Top.Mail.Ru

Сяргей Сталярчук: «Важна забяспечыць пераемнасць пакаленняў»

Цяпер шмат гавораць не толькі аб развіцці, але і аб устойлівай пазітыўнай дынаміцы. Аднак эканамічны прынцып грунтуецца на важным сацыяльным фактары — пераемнасці. Пераважная большасць багатых сёння краін прырасталі не фенаменальнымі, але стабільнымі тэмпамі на працягу дзесяцігоддзяў і стагоддзяў. А гэта магчыма, паляпшаючы створанае папярэднімі пакаленнямі, дадаючы інавацыі. Не разбураючы будынак, а мадэрнізуючы і надбудоўваючы новыя паверхі, перманентна ўскладняючы яго архітэктуру і канструкцыю.



На жаль, у Беларусі вельмі часта здараліся радыкальныя эканамічныя і сацыяльныя трансфармацыі. Быццам бы яны былі накіраваныя на экспанентны прарыў, але ў выніку прыводзілі да адкату назад. Для росквіту важна забяспечыць сацыяльную стабільнасць і канструктыўную пераемнасць пакаленняў. Пра гэта пагаварылі са старшынёй праўлення Банка развіцця Сяргеем Сталерчуком.

— Адзін з прынцыпаў каманды Банка развіцця — забеспячэнне пераемнасці пакаленняў. Па сутнасці, сёння прарыўныя праекты нараджаюцца ў выніку сінергіі мудрасці старэйшага пакалення, грунтоўнасці меркаванняў людзей сярэдняга ўзросту, інавацыйнай энергіі моладзі. Хлопцаў і дзяўчат неабходна падключаць да вырашэння канкрэтных і важных для дзяржавы праблем, каб яны маглі адчуць сваю значнасць, самарэалізавацца, што вельмі для іх важна.


Таму мы рэалізуем у Банку развіцця праект «Разумеры» — ад слоў «розум», «развіццё» і «зумер». Распрацавалі свае крытэрыі і разам з Міністэрствам адукацыі і ўніверсітэтамі адабралі таленавітых маладых людзей. Мы расказваем ім прынцыпы работы банка, прыцягваем да рэалізацыі праектаў, запрашаем для камунікацыі з імі кіраўнікоў нашых паспяховых кампаній. Да таго ж яны працуюць у структурных падраздзяленнях банка, выконваюць бягучыя задачы і атрымліваюць заробак. Словам, акунаем моладзь у рэаліі нашага прафесійнага жыцця. Але пры гэтым даём ім заданні, у якіх яны могуць самастойна сябе праявіць.

Напрыклад, яны шукалі скрытых чэмпіёнаў у Беларусі. Так завуць кампаніі, якія надзейна займаюць пэўныя рыначныя нішы, валодаюць значным патэнцыялам, але пры гэтым такія фірмы не вядомыя ў шырокіх дзелавых колах. Тэрмін увёў ва ўжытак нямецкі эканаміст Герман Сімон. У прыватнасці, ён пісаў аб карпарацыі BAADER — вытворцы абсталявання для перапрацоўкі рыбы. Яна не выходзіла на ІPO, не праводзіла вялікіх рэкламных кампаній, многія фінансісты і прадпрымальнікі пра яе ніколі і не чулі. Між тым BAADER у сваім сегменце займае каля 80 % сусветнага рынку. Такія кампаніі могуць быць адным з драйвераў эканомікі. Яны ёсць і ў нас. «Разумеры» ўзяліся за пошукі і ўжо знайшлі ў Беларусі больш за 40 такіх прадпрыемстваў. Яны не на слыху, між тым выпускаюць даволі канкурэнтаздольную прадукцыю, працуюць па кантрактах з сусветнымі карпарацыямі, валодаюць унікальнымі кампетэнцыямі і вялізным інавацыйным патэнцыялам. Для хлопцаў і дзяўчат такая, так бы мовіць, даследчая праца — сур’ёзнае знаёмства з беларускай эканомікай ва ўсёй яе разнастайнасці. У сваю чаргу Банк развіцця атрымлівае новых кліентаў, а кампаніі — дадатковыя магчымасці для свайго развіцця.

Моладзь працавала і па экспартных кантрактах. Даследавалі замежныя рынкі, узровень спажывання на іх рознай прадукцыі, якую вырабляюць ці могуць выпускаць айчынныя прадпрыемствы, распрацоўвалі маркетынгавыя стратэгіі і варыянты прасоўвання нашых магчымасцяў за мяжой, прэзентацыі краіны і яе прамысловага патэнцыялу.

У студэнтаў ёсць перад намі адна перавага: новы погляд на рэчы і працэсы, не абцяжараны папярэднім досведам. У іх няма боязі перад праблемай, яны яшчэ не «абраслі» дагматычным мысленнем, калі дакладна абазначана, што зрабіць магчыма, а што не рэалізуецца ў прынцыпе. Іх новы погляд з’яўляецца крыніцай інавацый, крэатыўных падыходаў.

Напрыклад, у нас у банку былі лічбавыя рашэнні, якія не былі рэалізаваны ў аддаленым рэжыме. Профільныя спецыялісты пераконвалі: гэта зрабіць нельга. Аднак студэнты паглядзелі на гэтыя працэсы, выказалі ідэю, паспрабавалі яе рэалізаваць і атрымалася. Аказалася, што немагчымае магчыма. 

У Банку развіцця нават план мерапрыемстваў прадугледжаны, каб ацэньваць прапановы нашых маладых калег. Нездарма фокуснікі стараюцца не саджаць на першыя рады малых: яны з дзіцячай непасрэднасцю разгадваюць самыя хітрыя і мудрагелістыя трукі.

Трэба разумець: змена пакаленняў непазбежная. І не за гарамі час, калі сённяшнія студэнты не проста прыйдуць у банкі, на прадпрыемствы, у міністэрствы, але будуць імі кіраваць. Таму чым раней адбудзецца знаёмства адно з адным — тым лепш. Мы прыглядаемся да моладзі, імкнёмся зразумець іх вобраз мыслення, матывацыі, светапогляд. Яны прыглядаюцца да нас. І тут мэта не адпудзіць, а паказаць магчымасці для самарэалізацыі ў краіне зыходзячы з іх менталітэту.

Пагаджуся, новае пакаленне крыху іншае. Але ад гэтага яно не становіцца горшым. У іх меншая стрэсаўстойлівасць. Яны прамалінейныя і гавораць, што яны дакладна змогуць зрабіць, а што — не. З аднаго боку, гэта добра — можна выкарыстоўваць надзейна па пэўных кірунках. З другога, трэба стымуляваць не баяцца спрабаваць, рабіць памылкі. Часам яны адчуваюць сябе няўпэўнена перад тварам новай задачы, бянтэжацца. Аднак робяць адну спробу, другую — і атрымліваецца зрабіць выдатны праект. «Разумеры» першага набору ўжо на фінішнай прамой да атрымання дыпломаў ва ўніверсітэтах, і некаторыя з іх зарэкамендавалі сябе так, што ім прапанавалі працаўладкавацца не толькі ў Банку развіцця, але і ў іншых арганізацыях. Для нас важна, каб яны засталіся ў Беларусі, былі накіраваны на інавацыйны рух, не страцілі энтузіязм.

Ініцыятыва «Разумеры», фактычна, ператварылася ў Школу Банка развіцця. І чым далей мы яе развіваем, тым шырэйшыя перспектывы адкрываюцца. Мяркую, што ў будучыні яна цалкам можа перарасці ва ўніверсітэт развіцця.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю