У пятніцу, 13 чэрвеня, роўна ў восем гадзін вечара ва ўсіх кутках краіны прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, яго выконвалі галоўныя героі свята — выпускнікі 2025 года разам з настаўнікамі, роднымі і сябрамі. Эмоцыі маладых людзей немагчыма апісаць словамі. Гэта трэба было бачыць — колькі святла, радасці і гонару на тварах учарашніх школьнікаў! Яны спявалі ад душы. Спявала душа і ў педагогаў — значыць, у выхаванні дзяцей яны не прапусцілі самага галоўнага: навучыць іх быць сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі сваёй краіны.
...Прыгожыя, прыбраныя і, вядома, усхваляваныя — ад усяго таго, што адбываецца, ад таго, што ў гэты дзень іх, выпускнікоў, амаль ужо самастойных, неяк па-асабліваму апекваюць настаўнікі і бацькі. Употай, а часам і не хаваючыся, дарослыя змахваюць слёзы з вачэй. Больш стрыманыя хлопцы падтрымліваюць сваіх аднакласніц, таму што тыя таксама не-не ды і расплачуцца. Так было, ёсць і будзе заўсёды. Педагогі суправаджаюць дзяцей з дзяцінства і ўсё яшчэ памятаюць іх трохі спалоханымі шасцігодкамі. Яны помняць няўдачы і поспехі сваіх вучняў, таму што былі побач, і ўсё пераадольвалі разам з імі.
У мінулым у выпускнікоў цэнтралізаваныя экзамены, у руках — «пропускі» ў будучыню — атэстаты і сертыфікаты. У многіх залатыя і сярэбраныя медалі. Выпускнікі 2025 года паказалі вельмі добрыя вынікі на ЦЭ. Максімальную колькасць балаў — 100 па дзяржаўных мовах атрымалі 979 чалавек.
Іх чакае добрая будучыня, але наперадзе — галоўны экзамен. Мы неяк разгаварыліся з педагогам адной са сталічных школ, якая чакала сваіх вучняў каля пункта здачы цэнтралізаванага экзамена: «Вядома, я хвалююся, — падзялілася настаўніца, — аднак веру, што ўсё ў іх атрымаецца. Больш за ўсё хачу, каб яны выраслі добрымі людзьмі. Яны яшчэ не разумеюць, наколькі хуткаплынны час, і як трэба выкарыстоўваць яго, каб адбыцца не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці як грамадзянін сваёй Айчыны. Але ведаю: у іх усё атрымаецца».
А што адчуваюць і думаюць самі выпускнікі? Мы распыталі іх у розных кутках Беларусі:
Яўген Бялюк, выпускнік гімназіі № 10 імя Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) горада Гродна:

«Выпускны... Настрой выдатны! Асабліва ўлічваючы, што здаў два экзамены на высокія балы: матэматыку на 96 і рускую мову на „сто“. Я, вядома, задаволены, такія балы даюць мне больш упэўненасці пры паступленні. Мае планы на будучыню — паступіць у БДУІР у Мінску і выбраць спецыяльнасць, звязаную са штучным інтэлектам. Лічу, што гэта перспектыўны кірунак. Планую жыць і працаваць у сваёй роднай краіне, такія спецыялісты тут будуць вельмі запатрабаваныя. Заканчэнне гімназіі выклікае змешаныя пачуцці. З аднаго боку, я рады пачатку новага, дарослага і больш самастойнага этапу ў жыцці. З іншага — гэта нязвыкла і хвалююча. Усё ж правёў тут 11 гадоў. У нас быў дружны клас і ўся паралель таксама. Вядома, буду сумаваць па сваіх аднакласніках і сябрах, але наперадзе столькі цікавага».
Маргарыта Карпач, выпускніца Алекшыцкай сярэдняй школы (Бераставіцкі раён), уладальніца залатога медаля:

«Сёння мы развітваемся са школай і ўступаем у дарослае жыццё. Я шчаслівая, што апошні школьны вечар мы ладзім разам з выпускнікамі раёна, нашымі бацькамі, настаўнікамі і шматлікімі гасцямі. Гэта робіць момант яшчэ больш значным і ўрачыстым. Упэўнена, што ўспаміны аб гэтым дні застануцца з намі назаўжды. Для мяне ён асаблівы яшчэ і таму, што мае намаганні і старанні былі адзначаны залатым медалём, да якога імкнулася на працягу адзінаццаці гадоў вучобы. Вельмі рада, што ўсё атрымалася, і ўпэўненая, што мэты, якія ставім перад сабой цяпер, таксама будуць паспяхова дасягнуты, бо для гэтага ў маёй любай Беларусі ёсць усе ўмовы».
Раман Манушын, выпускнік гімназіі № 51 горада Гомеля, уладальнік залатога медаля:

«Вельмі шмат добрых момантаў мне запомніцца са школьнага жыцця: сустрэчы з сябрамі, цікавыя конкурсы, інтэлектуальныя баталіі, спаборніцтвы, мерапрыемствы. Любімым прадметам была матэматыка — люблю знаходзіць нестандартныя рашэнні. Асобная любоў — астраномія. Менавіта па гэтым прадмеце ўдзельнічаў у алімпіядах. Заваяваў дыплом трэцяй ступені Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі. Шчыры дзякуй за падрыхтоўку настаўніку фізікі і астраноміі Сяргею Аляксандравічу Карнавухаву. Самыя цёплыя словы падзякі майму класнаму кіраўніку настаўніцы беларускай мовы Марыі Іванаўне Кірушкінай. Вырашыў паступаць ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, на факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Мару вучыцца па спецыяльнасці „Кібербяспека“. Хочацца быць карысным сваёй краіне».
Аліса Смышляева, выпускніца магілёўскай сярэдняй школы № 7, уладальніца залатога медаля, удзельніца «Зорнага выпускнога» на плошчы Адзінства ў Магілёве:

«Выпускны прайшоў шыкоўна і вельмі пышна. Нас, амаль дзве тысячы выпускнікоў, прывезлі на аўтобусах, мы ішлі па спецыяльна створаным калідоры. Вельмі трапяткая была хвіліна, калі нам уручалі ўзнагароды. Я атрымала Падзяку і залаты медаль з рук мэра горада Магілёва Сяргея Чарткова. На плошчы было шмат людзей, яны апладзіравалі, і гэта таксама натхняла... Крыху сумна развітвацца са школай, аднакласнікамі. Вельмі ўдзячна сваім настаўнікам, яны ўклалі ў нас шмат сіл. ЦТ па біялогіі здала на 94 балы. Гэта заслуга ў тым ліку і маёй настаўніцы Вольгі Лістраценка. Яна так добра выкладае прадмет, што не патрэбна дапамога рэпетытараў. Па рускай мове на ЦТ набрала 100 балаў. Гэта мой любімы прадмет, заўсёды ўдзельнічала па ім у алімпіядах. Вынікі тэста па хіміі пакуль не вядомы, але, спадзяюся, таксама будуць нядрэнныя. Збіраюся паступаць у Гомельскі медінстытут. Гэты горад вельмі спадабаўся, калі там пабывала ўпершыню. А яшчэ падабаецца Мінск. Наша Беларусь наогул прыгожая і ўтульная. Планую пабываць ва ўсіх знакавых месцах радзімы. І сваё жыццё не ўяўляю дзесьці ў іншым месцы. У планах — дасканала авалодаць медыцынскай спецыяльнасцю і прыносіць карысць сваёй краіне».
Алена ВІНАГРАДАВА, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Нэлі ЗІГУЛЯ
Абітурыент-2025
Сярод стабальнікаў — матэматыкі і «замежнікі»
А ўсяго іх — больш як 700
Сталі вядомыя вынікі правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па профільных вучэбных прадметах
У цэнтралізаваным тэсціраванні па 10 профільных вучэбных прадметах — матэматыцы, біялогіі, замежных мовах, геаграфіі, сусветнай гісторыі (найноўшы час) і гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі — паўдзельнічала 30,9 тысячы абітурыентаў. Максімальна магчымы вынік 100 балаў атрымалі 724 абітурыенты, у тым ліку 181 — па матэматыцы, 509 — па замежных мовах.
Кандыдаты ў студэнты паказалі добрыя вынікі. Сярэдні тэставы бал па біялогіі — 56,4 бала, па замежнай мове — 51,2, па матэматыцы — 42,6, па геаграфіі — 68,7, па сусветнай гісторыі (найноўшы час) — 57,8.
Атрымаць інфармацыю аб выніках ЦТ, убачыць скан-копію свайго бланка адказаў, а таксама азнаёміцца з правільнымі адказамі да заданняў экзаменацыйнай (тэставай) работы абітурыенты могуць у асабістым кабінеце на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Сертыфікаты ЦТ абітурыенты змогуць атрымаць з 1 ліпеня ў пунктах правядзення, у якіх яны бралі ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні.
* * *
Нагадваем таксама, што 15 чэрвеня стартавала ўступная кампанія на ўзровень ПТА. У 2025 годзе на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануюць прыняць каля 28 тысяч абітурыентаў. Для тых, хто будзе паступаць па мэтавым накіраванні, прадугледжана больш за 5,5 тысячы месцаў — на 1,3 тысячы больш, чым летась.