Вось і прыйшоў час разлічыцца з дзяржавай: да 16 лістапада ўсім, хто мае кватэру, дом, зямельны ўчастак або машыну, трэба ўнесці адзіны маёмасны плацеж. Як гэта зрабіць і хто можа разлічваць на льготы, нагадалі спецыялісты Міністэрства па падатках і зборах.
Зручна і даступна
Адзіны плацеж за маёмасць дзейнічае ў Беларусі з 2024 года і ўключае ў сябе тры падаткі: на нерухомасць, зямельны і транспартны. Суму вызначаюць супрацоўнікі падатковых органаў самастойна, а плацельшчык толькі атрымлівае гатовае паведамленне. Сёлета колькасць такіх паведамленняў перавысіла 3,6 мільёна, адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Дзяніс ЦЕРАШКОЎ.
Па словах Дзяніса Церашкова, раней грамадзяне атрымлівалі паведамленні ад розных падатковых органаў з рознымі сумамі. Даводзілася ўносіць некалькі плацяжоў па розных рэквізітах, што часта прыводзіла да блытаніны.
— За апошнія два гады мы атрымліваем шмат станоўчых водгукаў: новы спосаб аплаты аказаўся больш зручным, — расказаў Дзяніс Церашкоў. — Частка паведамленняў накіроўваецца ў асабістыя кабінеты плацельшчыкаў, частка — у выглядзе паштовых адпраўленняў па месцы рэгістрацыі.
Калі ж паведамленне да гэтага часу не атрымана або было страчана, трэба паклапаціцца: або азнаёміцца з сумай падатку ў АРІП, або зайсці на сайт Міністэрства па падатках і зборах, адкрыць асабісты кабінет плацельшчыка і сфарміраваць паведамленне самастойна.
Падатак на нерухомасць давядзецца заплаціць уладальнікам кватэр, жылых дамоў, садовых домікаў, дач, гаражоў, машына-месцаў, а таксама іншых будынкаў і збудаванняў — офісаў, складоў, крам. Зямельным падаткам абкладаюцца прынятыя ў спадчыну, уласныя, пажыццёвага ўспадкаванага валодання, часовага карыстання, а таксама самавольна занятыя ўчасткі. Давядзецца заплаціць і за транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў ДАІ, калі яны былі вырабленыя пасля 1991 года. Зрабіць гэта можна праз АРІП, на пошце, у банку або праз асабісты кабінет плацельшчыка.
Па інфармацыі падатковых органаў, на сённяшні дзень прыкладна палова плацельшчыкаў, якія атрымалі паведамленні, ужо разлічыліся з дзяржавай. Усяго ж па краіне да выплаты прад’яўлена маёмасных падаткаў амаль на 440 мільёнаў рублёў, з іх на сталіцу прыходзіцца крыху менш за 100 мільёнаў.
Ільготы таксама ёсць
Дарэчы, некаторыя катэгорыі грамадзян маюць права на льготы. Напрыклад, не плацяць падатак на нерухомасць за маёмасць, калі яна не выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасці, шматдзетныя сем’і. Таксама яны вызвалены ад падатку на зямельныя ўчасткі, прызначаныя для бытавых патрэб. Для шматдзетных сем’яў прадугледжана льгота і па транспартным падатку — стаўка знізіцца на 50 % пры наяўнасці дзеючага вадзіцельскага пасведчання патрэбнай катэгорыі.
Акрамя таго, на падатковыя льготы могуць разлічваць пенсіянеры па ўзросце і тыя, хто дасягнуў агульнапрынятага пенсіённага ўзросту і мае права на яго зніжэнне. Таксама льготы прадугледжаны для інвалідаў І і ІІ груп, непаўналетніх, недзеяздольных асоб, тых, хто праходзіць тэрміновую воінскую ці альтэрнатыўную службу, і грамадзян, на якіх распаўсюджваецца закон аб ветэранах. Існуюць і іншыя льготныя катэгорыі, поўны спіс якіх можна знайсці на сайце МПЗ.
Па словах Дзяніса Церашкова, рознымі льготамі карыстаецца амаль палова плацельшчыкаў:
— Падатковыя органы, як правіла, самастойна атрымліваюць інфармацыю аб наяўнасці льгот у плацельшчыка. Ва ўзаемадзеянні з іншымі ведамствамі мы атрымліваем звесткі аб статусе шматдзетнай сям’і, інваліднасці І ці ІІ групы, статусе атрымальніка датэрміновай пенсіі. Гэтая інфармацыя ўлічваецца пры разліку падатку, — адзначыў спецыяліст. — Калі грамадзянін цалкам вызваляецца ад падатку, то паведамленне яму не накіроўваецца. У выпадку, калі вызваленне частковае, паведамленне дасылаецца на тую суму, якую неабходна аплаціць.
Каб не заблытацца
На сённяшні дзень больш за 300 тысяч грамадзян атрымліваюць паведамленні аб падатках у электронным выглядзе:
— Мы назіраем больш чым двухразовы рост колькасці плацельшчыкаў, якія атрымліваюць паведамленні ў электронным выглядзе, — расказаў Дзяніс Церашкоў. — Асабісты кабінет — гэта гарантыя таго, што вы атрымаеце паведамленне. Акрамя таго, у плацельшчыка ёсць права ўнесці адрас электроннай пошты, і паведамленне дашлюць таксама туды. Такім чынам яно не згубіцца і заўсёды будзе пад рукой.
Да таго ж, для хуткай аплаты ва ўсіх паведамленнях заўсёды ёсць QR-код — дастаткова навесці на яго камеру тэлефона, і сістэма аўтаматычна перакіне ў інтэрнэт-банкінг з ужо запоўненымі рэквізітамі. Застанецца толькі праверыць суму і націснуць кнопку аплаты.
Звярніце ўвагу: 15 лістапада — выхадны дзень, таму апошні тэрмін выплаты адзінага маёмаснага плацяжу пераносіцца на 16 лістапада. Суму можна ўносіць часткамі — гэта не забаронена. Галоўнае, каб грошы паступілі не пазней за ўстаноўленую дату. Калі не разлічыцца да канца года і сума нявыплаты перавысіць адну базавую велічыню, у наступным годзе да прад’яўленай сумы дададуць яшчэ 15 % ад таго, што засталося нявыплачаным летась.
Свой уліковы нумар плацельшчыка (УНП), дарэчы, можна знайсці на афіцыйным сайце МПЗ. У дапамогу — яго электронны сэрвіс «Звесткі з Дзяржаўнага рэестра плацельшчыкаў (іншых абавязаных асоб)».
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА