Top.Mail.Ru

Сям’я — самае вялікае багацце Ірыны Юрыс

Радасць, памножаная на шэсць

Яна не скардзіцца на лёс, хоць той не песціў. Не шкадуе сябе, хоць даводзілася падымацца задоўга да світання. Не шукае лёгкіх шляхоў, хоць магла б. Ірына Юрыс з вёскі Цеснавая-1 пад Стоўбцамі — адна з тых жанчын, гледзячы на якіх, разумееш: шчасце не ў багацці. Яно ў тым, каб мець куды вяртацца, каго чакаць і дзеля каго працаваць.

Здзіўляешся, як мала трэба чалавеку для шчасця — проста жыць і працаваць на роднай зямлі. За ўсю размову яна не паскардзілася на жыццё ні разу. Гэтую простую вясковую жанчыну вылучае сярод іншых моцная прага да жыцця. Яна адчувае радасць ад самага простага — сваёй работы, дзяцей і ўнукаў, прыроднай вясковай цішы. Слухаеш і разумееш, што за яе плячыма штодзённая цяжкая праца, клопат пра вялікую сям’ю — менавіта гэта і ёсць тое істотнае, што можна аддзяліць, як шалупінне, ад паўсядзённай мітусні, пустога, што часам замінае заўважаць само жыццё.

Ад Піншчыны да Стаўбцоўшчыны: дарога да сябе

Нарадзілася Ірына на Піншчыне, у вёсцы Новы Двор, што ў Брэсцкай вобласці. Скончыла ПТВ-161, атрымала спецыяльнасць майстра плода-

агароднінаводства і кухара. Але лёс распарадзіўся інакш. Паехала ў госці да сяброўкі — і засталася. Спачатку працавала ў цяпліцах, вырошчвала агуркі, потым на свінаферме. Там і пазнаёмілася з першым мужам. Нарадзіла траіх дзяцей.

Але жыццё — не казка. Былі і палкае каханне, і горыч расстання, і адзіноцтва з дзецьмі на руках. Прыйшлося шукаць лепшай долі. Ірына пачала ездзіць на сезонныя работы — так званыя «шабашкі». Так трапіла ў Зэльвенскі раён, дзе разам з іншымі перабірала бульбу, разбірала старыя хлявы, рабіла ўсю работу — і мужчынскую, і жаночую. Аднойчы прыехала ў Рочавічы на Стаўбцоўшчыне, дзе трэба было палоць буракі, працаваць на таку. І там сустрэла Дзмітрыя.


Ён быў маладзейшы на пяць гадоў, але гэта не стала перашкодай. «Мы прыехалі з дзецьмі, а ён адразу прапанаваў называць яго бацькам. І дзеці хутка знайшлі з ім агульную мову. Быццам родныя людзі», — успамінае Ірына.

Сёлета ў пары юбілей — 20 гадоў сумеснага жыцця. Распісаліся нечакана: прыйшлі запісваць нованароджаную дачку, а ім прапанавалі аформіць і шлюб. Пагадзіліся без роздумаў.

Да траіх дзяцей ад першага шлюбу дадаліся яшчэ трое. Спачатку нарадзілася Ганна, праз два гады Арцём, а яшчэ праз два — Ангеліна. Дзмітрый ніколі не дзяліў дзяцей на «сваіх» і «чужых» — для яго яны ўсе родныя.

«Трэба, каб побач было моцнае плячо, каб разам вырашалі, разумелі, падтрымлівалі», — проста тлумачыць жанчына сакрэт сямейнага шчасця.

Ордэн Маці і паштоўка ад Прэзідэнта

У 2010 годзе ў жыцці Ірыны адбылася важная падзея. У Капыльскім раёне старшыня аблвыканкама тады ўручаў узнагароды шматдзетным маці. Ірына атрымала ордэн Маці з рук губернатара.

Цяпер ордэн займае пачэснае месца ў доме. Але не менш за яго грэе душу іншы знак увагі — віншавальная паштоўка з Днём Маці ад Прэзідэнта. Прыйшла гады два таму, з асабістым подпісам кіраўніка дзяржавы. Такія рэчы, прызнаецца жанчына, застаюцца ў сэрцы надоўга.

Дзеці разляцеліся, як птушкі

Сёння Ірына Васільеўна з асаблівым цяплом расказвае пра кожнага з шасцярых.

Старэйшая, Юлія, жыве ў вёсцы Налібокі. Замужам, у дэкрэтным водпуску, выхоўвае траіх дзетак. Старэйшая ўнучка ўжо першакласніца, унуку ў маі будзе тры гадкі. Юлія працавала кухарам, цяпер цалкам прысвяціла сябе сям’і. Жывуць у новым доме, які далі як маладым спецыялістам — муж працуе ў гаспадарцы.

Наталлі — 27. Працуе ў краме, у вольны час падпрацоўвае майстрам па манікюры. Яна нарадзілася ў адзін дзень і месяц з Юліяй, толькі годам пазней. Дзяўчына атрымлівае вышэйшую адукацыю юрыста на завочным у Століне.

Сын Аляксандр, якому 26, служыць у арміі па кантракце. Ужо стаў на чаргу, атрымаў арэнднае жыллё ў Слоніме.


Ганне — 19. Яна вучылася ў школе Алімпійскага рэзерву, цяпер працуе трэнерам па лёгкай атлетыцы ў Стаўбцоўскім фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Атрымлівае вышэйшую адукацыю па сваёй дзейнасці. Ад арганізацыі дзяўчыне далі кватэру.

17-гадовы Арцём паступіў у політэхнічны каледж. Марыць стаць добрым спецыялістам.

Самая малодшая, 15-гадовая Ангелінка, яшчэ жыве з бацькамі. Вучыцца ў мясцовай школе — яна за пяць хвілін ад дому. Калі дачка паехала ў санаторый, бацькі вельмі сумавалі. «Цяпер разам з намі засталася толькі Ангелінка. Астатнія ўсе разляцеліся, як птушкі», — усміхаецца Ірына.

Кожны дзень — дзеля будучыні

Працоўны дзень Ірыны пачынаецца а пятай гадзіне раніцы, часам і раней. Яна працуе тэхнікам-асемянатарам у гаспадарцы ТАА «СЖК Налібокі» на малочнатаварным комплексе «Цеснавая-2». Спачатку даіла кароў, потым зяць Уладзімір, які працуе асемянатарам, узяўся вучыць цешчу. Тры месяцы тэорыі — і цяпер яна самастойны спецыяліст.

Муж Дзмітрый — трактарыст, працуе ў Налібоках. Разам выходзяць на працу а шостай гадзіне. Яго вязе службовы транспарт, яе таксама падвозяць. Улетку жанчына дабіраецца на электравеласіпедзе.

«Трэба каровак пакрыць, ацёлы запісаць, даць справаздачу ў канторы, схадзіць да цялушак. Дамоў вяртаюся пасля паловы дзявятай вечара», — расказвае жанчына.

На падворку — толькі куры. Свіней трымаць няма калі. Градкі — невялікія, бульбу саджаюць у зяця на агародзе, бо ўраджайная зямля, разам капаюць. На выхадныя, калі збіраюцца дзеці з унукамі, у хаце шумна і весела.

Шчасце — калі ёсць дзеля каго жыць

Ірына не шкадуе, што лёс склаўся менавіта так. Не шкадуе, што ў маладыя гады замест адпачынку ездзіла на шабашкі, каб падзарабіць дзецям на школу. Не шкадуе, што падымалася задоўга да світання і клалася позна.

«Дзякуючы маім старэйшым дачкам было лягчэй — яны самі збіраліся ў школу і малодшых збіралі ў садок. Дапамагалі. Яны прывучаныя, ведаюць, што і як. Дружныя», — гаворыць яна.

Цяпер, калі дзеці раз’язджаюцца, у хаце становіцца ціха і неяк не па сабе. «На цэлую чвэрць Ангелінка паехала ў санаторый. Мы ўдваіх з мужам. Ведаеце, прывыклі, што ёсць хтосьці. Як збяруцца ўсе дома — шум, гам. А потым раз’язджаюцца — і ціха. Нязвыкла», — прызнаецца Ірына.

Але яна ведае адно: дзеці — гэта шчасце. Як казаў Прэзідэнт, «адно дзіця — не адно, двое — як адно, а трое — двое». А ў яе — шасцёра. І значыць, шчасця ў шмат разоў больш.

У вёсцы Цеснавая-1 ёсць усё неабходнае для жыцця: школа, дзіцячы садок, магазіны, пошта, ФАП. Да Стоўбцаў — 50 кіламетраў, да Івянца — 7, але дабрацца не праблема: маршрутка ходзіць часта, аўтобус.

Тут, на гэтай зямлі, Ірына Юрыс будуе сваё простае жаночае шчасце. З мужчынам побач, якому можа давяраць. З дзецьмі, якія, нягледзячы на адлегласць, заўсёды вяртаюцца пад бацькоўскі дах. З унукамі, дзеля якіх хочацца жыць і працаваць.

І калі ў нядзелю за сталом збіраецца вялікая сям’я, калі гучна і шумна, калі па хаце бегаюць унукі, а дарослыя дзеці дзеляцца навінамі, Ірына разумее: усё было нездарма. Кожная ранняя раніца, кожная цяжкая змена, кожная перажытая цяжкасць — усё дзеля гэтага моманту. Дзеля простага жаночага шчасця, якое не купіш ні за якія грошы.

Надзея ЗУЕВА

Фота з сямейнага архіва Юрыс

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю