Top.Mail.Ru

Сярэдняя чаканая працягласць жыцця ў Кітаі дасягнула 79 гадоў

Сярэдняя чаканая працягласць жыцця ў Кітаі летась дасягнула 79 гадоў. Пра гэта паведаміў кіраўнік Дзяржаўнага камітэта па справах аховы здароўя КНР Лэй Хайчаа, перадае «Сіньхуа».


З 2023-га гэты паказчык павялічыўся на 0,4 года. Такім чынам, Кітай датэрмінова дасягнуў мэты па павелічэнні сярэдняй чаканай працягласці жыцця насельніцтва, якая была пастаўлена ў рамках 14-га пяцігадовага плана (2021-2025 гг.) у сферы нацыянальнай аховы здароўя. Згодна з планам, меркавалася да канца бягучай пяцігодкі павялічыць сярэднюю чаканую працягласці жыцця насельніцтва прыкладна на адзін год у параўнанні з паказчыкам 2020-га.

Як паведаміў Лэй Хайчаа, летась Кітай выйшаў на чацвёртае месца па сярэдняй чаканай працягласці жыцця сярод 53 краін з узроўнем даходу вышэй за сярэдні і на дзясятай пазіцыі сярод краін «Групы дваццаці», апярэдзіўшы 21 краіну з высокім узроўнем даходу.

Кіраўнік дзяржкамітэта растлумачыў поспехі ўкараненнем шэрагу стратэгій, накіраваных на паляпшэнне здароўя, уключаючы ініцыятыву «Здаровы Кітай», а таксама здаровым ладам жыцця кітайцаў і ўплывам традыцыйнай культуры.

Як адзначыў Лэй Хайчаа, сярэдняя чаканая працягласць жыцця ў 8 рэгіёнах, уключаючы гарады цэнтральнага падпарадкавання Пекін, Цяньцзінь, Шанхай і правінцыі Шаньдун, Цзянсу, Чжэцзян, Гуандун і Хайнань, перавысіла 80 гадоў. Адрозненні ва ўзроўні здароўя паміж рэгіёнамі паступова скарачаюцца, што сведчыць аб бесперапынным паляпшэнні сітуацыі з роўным доступам да паслуг аховы здароўя.

Хаця Кітай па-ранейшаму сутыкаецца з выклікамі, абумоўленымі інфекцыйнымі і хранічнымі неінфекцыйнымі захворваннямі, у краіны захоўваецца значны патэнцыял для далейшага павелічэння чаканай працягласці жыцця насельніцтва, заключыў Лэй Хайчаа.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю