Быць сабой і станавіцца найлепшым
Людзі з развітой інтуіцыяй могуць прадказаць будучыню, менеджары з вялікім досведам і высокай кваліфікацыяй яе пралічваюць. Прафесіянальна, але пры гэтым смела і дзёрзка зазірнуць за гарызонт — адна з ключавых функцый інстытутаў развіцця. Адным з комплексных цэнтраў кампетэнцый па фарміраванні будучыні краіны з’яўляецца Банк развіцця Рэспублікі Беларусь. Прычым у беларускай інтэрпрэтацыі ёсць спецыфіка: банк адначасова і глядзіць далёка ў будучыню, і займаецца вырашэннем складаных праблем сучаснасці. Іншымі словамі, моцна прывязаны да рэалій, зыходзячы з якіх трэба рухацца наперад. Таму калі некаторыя праекты і ідэі і здаюцца футурыстычнымі, то адначасова яны з’яўляюцца і здзяйсняльнымі. Аб асаблівасцях работы Банка развіцця расказаў старшыня праўлення Сяргей Сталярчук.
— Сяргей Валер’евіч, геапалітычныя трэнды падказваюць: неабходна пераарыентавацца і актыўна прасоўвацца са сваімі прадуктамі, таварамі, паслугамі ў дружалюбныя краіны. Беларусь дэманструе высокую актыўнасць у ЕАЭС, у краінах «далёкай дугі». Але нашы ключавыя эканамічныя партнёры таксама энергічна імкнуцца заняць сваю нішу ў новай рэальнасці. Вельмі дзейныя расійскія «ВЭБ», «Сбербанк», іншыя структуры, якія прапануюць нашым кампаніям шырокі спектр паслуг. Наколькі ў гэтым разрэзе канкурэнтаздольная беларуская інфраструктура развіцця?
— Будзем аб’ектыўныя і рэалістычныя: каб заняць годнае месца ў новай карціне свету, трэба правесці каласальную работу. І ў гэтым выпадку не бывае лішку ні ў рэсурсах, ні ў кампетэнцыях, ні ў адпаведнай інфраструктуры. У рабоце з калегамі з Расіі мы арыентаваны дзейнічаць па прынцыпе каапетыцыі: узаемавыгаднае супрацоўніцтва па стратэгічных вектарах, але канкурэнцыя за кліентаў пры фарміраванні канкрэтных пакетаў паслуг. Што прадугледжвае як сінергію ў прынцыповых для абедзвюх краін пытаннях, так і спаборніцтва як рухавік прагрэсу. Такі падыход дыктуецца і структурамі нашых эканомік. У беларускай тэхніцы прысутнічае значная доля расійскіх камплектуючых. Аналагічна нашы прадпрыемствы з’яўляюцца па шэрагу пазіцый стратэгічнымі пастаўшчыкамі для расійскіх кампаній. Падтрымка беларускіх вытворцаў адклікаецца пазітыўным мультыплікацыйным эфектам у расійскай эканоміцы. Нашы партнёры цудоўна гэта разумеюць, таму і з «ВЭБ», і са «Сбербанкам» у Банка развіцця ёсць сумесныя праграмы, напрыклад па падтрымцы экспарту беларускай тэхнікі, адпаведна, і расійскіх камплектуючых, у ёй скарыстаных. Адначасова даччыная лізінгавая кампанія Банка развіцця фінансуе пастаўку расійскай тэхнікі ў Беларусь. У ёй таксама ёсць, дарэчы, нашы камплектуючыя. Жорсткая канкурэнцыя — шлях у нікуды. Яна будзе толькі перашкаджаць у той час, калі неабходна актывізаваць агульнае развіццё. Тады, упэўнены, атрымаецца годна справіцца з рознымі эканамічнымі выклікамі.

— Нашым прадпрыемствам і аграрыям патрэбна добрая і разнастайная тэхніка. Але беларускіх машынабудаўнікоў прысутнасць на айчынным рынку замежных аналагаў заўсёды непакоіла, а часам нават раздражняла. Аднак Банк развіцця заклапочаны і ростам апрацоўчай галіны. Як удаецца пераадолець гэту супярэчнасць?
— Банк развіцця — не буксірны катар, які цягне за сабой галіны, а яны проста плывуць. Наша задача — заахвочваць да дзеяння.
Ствараць умовы, дзяліцца кампетэнцыямі, фарміраваць даступныя фінансавыя інструменты. Банк развіцця, перш-наперш, задае напрамкі, фарміруе паспяховыя кейсы, паказвае перспектыўныя вектары руху. А рэальны сектар ужо павінен іх асвойваць. Перш за ўсё неабходна ствараць эфектыўныя вытворчасці, і пад гэтыя мэты і задачы ўжо падбіраць інструментарый і наладкі. Банальны пратэкцыянізм можа замарозіць праблему, але не вырашыць яе прынцыпова. Па нейкіх характарыстыках лепшая наша тэхніка, па нейкіх — імпартная. І калі яна прысутнічае на рынку, то прымушае нашых машынабудаўнікоў рухацца наперад. Вось такое падахвочванне становіцца крыніцай ініцыятыў.

Напрыклад, у нас не было свайго школьнага аўтобуса. А гэта ж вельмі актуальна: вазіць дзяцей на вучобу на камфортным транспарце, а не ўтрымліваць маленечкія навучальныя ўстановы ў кожнай вёсцы. Даступныя былі толькі імпартныя аналагі. Сумесна з МАЗ рэалізавалі ініцыятыву: Банк развіцця выдзеліў сродкі на адпаведную дапрацоўку базавай мадэлі, прафінансаваў закупку 330 адзінак школьных аўтобусаў. Гэта не закрыла патрэбнасцяў усёй краіны, аднак, рэалізаваўшы праект, мы паказалі на практыцы: ідэя школьнага аўтобуса працуе. І сёння такая арганізацыя дастаўкі дзяцей у школу стала распаўсюджанай практыкай.
Яшчэ адзін сумесны праект з машынабудаўнікамі — аўтамабілі «хуткай дапамогі». Банк развіцця фінансаваў закупку партыі такой тэхнікі айчыннай вытворчасці для патрэб арганізацый аховы здароўя. Прычым аказалася: капіраваць імпартныя мадэлі нерацыянальна, бо ў Беларусі свае падыходы, пратаколы аказання першай медыцынскай дапамогі. Айчынныя канструктары стварылі зусім аўтэнтычны мадэльны рад такой тэхнікі. Фінансаванне закупкі першых партый гарантавала прадпрыемствам стабільны збыт на першым этапе. Сёння ніша спецыяльнай медыцынскай тэхнікі цалкам закрыта айчыннымі распрацоўкамі.
Варта адзначыць і крэдытаванне малога і сярэдняга бізнесу. Першыя праграмы праз банкі-партнёры мы запусцілі ў 2014 годзе. У той час камерцыйныя фінансавыя арганізацыі скептычна ставіліся да фінансавання невялікіх кампаній, не бачылі ў іх надзейных кліентаў. Прадукты Банка развіцця запоўнілі гэту нішу, на практыцы прадэманстравалі: малы бізнес пры правільных падыходах і ацэнцы рызык з’яўляецца якасным пазычальнікам. І сёння многія камерцыйныя банкі сфарміравалі свае лінейкі.

Наша ключавая мэта — рэалізаваць праект, паказаць яго жыццяздольнасць, маштабаваць і выпусціць у свабоднае плаванне. Мы — першапраходцы, мы пракладваем маршруты, а іх эксплуатацыя — ужо задача камерцыйных структур. Таму ключавым паказчыкам эфектыўнасці ў Банка развіцця з’яўляецца не прыбытак, а мультыплікацыйны ўплыў нашай дзейнасці на нацыянальную эканоміку. Мы не займаемся мецэнацтвам. Нашы крэдыты і зваротныя, і павінны прыносіць пэўны прыбытак. Аднак ключавым з’яўляецца не рэнтабельнасць капіталу, а з прыбыткам рэалізаваць праект, які яшчэ ніхто не рабіў. Ідэя павінна быць наватарскай, у нечым рызыкоўнай, але камерцыйна выгаднай. Так не заўсёды атрымліваецца — бізнес ёсць бізнес, і ўсё ж у большасці выпадкаў нам удаецца сумясціць інавацыйнасць і эфектыўнасць.
— Часам нашы прадпрыемствы выпускаюць прадукцыю, якую раней ніхто не вырабляў. А потым высвятляецца: гэтага ніхто не рабіў, бо яна нікому не патрэбная...
— Памылкі могуць быць. Але не трэба блытаць добрасумленную няўдачу, вечную сяброўку бізнесу, і банальную халатнасць, калі грошы проста асвойваюць пад прыгожую справаздачнасць у моманце. А памылкі заўсёды былі і будуць. Больш за тое, яны каштоўныя, бо прыносяць адпаведны вопыт. Небяспечна не не рабіць памылкі, а проста нічога не рабіць. Пасіўнасць больш небяспечная, чым добрасумленная памылка.

— Наколькі знаёмы з прафесійнымі фінансістамі, у іх адсутнічаюць памылкі. Ёсць толькі рызыкі, якія ацэньваюцца, пралічваюцца. І калі яны рэалізуюцца, то гэта знаходзіцца ў межах дакладнай матэматычнай мадэлі. У тым ліку з гэтай прычыны банкі рэдка трапляюць у складаную фінансавую сітуацыю, бо ўмеюць рызыкаваць.
— На жаль, далёка не на ўсіх прадпрыемствах ёсць фінансісты адпаведнай кваліфікацыі. І гэта з’яўляецца пэўнай праблемай. У Банка развіцця ёсць вялікі досвед работы з праблемнымі актывамі, дзякуючы чаму мы назапасілі досвед па галінах, якія тыповыя памылкі там робяцца. Мы аналізуем іх першапрычыну, разумеем, якім чынам пераадолець наступствы. Гэтыя кампетэнцыі мы трансліруем у рынак, у тым ліку калі ацэньваем бізнес-планы нашых кліентаў і партнёраў. Фактычна Банк развіцця дае бясплатную фінансавую экспертызу. У нас ёсць даччыная кансалтынгавая кампанія. Яна за два гады зрабіла каля 200 бізнес-планаў для суб’ектаў гаспадарання з сукупным аб’ёмам інвестыцый каля 3 мільярдаў рублёў. Ацэньваліся і рызыкі рэалізацыі праектаў, карэкціраваліся першапачатковыя планы па розных параметрах, у тым ліку і наменклатуры прадукцыі, што выпускаецца, зыходзячы з перспектыўнага попыту. Фактычна кліенты выкарыстоўвалі нашы кампетэнцыі і інфраструктуру для правільнага кіравання рызыкамі. Аб’ектыўна: у Банка развіцця больш магчымасцяў па канцэнтрацыі і аналізе розных галіновых кейсаў, чым у асобнага прадпрыемства. І ўзаемадзеянне ў гэтай сферы вельмі важнае для ўстойлівага развіцця. Мы не ловім рыбу для нашых партнёраў, але паказваем месцы, дзе яна ёсць, раім, якую снасць выбраць для добрага ўлову.
У 2024 годзе быў створаны Праектны цэнтр Банка развіцця. Ён праводзіць фінансава-эканамічную ацэнку значных праектаў, пры рэалізацыі якіх выкарыстоўваецца дзяржаўная падтрымка. Гэта экспертыза інтэграваная ў дзяржаўныя праграмы: для атрымання дзяржаўнага фінансавання або гарантый органаў дзяржаўнага кіравання патрабуецца заключэнне Праектнага цэнтра. Адна з ключавых задач — выявіць рызыкі, паказаць іх заказчыку, выпрацаваць інструменты іх хеджыравання. Праз экспертызу ўжо прайшло больш як 60 праектаў з аб’ёмам інвестыцый 18 мільярдаў рублёў.

— Будзем аб’ектыўныя: не заўсёды ў нас хапае экспертызы. І нярэдка мы выкарыстоўвалі кампетэнцыі замежных спецыялістаў у тым ці іншым выглядзе. Але сёння спадзявацца на знешні контур калі і можна, то з вялікай доляй асцярожнасці. Беларусі адназначна неабходна набываць інтэлектуальную незалежнасць, калі ёсць магчымасць, аб ключавых падзеях і з’явах (эканамічных, фінансавых, тэхнічных, інавацыйных і гэтак далей), фарміраваць суверэнную думку, заснаваную на ведах беларускіх вучоных і спецыялістаў.
— Безумоўна, свой інтэлектуальны багаж неабходна назапашваць, развіваць і паглыбляць па ўсіх кірунках. Банк развіцця распрацаваў спецыяльны прадукт для фінансавання навукова-даследчых работ. Максімальны тэрмін крэдыту — 15 гадоў пад палову стаўкі рэфінансавання. Гэта вельмі даступныя грошы. Ужо рэалізаваны першы праект: Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі пабудаваў станцыю паверкі датчыкаў вымярэння радыяцыі. Раней такія прыборы праходзілі паверку ў Еўрасаюзе, потым — у Расіі. Пры фінансавым удзеле Банка развіцця праведзены комплекс навукова-даследчых работ. Створаны нацыянальны эталон, абсталяванне для ажыццяўлення паверкі. Сваім прадуктам мы стараемся стварыць попыт на нашы навуковыя распрацоўкі. Заўсёды ёсць спакуса не займацца глыбокімі інавацыямі, а адразу купіць гатовае рашэнне на імпартным рынку. Але тады фінансуецца чужая навука. Даступныя па цане грошы дазваляюць зрабіць прывабнымі ўласныя распрацоўкі.
Нам няма патрэбы капіраваць чужыя канцэпцыі і праекты. Мы такія, якія ёсць, але павінны станавіцца найлепшымі, пры гэтым не ламаючы свой менталітэт, гістарычны і культурны коды. У нас ёсць ключавыя складнікі для паспяховай эканомікі. Але гэтыя магчымасці неабходна выкарыстоўваць, правільна арганізаваць інвестыцыйныя, інавацыйныя, вытворчыя і іншыя працэсы. Узровень кіраўніцкага менеджменту вельмі важны. Нярэдка менавіта ён становіцца найважнейшым фактарам поспеху. Усе мы ўмеем смажыць бліны, але ў кагосьці яны атрымліваюцца смачныя, у кагосьці — прымальныя, а ў некаторых — з камякамі і падгарэлыя. Быццам бы і рэцэптура вядомая, і тэхналогія зразумелая, але ёсць мноства нюансаў. Так і ў бізнесе. Напрыклад, наш «Maк.by» аб’ектыўна больш якасны і натуральны, чым «Макдональдс». Усе інгрэдыенты айчынныя. Пры фінансаванні банка быў пабудаваны завод па вытворчасці булачак для фаст-фуду, якія да гэтага імпартаваліся ў замарожаным выглядзе. З вытворчага пункту гледжання праблем не ўзнікала, але для эфектыўнага бізнесу неабходна было адпаведнае ІT-рашэнне, якое б дазваляла прагназаваць попыт у моманце і рэагаваць вытворчай лагістыкай. Праграмнае забеспячэнне зрабілі, і з верагоднасцю, блізкай да ста працэнтаў, зразумела, колькі кліентаў прыйдзе праз дзве гадзіны. І ўжо можна гатаваць адпаведную колькасць страў. Арыгінальнасць «Макдональдса» не толькі ў саміх гамбургерах і смажанай бульбачцы, а і ва ўменні арганізаваць іх вытворчасць такім чынам, каб абслугоўваць кліентаў на працягу некалькіх хвілін. І нам гэта ўдалося.
У Банку развіцця мы разглядаем розныя бізнес-кейсы, ацэньваем іх эфектыўнасць, аналізуем, чаму праекты становяцца паспяховымі, чаму ўзнікаюць праблемы. Мы ствараем экаасяроддзе поспеху, дэманструем на прыкладах нашых кліентаў і партнёраў, што ў Беларусі можна рабіць паспяховы бізнес. Патэнцыял вялізны, але трэба яго рэалізоўваць. Удумліва, аднак не баючыся зрабіць памылкі, якія, як і поспех, з’яўляюцца нязменным спадарожнікам досведу.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ