Top.Mail.Ru

Сярэдні конкурс на бюджэтныя месцы ў ВНУ Беларусі склаў 1,7 чалавека

Самыя падрыхтаваныя і матываваныя


27 ліпеня залічэнне на бюджэтныя месцы скончылася ў пераважнай большасці ВНУ. План выкананы ў поўным аб’ёме: агульная колькасць залічаных на першыя курсы дасягнула лік у 32 тысячы чалавек — сюды ўвайшлі як студэнты-мэтавікі, так і прызёры ўніверсітэцкіх алімпіяд, якія праводзіліся ў рэгіянальных установах вышэйшай адукацыі, расказаў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч.

Паводле слоў Аляксандра Бахановіча, усяго на «бюджэт» было пададзена 54,3 тысячы дакументаў, а сярэдні конкурс па краіне склаў 1,7 чалавека на месца. Самы высокі — 13 чалавек на месца — склаўся на «Графічным дызайне і мультымедыядызайне» БДУ: «Кантрольныя лічбы прыёму былі выкананыя, а гэта значыць, што наша эканоміка будзе працаваць у тым рытме, у якім яна павінна працаваць, — падкрэсліў Аляксандр Бахановіч. — Каб усе абітурыенты здзейснілі свае жаданні і паступілі менавіта на тыя спецыяльнасці, на якія яны планавалі паступіць, да якіх рыхтаваліся».


Дарэчы, сёлета ў «топе» па прахадных балах на бюджэтнае навучанне аказаліся спецыяльнасці ў галіне ІТ, міжнародных адносін, эканомікі, кіравання і права, а таксама прыродазнаўчанавуковыя і медыцынскія спецыяльнасці. Напрыклад, для паступлення на «Міжнародную канфлікталогію» ці «Міжнародную эканоміку і гандаль (з паглыбленым вывучэннем кітайскай мовы)» у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт абітурыенту патрабавалася набраць не менш за 395 балаў. Пастарацца неабходна было і для спецыяльнасцяў БДУ «Эканамічная інфарматыка» і «Міжнароднае права» (394 балы), «Сусветная эканоміка» (393 балы).

Пры гэтым больш за 5,3 тысячы чалавек атрымалі права на паступленне без уступных іспытаў або па-за конкурсам. Да іх ліку адносяцца пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, медалісты (залатыя і сярэбраныя) і ўладальнікі дыпломаў каледжаў з адзнакай. Такую магчымасць атрымалі таксама выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка (па рэкамендацыі Назіральнага савета), пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства, найлепшыя выпускнікі ліцэяў ВНУ, а таксама іншыя льготныя катэгорыі:

«Мы бачым, што з году ў год працэнт тых, хто залічваецца без уступных іспытаў, — а гэта самыя падрыхтаваныя і самыя матываваныя, — расце. Гэта сведчыць аб тым, што структура набору вызначаецца ў адпаведнасці з заказам галін эканомікі», — адзначыў Аляксандр Бахановіч.

Як падкрэсліў першы намеснік міністра адукацыі, прыярытэтнае значэнне для эканомікі краіны маюць інжынерныя, педагагічныя, медыцынскія і аграрныя спецыяльнасці — менавіта гэтыя чатыры профілі фарміруюць яе аснову. Таму планавалася, што кожны чацвёрты абітурыент падчас гэтай прыёмнай кампаніі будзе выбіраць для сябе прафесію інжынера, кожны дзясяты — медыка, педагога або пачне навучанне на аграрных спецыяльнасцях.


У сваю чаргу, прыёмная кампанія на платнай аснове працягнецца да 1 жніўня (у сельгасвузах — да 2 жніўня). Усяго для «платнікаў» прадугледжана больш за 16 тысяч месцаў. Што да завочнай формы навучання ў аграрных ВНУ, то набор абітурыентаў стартуе 15 лістапада і прадоўжыцца да 5 снежня — усяго запланавана 1,2 тысячы месцаў.

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА


Дарэчы 

З 1 жніўня 2026 года на свае першыя працоўныя месцы выйдзе каля 60 тысяч маладых спецыялістаў — выпускнікоў устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, адзначыў Аляксандр Бахановіч. Для іх камфортнага працаўладкавання дзяржава гарантуе моладзі ўсебаковую падтрымку. Да таго ж, апроч ільгот, замацаваных на заканадаўчым узроўні, дадатковыя меры прымаюць самі прадпрыемствы і арганізацыі. У тым ліку — надбаўкі і заахвочванні, перспектывы прафесійнага росту, замацаванне вопытнага настаўніка, які дапамагае асвоіцца на новым месцы і ўліцца ў калектыў. Забяспечваюцца таксама належныя сацыяльна-бытавыя ўмовы, строгі кантроль за выкананнем норм аховы працы і тэхнікі бяспекі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю