— ... Тут зручна, — лічыць Петра (так яна просіць сябе называць).
— ...Чыста, — дапаўняе сужэнец, які прадстаўляецца Лутц.
На сустрэчы ў Мінску, дзе людзі размаўляюць на нямецкай мове, гучаць і іншыя словы: «добра», «бяспечна», «прыгожа»... Гэта ўсё пра Беларусь. Сярод удзельнікаў суполак у сацыяльных сетках і на розных платформах ёсць носьбіты мовы. Петру і Лутца можна назваць гуру ў пазнанні Беларусі — яны жывуць тут амаль пяць гадоў. Вядуць свой блог на YouTube па-нямецку, пра жыццё ў нашай краіне, дзеляцца досведам з тымі, хто хоча падарожнічаць ці падбірае новае месца для жыцця, падрабязна і ў колерах расказваюць: чаму Беларусь?
Белы: чысціня
На іх канале адразу ж дадзена пазнака: Mіnsk, Belarus. Каля 900 падпісчыкаў. Тут гавораць па-нямецку, але з аўтаперакладам — няма праблем для гледачоў у любой краіне. Яны прыходзяць на гэтую пляцоўку, пакідаюць каментары, задаюць пытанні: як прыехаць, дзе харчавацца, што паглядзець, куды схадзіць?.. І самае галоўнае — а як тут жыць?
— Мы прыехалі сюды ў 2021 годзе. Калі ў Еўропе былі вельмі строгія ковідныя абмежаванні, у дзяцей у школе некалькі разоў на тыдзень бралі тэсты, я аднойчы не вытрымала і ў пошуку на камп’ютары задала пытанне: «Ці ёсць у свеце месца, дзе ўсяго гэтага няма?» На экране з’явілася карта, на якой была белая пляма «антыковіднай свабоды» на еўрапейскім кантыненце. Аказалася, гэта Беларусь, — распавядае Петра. — Мы сабраліся і прыехалі спачатку як турысты: двое дзяцей, дзве валізкі на два тыдні знаходжання. Знялі маленькую кватэру. Паглядзелі, паспрабавалі — нам спадабалася. Я «айцішніца», магу працаваць дыстанцыйна, знаходзячыся ў любым пункце зямнога шара. Чаму не тут? Гэта блізкая для нас культура, чыстыя і дагледжаныя гарады, усё прадумана і рацыянальна. І пры гэтым спакойнае жыццё, бо тут забяспечваецца парадак, нізкая злачыннасць, калі не трэба хвалявацца за дзяцей, якія пайшлі гуляць на вуліцу.
Сіні: клопат
Дзецям спадабалася — гэта было асабліва важна для бацькоў, якія пастараліся забяспечыць ім «мяккую» адаптацыю. Аб пераездзе спачатку ім ніхто не казаў: гэта было захапляльнае падарожжа ў іншую краіну падчас канікулаў. Пасля прапанавалі застацца яшчэ на нейкі час, перачакаць «карону». Бацькі знайшлі школы для сына і дачкі. Яны сталі вывучаць рускую мову, паступова прывыкалі да новага жыцця, пасябравалі з беларускімі дзецьмі. У выніку хутчэй за бацькоў змаглі інтэгравацца і прыстасавацца да мясцовых умоў, ім падабаецца. Дзеці проста і хутка знаходзяць сяброў, а дзякуючы ім і дарослыя пачынаюць кантактаваць. Лутц адзначае, што яны пазнаёміліся з бацькамі іншых дзяцей у двары, у школе, з настаўнікамі, з суседзямі па доме ці па дачы... Амаль за пяць гадоў жыцця ў нашай краіне сям’я «абрасла» не толькі знаёмымі, але і сімваламі таго, што можна аднесці да беларускага ўяўлення пра шчасце ці добрае жыццё.
— Мы жывём як людзі з Беларусі. Здымаем кватэру ў Мінску, любім ездзіць на дачу — ёсць хата ў вёсцы з участкам зямлі. Мне падабаецца Цнянскае вадасховішча, дзе можна купацца, яшчэ ёсць шмат добрых месцаў, дзе гуляем з дзецьмі. Любім дранікі! І ў нас кожны дзень ёсць смятана ў халадзільніку. Ездзім па прадукты на фермерскі рынак у Валяр’янава ці на Камароўку, дзе мясцовыя прадаўцы мяне ведаюць як пастаяннага пакупніка, — прызнаецца Лутц. І паказвае набытую на Камароўцы цёплую вушанку з футрам: зіма сёлета халодная. Клімат у Германіі блізкі да беларускага, але снег выклікае захапленне — пра гэта яны здымаюць відэа, у якога знаходзяцца гледачы, і нават актыўна каментуюць: а што рабіць у такое надвор’е?..
Чырвоны: дзеянне
У адным з рэпартажаў відэаканала расказвалі пра лыжны комплекс у Сілічах: як там арганізаваны адпачынак, як даехаць, колькі каштуе пракат абсталявання, дзяліліся ўражаннямі. Вельмі часта сюжэты нараджаюцца менавіта з уласных эмоцый. Напрыклад, найбольшую колькасць праглядаў набрала відэа, якое стала вынікам экскурсіі на МТЗ, дзе распавялі пра гэтае прадпрыемства і яго прадукцыю. Зацікавіў сюжэт пра матацыкл «Мінск»: удакладнялі, які рухавік, колькі каштуе?. Як купіць тут машыну, як яе зарэгістраваць, як атрымаць правы кіроўцы?.. Чым здзівяць і парадуюць гурмана беларускія рэстараны, у якую суму можа абысціся вячэра?.. Парк «Сула» — вельмі атмасфернае месца, можа прыцягнуць замежнікаў. А гэта асноўная аўдыторыя гледачоў самага вялікага відэаканала пра Беларусь на нямецкай мове.
— Калі мы збіраліся ў Беларусь упершыню, я ў сваёй краіне амаль не знайшла інфармацыі, якая для нас была б карыснай, — тлумачыць Петра. — Трэба было здзейсніць шмат тэлефонных званкоў, каб даведацца, як мы можам падарожнічаць з дзецьмі. І на YouTube пра Беларусь не было кантэнту, адкуль можна было б узяць практычныя парады. Паколькі мы самі прайшлі гэты шлях, то можам падзяліцца сваім досведам. У каментарыях на нашым канале рэальныя людзі просяць растлумачыць нейкія моманты ў традыцыях, законах, правілах уезду, атрыманні візы.
Зялёны: абнаўленне
Петра і Лутц сустрэлі ў Беларусі такіх жа падарожнікаў, якія знайшлі тут новы дом. Распавядаюць пра адну сваю зямлячку, якая доўга жыла ў Парыжы, але ўжо ў сталым узросце вырашыла пераехаць у Мінск. Яшчэ адзін госць на нашай сустрэчы — з Аўстрыі, упершыню прыехаў 28 гадоў таму з сябрам на выхадныя, ужо тады для сябе адзначыў: падабаецца. А пераехаў разам з беларускай жонкай, з якой пазнаёміўся ў Чэхіі, гадуе тут дачку.
Па суботах іншаземцы, якія жывуць у Беларусі, збіраюцца ў бібліятэцы імя Пушкіна на размоўны клуб рускай мовы. Аказалася, такіх людзей нямала. Больш за ўсё, вядома, прадстаўнікоў Кітая, гасцей з Афрыканскіх краін, Паўднёвай Амерыкі. Але ёсць немцы, французы, швейцарцы. Прыходзяць у асноўным тыя, хто хоча застацца надоўга, менавіта таму і патрэбна мова. Петра і Лутц не толькі спецыяльна вывучаюць рускую мову, але імкнуцца спазнаць Беларусь глыбока. Для гэтага трэба знайсці агульную мову з мясцовымі жыхарамі, асабліва ў вёсцы. Хату нямецкая сям’я вырашыла ўдасканаліць, на будаўнічыя работы запрасілі чалавека.
— Я ведаю крыху беларускую мову, але не зразумеў, што ён казаў, — прызнаецца Лутц і для пераканаўчасці з усмешкай вымаўляе: «шуфлядка», «дзякуй», «калі ласка».
— Бульба!.. — дадае Петра. — Мне падабаецца, што многія людзі садзяць агарод. Наш сусед па дачы, беларус, нам заўсёды дорыць бульбу, якую сам вырасціў.
Жоўты: цёпла
У вёсцы людзі хочуць з імі кантактаваць. Напрыклад, Лутц ставіў новы плот — уся вёска прыходзіла паглядзець, як немец робіць. Петра адзначае, што тут вельмі моцныя чалавечыя сувязі ў сем’ях. У беларускай жонкі знаёмага аўстрыйца захварэла мама — і тая вярнулася з-за мяжы, каб ёй дапамагаць, у той час як у Германіі знайшлі б установу, дзе пра яе клапаціліся б. Здзіўляе, калі ў адной кватэры жывуць бабуля, маці і дачка. Гэта прываблівае: краіна — не толькі тэрыторыя, найперш людзі.
— Мы праводзім у Германіі кожны год па тры тыдні, каб сустрэцца з сябрамі, бацькам Лутца, маім братам, — кажа Петра. — Яны да нас у госці ў Беларусь не прыязджалі, дзівяцца, што мы выбралі гэтую краіну. У нас ёсць права жыць у Беларусі адзін год, потым яго трэба працягваць. Пасля 5 гадоў пражывання мы маглі б атрымаць від на жыхарства.
Цяпер блогераў больш за ўсё хвалюе магчымасць пацвердзіць правы кіроўцы без здачы тэарэтычнага іспыту па-руску, і ёсць рашэнне, якое дазваляе спрасціць працэдуру. Змяненні да лепшага, упэўнены яны. Напрыклад, у студзені мінулага года змяніўся закон, і цяпер можна з беларускай візай ездзіць у Расію, гэта прываблівае многіх іншаземцаў, якія любяць падарожнічаць. Сям’я ўжо наведала Маскву, Санкт-Пецярбург, Казань, Чалябінск. А нядаўна сын паехаў на спартыўныя спаборніцтвы, ніякіх праблем на граніцы ў яго не ўзнікла, хоць бацькі перажывалі: падлетак, і адзін. Але кажуць, што ў Германіі падстаў для хвалявання магло быць не менш. Беларусь ім здаецца цалкам спакойнай краінай, з добрым узроўнем і якасцю жыцця. Таму яны тут.
Ларыса ЦІМОШЫК