Top.Mail.Ru

Сяргей Кавальчук: «Спартыўная галіна гатова паказваць дастойныя вынікі»

Вынікі працы за 2024 год і новыя сёлетнія задачы акрэслілі на калегіі Міністэрства спорту і турызму. Удзел у пасяджэнні калегіі прыняў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.


«У краіне, дзякуючы мудрай, граматнай, паслядоўнай палітыцы кіраўніка дзяржавы, створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам. Мы сёння ганарымся тымі дасягненнямі, якія ёсць у сферы фізічнай культуры і спорту. Галіна гатова паказваць дастойныя вынікі па ўсіх відах спорту і на міжнароднай арэне», — адзначыў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. Галоўнымі стартамі ў мінулым годзе былі Алімпійскія гульні ў Парыжы, дзе беларускія спартсмены, нягледзячы на ўсе абмежаванні, выступілі дастойна. Унікальнае дасягненне на Паралімпійскіх гульнях паказаў Ігар Бокій. А цяпер — уся ўвага да зімовых Алімпійскіх гульняў 2026 года. «Мы бачым тую сітуацыю, якая складваецца ў адносінах да нашага спорту. Міжнародны алімпійскі камітэт прызнаў нядаўнюю Генеральную асамблею нашага НАК. Мы бачым, што дынаміка станоўчая, спартсмены дапускаюцца да спаборніцтваў, няхай пакуль у нейтральным статусе. Але ў некаторых відах спорту нашы спартсмены дастойна прадстаўляюць нашу краіну», — падкрэсліў Сяргей Кавальчук. Зараз допуск на міжнародныя старты ёсць у прадстаўнікоў 37 відаў спорту.

Міністр спорту і турызму адзначыў, што такога ўзаемадзеяння ў спартыўнай галіне на прасторы Саюзнай дзяржавы, як у гэтыя гады, раней не было ніколі ў гісторыі. Па яго словах, назіраецца цікавасць і іншых краін да ўдзелу ў беларуска-расійскіх спаборніцтвах. 
На наступным тыдні ў РЦАП па зімовых відах спорту «Раўбічы» пройдзе Кубак мацнейшых па біятлоне, затым аналагічныя спаборніцтвы пройдуць па канькабежным спорце. На люты таксама запланавана сумесная калегія Міністэрства спорту і турызму Беларусі і Міністэрства спорту Расіі, дзе будуць вызначаны планы на лета.

Сяргей Кавальчук падкрэсліў, што створаны належныя ўмовы для заняткаў спортам. У кожнай вобласці культывуецца ад 40 да 50 відаў спорту, у мінулым годзе павялічылася колькасць спартыўна-масавых мерапрыемстваў, працягваецца работа па развіцці адпаведнай інфраструктуры. Летась быў адкрыты басейн міжнароднага стандарту, рэканструяваныя стадыён «Трактар» і фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Дзяржынску. У мінулым годзе быў адкрыты інтэрнат БДУФК. Праводзяцца рамонтныя работы ў шэрагу іншых спартыўных аб'ектаў.

Па словах міністра спорту і турызму, галіна развіваецца плённа, планамерна, без узрушэнняў. «Трэба працягваць рухацца сваім уласным шляхам, наладжваць сістэму ад дзіцячага спорту да спорту вышэйшых дасягненняў, развіваць супрацоўніцтва з тымі краінамі, якія падтрымліваюць сяброўскія адносіны», — канстатаваў Сяргей Кавальчук.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю