Эканамічны патэнцыял, сацыяльная інфраструктура, магчымасці для прафесійнага і асобаснага развіцця моладзі. З гэтымі кірункамі жыцця Мазырскага раёна азнаёміліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, выбраныя ад Гомельскай вобласці, на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергяенкам.
У Мазырскім райвыканкаме прайшла сустрэча з кіраўніцтвам і актывам Мазырскага і іншых раёнаў рэгіёна. У ёй узялі ўдзел старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Валяваты, член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, дэпутацкі актыў 13 раёнаў, якія прадстаўляюць гомельскае Палессе.
На пачатку сустрэчы Ігар Сергяенка акрэсліў дасягнутыя вынікі заканатворчай дзейнасці народных выбраннікаў. Спікер падкрэсліў, што ў краіне сфарміравана магутная заканадаўчая база, і цяпер у заканатворчай дзейнасці ў большай ступені ідзе работа над новымі пытаннямі, якія ўзнікаюць з улікам часу. Вядзецца грунтоўная работа па законапраектах, якія маюць планавы характар. Сярод іх — законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2027 год», прыняты ў другім чытанні, праект закона «Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь», падтрыманы дэпутатамі ў другім чытанні.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў у ліку найважнейшых задач дэпутацкага корпуса асобна спыніўся на рабоце дэпутатаў непасрэдна ў сваіх выбарчых акругах.
— Важна зрабіць акцэнт на тым, каб на месцах кіраўнікі раёнаў, прадпрыемстваў выкарыстоўвалі патэнцыял дэпутацкага корпуса ў ідэалагічнай рабоце, — падкрэсліў спікер. — Усе дэпутаты за два з паловай гады работы набылі пэўны досвед заканадаўчай дзейнасці, досвед выступлення ў розных калектывах.
Спікер засяродзіў увагу і на такой важнай форме работы дэпутатаў, як прыёмы грамадзян у выбарчых акругах. За дзевяць месяцаў бягучага года да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія прадстаўляюць рэгіёны Гомельшчыны, паступіла 805 зваротаў. Як падкрэсліў Ігар Сергяенка, зразумела, што вырашэнне праблем, якія хвалююць людзей, немагчымае без шчыльнага ўзаемадзеяння дэпутатаў з мясцовай вертыкаллю ўлады.
Спікер заклікаў да жывога дыялогу з дэпутацкім актывам.
Як адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, для вобласці вельмі важна, каб дэпутацкі корпус і выканаўчая ўлада працавалі як адзіны, зладжаны механізм.
— У нас сфарміравалася моцная, неабыякавая каманда, і ёсць нямала прыкладаў, калі сумесная работа дэпутатаў з мясцовымі органамі ўлады, прадпрыемствамі і службамі дапамагае вырашыць надзённыя пытанні, якія непасрэдна закранаюць жыццё людзей, — звярнуў увагу кіраўнік рэгіёна.
Аб сваёй рабоце і аб заканадаўчай дзейнасці, аб ініцыятывах, якія рэалізуюцца ў канкрэтных раёнах разам з органамі выканаўчай улады, расказалі дэпутаты Аксана Кавалькова, Мікалай Маратаеў, Ала Навуменка, Святлана Сянько і Жанна Чарняўская.
Як падзялілася намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Святлана Сянько, час, які штомесяц выдзяляецца на работу ў выбарчай акрузе, традыцыйна праходзіць у рытме афіцыйных мерапрыемстваў і жывых сустрэч рознага фармату. Падчас работы ў акрузе дэпутат імкнецца ахапіць усе важныя пытанні. Папулярныя сярод выбаршчыкаў фарматы — дзень дэпутата, адкрытыя дыялогі, дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы ў працоўных калектывах.
Член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Мікалай Маратаеў падзяліўся, што прыезд у выбарчую акругу — гэта заўсёды магчымасць дапамагчы ў вырашэнні хвалюючых пытанняў жыхарам роднага рэгіёна, паўдзельнічаць у яго жыцці і далейшым развіцці.
На сустрэчы Ігар Сергяенка ўручыў ганаровыя граматы і падзякі прадстаўнікам Мазырскага раёна.
Працягам рабочай паездкі парламенцкай групы стала наведванне ўнікальнай вытворчасці — ААТ «Мазырсоль», адзінага ў краіне і аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў на постсавецкай прасторы, дзе выпускаецца вакуум-выварная соль гатунку «экстра» для харчовай прамысловасці, вытворчасці дзіцячага харчавання, медыцыны. Дэпутаты азнаёміліся з работай прадпрыемства, яго вытворчымі магутнасцямі і матэрыяльна-тэхнічнай базай. Прадукцыя мазырскіх вытворцаў пастаўляецца як на ўнутраны рынак, так і за мяжу: каля 80 працэнтаў аб’ёму прыпадае на экспарт. Таму арганізацыя адгрузкі гатовай прадукцыі мае вялікае значэнне для работы прадпрыемства і выканання экспартных кантрактаў.
Падчас рабочай паездкі дэпутаты наведалі самую маладую ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі раёна — сярэднюю школу № 16 г. Мазыра. Так, парламенцкая група ў тым ліку працягвае закладзеную традыцыю — сустрэчы менавіта з тымі калектывамі, у якіх раней працавалі дэпутаты. Член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Аксана Кавалькова, якая ў свой час узначальвала гэту ўстанову, нагадала аб паспяховай практыцы прафесійнай арыентацыі вучняў, сямейных ініцыятыў. У адкрытым сёлета ў школе Музеі алімпійскай славы прадстаўлены асабістыя рэчы з аўтографамі вядомых беларускіх спартсменаў, якія перадала дэпутат.
Акрамя таго Ігар Сергяенка і парламенцкая група прадстаўнікоў Гомельскай вобласці пазнаёміліся са спартыўным флагманам Мазыршчыны — фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам «Палессе-Арэна» — пляцоўкай для спаборніцтваў самага высокага ўзроўню. Тут трэніруюцца выхаванцы СДЮШАР «Палессе» і футбольнага клуба, а ў зімовы перыяд каманды выкарыстоўваюць арэну для падрыхтоўкі. Вялікая ўвага ўдзяляецца і дзецям, якія не займаюцца прафесійна, — праект «Спорт для ўсіх» аб’ядноўвае юных аматараў, якія займаюцца пад кіраўніцтвам інструктараў.
Завяршылася рабочая паездка дэпутатаў наведваннем ААТ «Мазырскі машынабудаўнічы завод», дзе яны азнаёміліся з дзейнасцю прадпрыемства і яго матэрыяльна-тэхнічнай базай.
Наталля КАПРЫЛЕНКА