11-12 кастрычніка 2025 года па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у культурным духоўна-асветніцкім цэнтры «Каўчэг» пройдзе Сямейны праваслаўны форум «Дом шчасця», паведамляе афіцыйны партал Беларускай праваслаўнай царквы.
У нашай краіне ў кастрычніку ёсць два цудоўныя святы — Дзень маці і Дзень бацькі, якія аб’яднаны Тыднем бацькоўскай любові. Правядзенне форуму прымеркавана да гэтых сямейных свят.
Арганізатары мерапрыемства адзначаюць: «Мы хочам, каб шчаслівых сем’яў у Беларусі станавілася больш. Кожная сям’я сутыкаецца з цяжкасцямі, і наш форум — гэта магчымасць сустрэцца са свяшчэннікамі, грамадскімі дзеячамі, псіхолагамі, якія дапамогуць знайсці выйсце з розных складаных сітуацый. Сям’я — гэта малая царква, і менавіта ў ёй нараджаецца сапраўднае шчасце».
Наведвальнікаў форуму чакае насычаная праграма: сямейны квэст «Сямёра па лаўках», майстар-класы па каліграфіі і карагодных танцах, святочны канцэрт «Там, дзе жыве любоў», выстава дзіцячых малюнкаў і іншае.
Адкрыццё Сямейнага праваслаўнага форуму «Дом шчасця» адбудзецца 11 кастрычніка 2025 года ў 10.00 у культурным духоўна-асветніцкім цэнтры «Каўчэг» (г. Мінск, Даўгінаўскі тракт, 164). Уваход свабодны.