Сям’я пасялілася ў вёсцы Высокае. Тут гаспадыня аграсядзібы Наталля Строк знайшла любімую справу і месца, якое стала ёй домам. «Беларусь заўсёды была вельмі ветлівая да мяне. Яна дае мне магчымасць для развіцця. Я не проста мама і жонка. Ёсць яшчэ нешта для мяне як для асобы, яе росту», — падзялілася жанчына.
Яшчэ шэсць гадоў таму Наталля жыла ў Аўстрыі. Яе бацька — карэнны аўстрыец. Яна заўсёды з цеплынёй ставілася да Беларусі, дзе прайшло дзяцінства, але доўгія гады правяла ўдалечыні. «У 1991 годзе спалохалася перабудовы, і я паехала туды. Мой тата з першых дзён пачаў мяне вучыць, што Аўстрыя — гэта маленькая краіна, і яна — для карэнных аўстрыйцаў. Я яму адказвала, што таксама амаль аўстрыйка. Чула ў адказ: „амаль не лічыцца“. Ніколі мяне там не прымалі за сваю, ні адзін сваяк аўстрыйскі мяне ніколі не запрасіў на вяселле. Да мяне ўсе прыходзілі. Ведаеце, гэта з узростам разумееш, што каштоўней», — заўважыла жыхарка Бярозаўскага раёна.
Вырасціўшы дзяцей, яна марыла няньчыцца з унукамі. Але лёс усё расставіў на свае месцы, ясна даўшы зразумець: жыццё адно і жыць яго трэба з задавальненнем не толькі для іншых, але і для сябе. Наталля задумалася аб уласным аграэкапарку з жывым кутком і лакацыямі для адпачынку. Сэрца паказала на вёску Высокае. Сям’я прапанавала праект, які падтрымалі ў Бярозаўскім раёне і дапамаглі з рэалізацыяй, выдзелілі ўчастак. Пераезд адбыўся ў 2020 годзе.
Кожны дзень у аграсядзібе даглядаюць вялікі статак коз. Дарэчы, першапачаткова іх планавалася не больш за 20. Цяпер іх больш за сотню. Наталля ставіцца да іх з душой. Жывёлы адказваюць такой жа любоўю і ласкай, дораць іх і шматлікім гасцям. Турысты прыязджаюць з розных куткоў краіны, каб атрымаць асалоду ад мясцовых краявідаў, навучыцца даіць коз і варыць сыры.
Спраўляцца па гаспадарцы Наталлі дапамагае яе сын. Разам яны дояць коз. Жанчына гатуе некалькі відаў сыроў. Не на продаж, а каб пачаставаць гасцей. «Для мяне наша аграсядзіба — гэта сям’я, дом. Хтосьці прыязджае сюды пагаварыць, хтосьці пакаштаваць нешта смачненькае, хтосьці памаўчаць і заняцца козатэрапый», — падсумавала ветлівая гаспадыня.