Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця (МУР) Сяргей Алейнік правёў сустрэчу з пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі Расулам Багіравым. Гэта першая сустрэча ў такім фармаце пасля прызначэння Сяргея Алейніка нацыянальным каардынатарам па дасягненні МУР.
Бакі абмеркавалі бягучае і перспектыўнае ўзаемадзеянне паміж Рэспублікай Беларусь і краінавай камандай ААН. Па выніках сустрэчы ў размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Сяргей Алейнік падзяліўся падрабязнасцямі:
— Мы зверылі гадзіннікі і абмяняліся думкамі па пытаннях рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця і нашага ўзаемадзеяння. Уся краінавая каманда ААН канструктыўна ўзаемадзейнічае з намі ў рэалізацыі тых няпростых задач, якія мы вырашаем па дасягненні МУР. На сёння ў нас рэалізавана больш за 82 % МУР, і мы разлічваем да 2030 года выйсці на максімальна поўную рэалізацыю гэтых мэт. І, вядома, не спыняцца на дасягнутым.
На сустрэчы таксама абмяркоўвалася Рамачная праграма ўзаемадзеяння Беларусі і краінавай каманды ААН да 2030 года.
— Дадзеная праграма цесна спалучаная з нашымі ўнутранымі дакументамі — з Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця Беларусі на перыяд да 2040 года і асноўнымі напрамкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года, прынятымі на Усебеларускім народным сходзе, — адзначыў нацыянальны каардынатар. — На сустрэчы быў падкрэслены сацыяльна арыентаваны характар задач, якія ўрад вырашае ў рамках гэтай праграмы і ў цэлым у рамках дасягнення МУР. Мы дамовіліся аб працягу сумеснай працы.
Акрамя таго, была ўдзелена ўвага пытанням рэгіянальнага развіцця Беларусі. Па словах Сяргея Алейніка, гэта важны напрамак у сумеснай працы:
— За мінулыя паўтара года ўдалося правесці мерапрыемствы ў кожнай вобласці, звязаныя з рэалізацыяй МУР. Гэтая праца таксама будзе працягнутая.
Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Расул Багіраў адзначыў поўнае паразуменне ў сумеснай працы і дадаў, што ключавы акцэнт да канца года будзе зроблены на праектах рэгіянальнага развіцця, пытаннях падтрымкі сям’і і сацыяльна адказнага бізнесу.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Савета Рэспублікі