Да сустрэчы гасцей — гатовы
Ініцыятыва правесці X Міжнародны культурна-адукацыйны форум дзяржаў-удзельніц СНД у нашай краіне належыць Савету Рэспублікі па ўзгадненні з Прэзідэнтам Беларусі. Маштабнае мерапрыемства пройдзе з 7 па 16 чэрвеня. Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк стане адной з асноўных лакацый мерапрыемства.
У ходзе ацэнкі гатоўнасці тэхнапарка Сяргей Хаменка разам са спецыялістамі дэталёва агледзеў вучэбна-лабараторны корпус, умовы пражывання і харчавання, азнаёміўся з праграмай, якую тут рыхтуюць для дзяцей.
У размове з журналістамі намеснік Старшыні Савета Рэспублікі адзначыў, што 2025-ы — год 80-годдзя Вялікай Перамогі, і ў рамках святкавання юбілею адным з асноўных вектараў дзейнасці з’яўляецца захаванне гістарычнай памяці і давядзенне яе да маладога пакалення.
«Пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай ідзе актыўная падрыхтоўка да шэрагу акцый, якія праводзяцца сумесна з Саветам Федэрацыі Расіі, — праінфармаваў Сяргей Хаменка. — У прыватнасці, ідзе падрыхтоўка да мерапрыемства Міжнароднага культурна-адукацыйнага форуму дзяржаў — удзельніц СНД „Дзеці Садружнасці“, а таксама да акцыі „Цягнік Памяці“. У планавым парадку праводзяцца мерапрыемствы па вывучэнні інфраструктуры, якая рыхтуецца да сустрэчы прадстаўнікоў дзяржаў былога Савецкага Саюза. Дзеці, якія наведаюць Беларусь, павінны адчуць урачыстую атмасферу святкавання юбілею Вялікай Перамогі».
Ацэньваючы інфраструктуру Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, сенатар заўважыў, што нашай краіне ёсць чым ганарыцца. Па яго словах, маладое пакаленне мае выдатна ўладкаваную навучальную ўстанову, у якой сапраўды можна атрымаць веды, неабходныя для таго каб зрабіць свой унёсак у пяцігодку якасці і ў Год добраўпарадкавання.
«Выкладчыцкі склад, кіраўніцтва гэтай навучальнай установы, а таксама супрацоўнікі тэхнапарка ўжо гатовы да сустрэчы гасцей», — канстатаваў Сяргей Хаменка.
Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі