Top.Mail.Ru

Сям’я Сікорскіх з Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці сёлета стала пераможцам рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла»

Традыцыйна месцам фінальных конкурсных выпрабаванняў стаў горад Горкі ў Магілёўскай вобласці. За званне «Уладар сяла» змагаліся шэсць сем’яў — пераможцы рэгіянальных этапаў.


Сем’і-ўдзельнікі прыбылі да месца правядзення фінальных выпрабаванняў яшчэ ў чацвер, 9 ліпеня. Але самым насычаным днём для сем’яў-канкурсантаў стала пятніца — дзень спаборніцтваў, якія прайшлі на базе Акадэмгарадка Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

На працягу ўсяго дня сем’і ўдзельнічалі ў шэрагу конкурсных выпрабаванняў: «Хлеб — усяму галава!»; «Сардэчна запрашаем да нас»; «Дранікі на калодзе»; «Сельская эстафета», «Касцы»; «Купальскі вянок». Акрамя конкурсных выпрабаванняў яны пабывалі на пікніку на прыродзе.

У суботу, 11 ліпеня, карэспандэнты «Звязды» сустрэліся з сем’ямі-фіналістамі ў аграгарадку Александрыя, дзе для іх была падрыхтавана не менш насычаная праграма. Так, напрыклад, канкурсантам удалося наведаць дзяржаўную ўстанову адукацыі «Александрыйская сярэдняя школа Шклоўскага раёна», маладзёжную пляцоўку, у рамках якой прадугледжана работа выставачных экспазіцый і інтэрактываў, а таксама прыняць удзел у рабоце тэматычнага падворка «Уладар сяла», адкрытым дыялогу з усімі жадаючымі.

Але галоўнай падзеяй дня стала, безумоўна, падвядзенне вынікаў.

Як адзначыў першы намеснік Генеральнага сакратара СНД Ігар Петрышэнка, дзякуючы конкурсу «Уладар сяла» выхоўваецца традыцыя моцнай беларускай сям’і.

— Яны (сем’і. — «Зв.») дэманструюць не толькі свае творчыя таленты. Яны знаходзяць час, каб выхоўваць дзяцей, рэалізоўваць сябе як прафесіяналаў у тых месцах, две працуюць. Гэтая велізарная сінергія, якая ёсць у нашых сем’ях, каштуе вельмі многага.

Ігар Петрышэнка падзякаваў сем’ям, якія не саромеюцца ўдзельнічаць у гэтых конкурсах, а ў выніку перамагаюць.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас віншавання сем’яў адзначыў, што свята «Александрыя збірае сяброў», якое сёння праходзіць на Магілёўскай зямлі, з’яўляецца традыцыйным і сімвалічным.

— Таму што менавіта тут мы можам яшчэ раз адчуць наша адзінства, нашу любоў да малой радзімы. І, безумоўна, тыя каштоўнасці, якія падтрымлівае наш Прэзідэнт, — гэта моцная сям’я, нашы дзеці, моладзь, падтрымка нашых рэгіёнаў — усё гэта ўвасабляецца разам.

Андрэй Іванец, віншуючы фіналістаў праекта, пажадаў сем’ям моцнага здароўя, поспехаў.

— Тыя, хто сёння не стане пераможцам, адважвайцеся, ідзіце наперад, у вас усё абавязкова атрымаецца!


 міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Якаўчыц лічыць удзел сем’яў ва «Уладары сяла» неацэнным укладам у захаванне гістарычнай каштоўнасці беларускай вёскі.

— У кожным раёне за перамогу змагаліся па чатыры-пяць сем’яў, а ўсяго ў краіне прайшло шэсць такіх рэгіянальных этапаў. Конкурс атрымаўся неверагодны: калі ў прэстыжны інстытут бывае дзесяць чалавек на месца, то тут — усе сто! Вы самыя смелыя, працавітыя і творчыя людзі нашай зямлі.

Нядаўна мы прымалі вялікую дэлегацыю з Узбекістана. Госці з гонарам расказвалі пра свае вялікія сем’і. На гэта я ім адказаў: «Ведаеце, у нас у Беларусі таксама вельмі шмат сем’яў, дзе растуць па пяць, а то і па сем дзяцей. Яны жывуць і працуюць на вёсцы, а мы шчыра ганарымся імі, беражом іх і праводзім у іх гонар такія выдатныя святы».

Першы сакратар ЦК БРСМ Уладзімір Паўлоўскі ў сваю чаргу прывёў лічбы — на працягу паўгода ў конкурсных выпрабаваннях прынялі ўдзел больш за 600 чалавек, але сёння на сцэне мы ўбачылі найлепшых.

— Вы ўжо з’яўляецеся пераможцамі ў сваіх рэгіёнах, — звярнуўся да фіналістаў Уладзімір Паўлоўскі. — Як я казаў учора, галоўнае — каб нашы ўладары не саромеліся таго, што яны сапраўды найлепшыя ў сваіх галінах. Мы бачылі, як учора яны здымалі відэа і фатаграфавалі, запісвалі TikTok, публікавалі навіны ў сацсетках, давалі каментарыі. І гэта вельмі важна, каб кожны беларус ведаў: жыць на вёсцы модна, гэта ў трэндзе, і моладзі гэта падабаецца!

Пераможцы рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар сяла» сям’я Ільі і Аляксандры Сікорскіх падзяліліся з журналістамі эмоцыямі:

— Мы цяпер прыклад для ўсёй краіны! Хваляваліся вельмі, каб не падвесці родны Касцюковіцкі раён, нашу Магілёўскую вобласць. І не падвялі! Мы бязмерна рады, эмоцыі перапаўняюць!

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота аўтара
аг. Александрыя


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю