Мінулы год вельмі знакавы для Лельчыц і ўсяго раёна ўвогуле.
Менавіта гэты населены пункт на Гомельшчыне стаў цэнтрам абласных «Дажынак-2025». Як гэта мерапрыемства паўплывала на раён, чым цяпер жывуць Лельчыцы і якія планы на будучыню? Пра гэта і шмат што іншае мы пагаварылі са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Сяргеем ДЫЛЮКОМ.
— Сяргей Віктаравіч, раскажыце, што новага, цікавага і карыснага летась было рэалізавана ў раёне?
— Гэта быў год значных праектаў, якія вельмі палепшылі інфраструктуру нашага раёна. Сярод іх рэканструкцыя цэнтральнай кацельні і ЗАГСа, будаўніцтва новага шматкватэрнага жылога дома, шматлікае добраўпарадкаванне і з’яўленне новых пляцовак для вольнага часу насельніцтва.
Мы таксама прывялі ў парадак пакрыццё ў раёне, адрамантавалі два масты, дзевяць прыдамавых тэрыторый, павялічылі колькасць парковачных месцаў.
Вялікую ўвагу ўдзялілі і перафарматаванню руху па цэнтральнай плошчы: цяпер яна мае новы від з кальцавым рухам, што разгрузіла трафік у гадзіны пік. Таксама іншае аблічча набылі вуліца Леніна, пашыраная да чатырох палос, і вуліца Савецкая ў Лельчыцах з боку Жыткавіч з прыладай штучнага асвятлення. Да таго ж адрамантавана аб’язная дарога з уладкаваннем веладарожкі.
Безумоўна, знакавай падзеяй для жыцця раёна стала правядзенне абласных «Дажынак-2025». Цяпер галоўная задача — захаваць дасягнутыя вынікі і працягваць развіваць наш раён, ствараючы камфортныя ўмовы для жыцця і працы.
— Падзяліцеся, калі ласка, у якім кірунку плануеце рухацца ў 2026 годзе?
— Мы абавязкова працягнем работу па добраўпарадкаванні. Плануем стварэнне новых архітэктурных форм, якія нададуць нашаму раёну ўнікальнае аблічча. Акрамя таго, маем намер прадоўжыць мадэрнізацыю сістэм асвятлення і бяспекі на вуліцах, каб зрабіць наш раён больш камфортным і бяспечным для ўсіх. Будзем працягваць будаўніцтва і капітальны рамонт жылых дамоў, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, а таксама рамонт вулічна-дарожнай сеткі і моста цераз раку Убарць.
— Эканоміка — аснова дабрабыту любога населенага пункта. З якімі выклікамі сутыкнуліся ў 2025 годзе, на якія вынікі выйшлі?
— Мінулы год быў складаным, цікавым і, самае галоўнае, абсалютна эфектыўным для эканомікі Лельчыцкага раёна. З упэўненасцю магу сказаць, што пастаўленыя мэты дасягнуты.
Калі перайсці да канкрэтных лічбаў і прыкладаў, то прамысловымі прадпрыемствамі Лельчыцкага раёна выпушчана прамысловай прадукцыі на суму 27,5 млн рублёў, што складае 110,5 % ад узроўню 2024 года.
У 2025 годзе станоўчы ўклад у прамысловы комплекс унёс друзавы завод «Глушкевічы» КПССУП «Гомельаблдарбуд», дзе тэмп росту аб’ёму прамысловай вытворчасці склаў 112,4 %, у тым ліку за кошт рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Рэканструкцыя тэхналагічнай лініі драблення № 2».
Дасягнуты нядрэнныя вынікі і ў знешнегандлёвай дзейнасці. У бягучым годзе ў знешнім гандлі ўдзельнічаюць 11 суб’ектаў гаспадарання. Экспартная прадукцыя пастаўлялася ў 10 краін свету. У структуры экспартных паставак традыцыйна найбольшую ўдзельную вагу займае прадукцыя дрэваапрацоўкі.
— На тэрыторыі раёна даволі актыўна рэалізоўваюцца інвестыцыйныя праекты. Наколькі гэта эфектыўна адбіваецца на эканоміцы?
— Інвестыцыі — развіццё, а развіццё — гэта будучыня. Аб’ём інвестыцый у асноўны капітал за кошт усіх крыніц фінансавання ў цэлым па раёне ў мінулым годзе склаў больш за 90 млн рублёў, усяго было рэалізавана 17 інвестыцыйных праектаў. Таксама была завершана рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па прынцыпе «Адзін раён — адзін праект». У выніку арганізавана вытворчасць дрэваапрацоўкі, створана 20 новых працоўных месцаў.
Калі гаварыць аб далейшых планах, то на 2026 год на тэрыторыі раёна запланавана рэалізацыя 23 інвестыцыйных праектаў, у тым ліку ў рамках Праграмы развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025–2030 гады.
— Давайце пагаворым аб тым, як ідуць справы ў аграпрамысловым комплексе.
— Нягледзячы на спецыфічныя ўмовы надвор’я, такія як веснавыя замаразкі, нашы аграрыі ў 2025 годзе спрацавалі годна. У цэлым дасягнуты станоўчыя вынікі.
Летась мы намалацілі 19,4 тыс. тон збожжавых і зернебабовых культур, што на 45 % вышэй за паказчыкі мінулага года. Ураджайнасць узрасла больш як у 1,8 раза. Лідарам па аб’ёме валавога збору збожжа стала
ААТ «Новая Ніва», якое намалаціла каля 6 тыс. тон. Асобна хачу адзначыць высокую ўраджайнасць у ААТ «Прыбаловічы» — 35,3 ц/га, ААТ «Сінпольскае» — 32,4 ц/га і ААТ «Новая Ніва» — 31,4 ц/га. На 2026 год сяўба азімых збожжавых культур на зерне была ажыццёўлена на плошчы каля 8 тыс. га. Чакаем ізноў добрых вынікаў.
Калі казаць аб жывёлагадоўлі, то малочны кірунак з’яўляецца адным з ключавых. Па выніках работы за мінулы год сярэдні надой малака ад каровы павялічыўся на 7 %. Усяго валавой прадукцыі жывёлагадоўлі выраблена на суму 32,2 млн рублёў у супастаўных коштах.
— Сяргей Віктаравіч, а чым радуе сацыяльная сфера Лельчыцкага раёна?
— У цэнтры ўвагі — здароўе людзей. Раённая бальніца стала больш сучаснай: цяпер да ўрача можна трапіць праз электронную чаргу, а жыхарам далёкіх вёсак дапамагае перасовачны ФАП. Новае абсталяванне — УГД, дэфібрылятары, відэаэндаскоп — дазваляе ставіць дакладныя дыягназы на месцы. А тэлемедыцына злучае мясцовых жыхароў з вядучымі медыкамі краіны.
— Маладое пакаленне расце ў духу патрыятызму і ведаў. У 2025 годзе Буйнавіцкай сярэдняй школе было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Паўлавіча Сыдзькі, ураджэнца раёна.
— Да таго ж у адукацыі мы глядзім наперад. У нас працуюць інжынерныя, педагагічныя і аграрныя класы, а выхаванцы дзіцячага садка вучацца праграмаванню: трэці год сумесна з Паркам высокіх тэхналогій мы паспяхова рэалізоўваем праект «Інфарматыка без разеткі». Вынік усіх гэтых намаганняў — залатыя медалісты і перамогі на рэспубліканскіх алімпіядах.
— Як развіваецца культурны кірунак?
— Стараемся трымаць добры ўзровень і ў гэтай сферы. У нашым раёне ёсць заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, 9 народных калектываў і 2 узорныя. Мы ганарымся нашымі народнымі ансамблямі «Вербніца» і «Лель», якія прынялі ўдзел у XVІ Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных мастацкіх рамёстваў у Мінску, а таксама на рэспубліканскім свяце «Купалле» ў аграгарадку Александрыя, дзе былі адзначаны за высокае майстэрства.
— Чым цікавае спартыўнае жыццё раёна?
— Спартыўны дух лельчыцкай зямлі мацнее з году ў год. Раён сем гадоў запар найлепшы ў абласной спартакіядзе, а юныя хакеісты і футбалісты перамагаюць на рэспубліканскім узроўні. Стадыён «Палессе» і трэнажорная зала заўсёды поўныя і дзяцей, і дарослых.
Плануем далейшае паляпшэнне ўмоў для заняткаў спортам. Будзем таксама імкнуцца павялічыць колькасць спартыўных мерапрыемстваў для ўсіх узроставых груп.
Адзін са знакавых праектаў — пачатак будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу з плавальным басейнам. Цяпер вядзецца падрыхтоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Гэты праект стане важным укладам у развіццё спорту і здароўя нашага насельніцтва.
Лізавета ГОЛАД