ісык-Куль. Усе настаўнікі былі ў адпачынку. І ён пайшоў у дырэкцыю: «Можа, Ірына Уладзіміраўна паедзе са мной? Суправаджаць каманду». Тая самая камандзіроўка стала пачаткам іх сумеснага шляху. Два гады яны сустракаліся, а ў 2008-м згулялі вяселле.
Першыя гады былі не з лёгкіх. Маладая сям’я жыла ў інтэрнаце ў пакойчыку на 9 квадратных метраў. Потым нарадзілася Эліна, і стала яшчэ цясней. Дзмітрый працаваў на трох работах: днём — у школе, вечарам — трэнерам, па начах — у ахове. Часам начаваў проста ў школе. «Было вельмі цяжка, — уздыхае Ірына. — Але Дзіма сказаў: „Мы справімся“. І я паверыла». Сам Дзмітрый кажа: «Кінуць сям’ю, таму што цяжка? Гэта значыць, ты не мужчына, а пшык (смяецца). Я вырас у вёсцы, ведаю, што такое праца. Адказваць за сям’ю — святое».
Сёння ў сям’і трое дзяцей. Эліне 17, яна ўжо ў нацыянальнай зборнай па дзюдо. Сафіі — 11, Платону — 9, яны займаюцца ў таты. Імя для сына выбіраў Дзмітрый: «Старадаўняе, славянскае, наша. Каб сын рос маім волатам». Нядаўна бацька ўзяў Платона на рыбалку: дождж, холад, але хлопчык сказаў: «Тата, я з табой». «Мужчына расце», — гаворыць бацька з гонарам.
У 2020-м Дзмітрый выйграў чэмпіянат свету па самба сярод ветэранаў. І ў гэты ж час ім прапанавалі трохпакаёвую кватэру. Дзяржава дала субсідыю пад 3%, сямейны капітал за трэцяе дзіця дазволіў зберагчы ўласныя грошы. «Цяпер плацім 80 рублёў у месяц — гэта капейкі», — расказвае Дзмітрый.
Асаблівая традыцыя сям’і — Ірына ездзіць з мужам на спаборніцтвы. Нядаўна яны разам былі ў Парыжы на чэмпіянаце свету. «Мы гулялі па Сене, былі ў Луўры, на Манмартры. Гэта была перазагрузка», — расказвае Ірына. Дзмітрый вярнуўся з бронзай: «Медаль прысвяціў жонцы. І краіне». Яны любяць разам паходы з палаткамі — дзяцей бяруць з дзевяці месяцаў. Дзмітрый і Ірына перакананыя: моцная сям’я трымаецца на адказнасці мужчыны і падтрымцы жанчыны. «За мной мая сям’я. Яны за маімі плячыма, а не я за імі. Гэта галоўнае», — кажа Дзмітрый. У Дзень сям’і яны жадаюць маладым парам не баяцца цяжкасцяў, ствараць сем’і і нараджаць дзяцей. Бо самае вялікае шчасце — калі побач правільны чалавек. Нават калі вакол усяго дзевяць метраў.
Надзея ЗУЕВА
Фота з сямейнага архіва герояў