Падчас другога дня фестывалю «Вытокі» ў Светлагорску кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта, міністэрства спорту і аблвыканкама наведала спартыўныя аб’екты раённага цэнтра. Як адзначыў міністр спорту Сяргей Кавальчук, вытокі спартыўных перамог Беларусі нярэдка нараджаюцца ў малых гарадах: «Вытокі нашага спорту зыходзяць з маленькіх гарадоў, раённых цэнтраў, з дзіцяча-юнацкага спорту, за якім мы можам назіраць, глядзець», — падкрэсліў ён. Па словах міністра, аднайменны фестываль па праве можна назваць асноўнай падзеяй года ў сферы фізічнай культуры і спорту.
Ён таксама дадаў, што гэтае мерапрыемства заўсёды з нецярпеннем чакаюць у гарадах, якія ўдастойваюцца гонару прымаць яго. На свята з’язджаюцца госці практычна з усіх куткоў краіны.
Асобна міністр спыніўся на дасягненнях светлагорскіх спартсменаў. Так, у Лядовым палацы, адкрытым у 2024 годзе, за кароткі тэрмін удалося дабіцца важкіх вынікаў: «Па выніках 2025 года каманда маленькіх дзетак заняла першае месца ў вобласці на спаборніцтвах па хакеі і годна прадставіла вобласць, заняўшы пятае месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Добры трэнер, добрыя ўмовы, дысцыпліна, арганізаванасць, праца — і ёсць адразу вынік».
Развіццё дзіцячага спорту ўвогуле на асаблівым кантролі ў Гомельскай вобласці, адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Напрыклад, у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву № 2 Светлагорскага раёна актыўна развіваюцца футбол, хакей, лёгкая атлетыка і шахматы: «У нас 18 трэнераў-выкладчыкаў і 682 спартсмены-навучэнцы. Некаторыя выхаванцы становяцца членамі нацыянальных каманд, нямала спартыўных дасягненняў», — расказаў дырэктар СДЮШАР № 2 Ігар Муха. Варта адзначыць і сучасную лыжаролерную трасу, адкрытую ў Светлагорску летась напярэдадні Дня Незалежнасці. Дыстанцыі на 750 і 500 метраў з якасным асфальтабетонным пакрыццём ствараюць выдатныя ўмовы для заняткаў спортам як для аматараў, так і прафесіяналаў усіх узростаў.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА