— Мы ў Беларусі свята шануем традыцыйныя каштоўнасці народа, сярод якіх — шчаслівая сям’я. На ёй будуецца фундамент нашай сучаснай дзяржавы. Яна нямала робіць для павышэння нараджальнасці, абароны мацярынства і дзяцінства, падтрымкі сем'яў з дзецьмі, — абазначыў тэму сустрэчы Андрэй Лабовіч. — Для бацькоў прадугледжаны пэўныя гарантыі ў сферы працоўных адносін, пенсійнага забеспячэння, а таксама падтрымка пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, у жыллёвым будаўніцтве.
Міністр падкрэсліў, што дзяржава разглядае традыцыйную сям’ю як ключавы элемент нацыянальнай бяспекі. Беларусь займае 25-е месца ў свеце сярод самых камфортных для мацярынства краін; 35-е — у рэйтынгу краін шчаслівага дзяцінства; 5-е — як краіна з самым працяглым водпускам па доглядзе дзіцяці. Такі водпуск аплачваецца на працягу трох гадоў і назначаецца ўсім сем’ям незалежна ад даходаў бацькоў. Акрамя гэтага, прадугледжана 11 відаў дзяржаўнай дапамогі. Сярод іх — аднаразовая пры нараджэнні дзіцяці, штомесячная па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, выплата сямейнага капіталу шматдзетным сем’ям. Актуальныя такія меры, як поўная аплата бальнічнага па доглядзе хворага дзіцяці, працоўныя льготы і гарантыі, падтрымка ў сферы будаўніцтва і набыцця жылля.
Сукупныя выплаты сям’і з адным дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў складаюць больш за 1,5 тыс. рублёў у месяц, а калі ў сям’і двое і больш дзяцей — звыш 2,1 тыс.
У цяперашні час па даручэнні кіраўніка дзяржавы вядзецца работа па мадэрнізацыі дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Мэта — увязаць выплаты з рэальнымі даходамі таго з бацькоў, які даглядае дзіця. Пры гэтым мінімальны памер дапамогі не будзе ніжэйшы за той, які дзейнічае, максімальны памер плануеццца ўстанавіць на ўзроўні сярэдняй заработнай платы па краіне.
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота «Аршанская газета»