Top.Mail.Ru

Сярод пераможцаў конкурсу ў Віцебску — беларуская ўдзельніца Валерыя Бернатовіч

Гэта адбываецца штогод, калі «Славянскі базар у Віцебску» падводзіць вынікі асноўнага конкурсу — маладых выканаўцаў эстраднай песні. Тое, з чаго некалі ўсё пачыналася ў горадзе на Дзвіне, цяпер з’яўляецца цвіком праграмы. Нездарма і другі конкурсны дзень, і ўручэнне ўзнагарод робяць пад заслону міжнароднага фестывалю мастацтваў, які за больш чым 30 гадоў існавання стаў адным з культурных брэндаў Беларусі.



Фестывальны тыдзень быў напоўнены падзеямі і эмоцыямі, адзначыла Наталля Пяткевіч, намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі, старшыня аргкамітэта, падчас цырымоніі закрыцця:

— Фестываль — гэта ўсе мы. «Славянскі базар» — тое, што нас аб’ядноўвае: краіны, пакаленні. Мы напяваем адны і тыя ж песні, перажываем аднолькавыя эмоцыі, незалежна ад таго, да якой нацыі належым і колькі нам гадоў. Разам мы, жыхары Беларусі і госці, робім фестываль добрым, душэўным, цёплым, гасцінным, радасным, шчаслівым, мірным...

І кожны год наведвальнікі Летняга амфітэатра ў Віцебску становяцца сведкамі выключнай падзеі, калі загараюцца новыя зоркі. Сапраўды, сярод вядомых артыстаў многа тых, хто прайшоў праз конкурс «Славянскага базару» за 34 гады яго існавання. «Наша любімая Беларусь — вельмі добрая стартавая пляцоўка», — падсумавала віцэ-прэм’ер і ўручыла спецпрыз «Славянская надзея». 

Згодна з рашэннем Прэзідэнта Беларусі сёлета яго атрымаў удзельнік конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» спявак з Кыргызстана Рыскельдзі Старбекаў. Вельмі каларытны выканаўца запомніўся ў першы дзень пранікнёным выкананнем хіта на французскай мове «Je suіs malade», і рускай «Реченьки» ў другі конкурсны дзень. Затое ў «народным беларускім караоке», як заўважыў вядучы Аляксей Вараб’ёў, ён звярнуўся да спадчыны «Песняроў». Што ж, спявак разумее, чым крануць, бо ён дасведчаны артыст: быў пераможцам XVІІ Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў. Міжнароднае журы «Славянскага базару ў Віцебску» таксама адзначыла гэтага маладога чалавека — трэцяй прэміяй, якую ён падзяліў з Эрыкам Ахметавым, з Расіі.

Што да журы, то ў ім сёлета былі асобы, якія таксама ў свой час прайшлі загартоўку конкурсам у Віцебску. Напрыклад, уладальнікамі Гран-пры былі Пётр Елфімаў (Беларусь) і Таісія Павалій, якая цяпер прадстаўляе Расію, яна ж узначальвала журы. А праца выдалася напружаная: нездарма і другую прэмію конкурсу вырашылі падзяліць паміж Давідам Кіракасянам з Арменіі і Даменіка Барберам з Італіі — абодва хлопцы вельмі музыкальныя. Але на самы верх творчага спаборніцтва прапусцілі дзяўчат. Беларускую публіку асабліва парадавалі высокія адзнакі Валерыі Бернатовіч, якая прадстаўляла нашу краіну. Гэта заўсёды складана: бо ты не толькі сам за сябе, ад цябе чакаюць добрага выніку. Але важна яшчэ і тое, як цябе запомняць гледачы. Таму ў першы дзень, калі выконваўся сусветны хіт, дзяўчына нагадала, што ўмее танцаваць хіп-хоп. А ў другім конкурсным выступленні, выканаўшы песню «Аднойчы» (Я. Алейніка на словы Г. Сялук), павяла сябе як сапраўдная гаспадыня сярод іншых канкурсантаў: з беларускіх песень выбрала шлягер «Прыязджайце да нас у Беларусь».

А перамогу сёлета святкавалі прадстаўнікі Казахстана: Гран-пры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2025» заваявала Алмагуль Баталіева. Яна найлепшая сярод 14 удзельнікаў, кожны з якіх мог набыць сваіх прыхільнікаў. Нездарма ж былі іншыя, дадатковыя прызы і адзнакі. У прыватнасці, спецыяльнай прэміяй імя Уладзіміра Мулявіна за найлепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы і высокае выканальніцкае майстэрства адзначаны Міхаіл Назарой з Малдовы.

Але, нягледзячы на адзнакі, кожны выканаўца — асоба, якая мела гонар выступіць на знакавай сцэне і ў суправаджэнні Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Віталя Кульбакова. Выступленне з аркестрам — асабліва адказны этап, бо канкурсант павінен жыць разам з музыкай, адчуваць яе душой. А між іншым, гэта тое, што робіць выканаўцу артыстам, што асабліва шануюць у славянскай культуры і што заўсёды было каштоўным у беларускай песні. І добра, што падчас канцэрту нагадалі пра іх — адметных і вядомых.

Цікава, што своеасаблівы тэст на веданне славянскіх шлягераў прайшло нават журы — гэта стала разынкай канцэрта закрыцця, як і некаторыя іншыя асабліва кранальныя моманты. Напрыклад, выхаванец Сеннескага дзіцячага дома Іван Мальцаў, якога запомнілі па ўдзелу ў тэлевізійным конкурсе «Ты супер!» і па выступленні на фінальным канцэрце «Марафону адзінства», праспяваў разам з Лі Ён Сонам з Паўночнай Карэі. Гэта ўжо адна са старонак «Славянскага базару ў Віцебску», напэўна, яшчэ не дачытаная, бо юны спявак толькі пачынае шлях да сэрцаў гледачоў. Але ён ужо адна з зорак у віцебскім сузор’і. І хто ведае, можа, прыглядаецца да міжнароднага конкурсу, гартуе яго будучыню і развіццё? Бо фестываль — не канстантная з’ява. Гэта вялікая справа, напружаная праца і бесперапынны працэс, калі нешта ўдасканальваецца і пашырае асноўную канцэртную праграму: тэатральныя паказы, выстаўкі, сустрэчы. І добра было б патрапіць на ўсё... Але кожны можа выбраць тое, што яму бліжэй і грэе душу.

Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю