Top.Mail.Ru

Сёлета эканоміка працягвае развівацца па збалансаваным трэку

Па выніках дзесяці месяцаў беларуская эканоміка, у цэлым, адчувае сябе нядрэнна і ўпэўнена. Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, валавы ўнутраны прадукт у студзені — кастрычніку вырас на 2,1 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пазітыўную дынаміку ўдалося забяспечыць перш-наперш за кошт захавання на высокім узроўні ўнутранага попыту, сельскай гаспадаркі і сферы паслуг. У дадатную зону ўпэўнена выйшлі прамысловасць і інвестыцыі. Яны пакуль не забяспечваюць істотнага прыросту ВУП, але ўжо не цягнуць яго ўніз, як гэта было ў пачатку года. Магчыма, па некаторых макраэканамічных параметрах эканоміка рухаецца не настолькі хутка, як хацелася б і як меркавалася, але яна дэманструе ўстойлівасць і збалансаванасць, што на сённяшні дзень нават важней, чым імклівы рост.



Прамысловы сектар працягвае адчуваць наступствы знешніх шокаў і паступова да іх адаптавацца. Індустрыяльны сектар за дзесяць месяцаў дадаў усяго 0,4 %. На жаль, па-ранейшаму ў адмоўнай зоне знаходзіцца сектар апрацоўчай прамысловасці: дынаміка за 10 месяцаў склала 99,5 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Прычыны вытлумачальныя: глабальную эканоміку трасе ад разнастайных шокаў. Адпаведна, інвестыцыйная актыўнасць змяншаецца, перш за ўсё, — у традыцыйных сектарах эканомікі: сельскай гаспадарцы, здабыўной прамысловасці, прамысловым сектары. Разам з гэтым зніжаецца і попыт на інвестыцыйныя тавары, павялічваецца канкурэнцыя. Таму захаванне пазіцый практычна на леташнім узроўні ўжо з’яўляецца нядрэнным вынікам, зыходзячы з існуючай кан’юнктуры. Трэба адзначыць, што пры гэтым змяншаюцца запасы гатовай прадукцыі. Калі па выніках 9 месяцаў згаданы паказчык знаходзіўся на ўзроўні 75,1 % ад сярэднямесячнай вытворчасці, то па выніках 10 месяцаў ён склаўся на ўзроўні 74,1 %, а ў мінулым годзе за той жа перыяд быў 81,2 %. Іншымі словамі, прамысловасць, хоць і нарасціла істотна аб’ёмы, але ўжо перабудавалася пад новы попыт і не працуе на склад.

Беларуская эканоміка застаецца дастаткова прывабнай — замежныя інвестыцыі ў рэальны сектар нашай эканомікі за 9 месяцаў склалі 6,4 мільярда долараў. З іх прамыя замежныя інвестыцыі — 4,6 мільярда долараў. Актыўна на знешнім контуры працуюць і нашы кампаніі. Інвестыцыі беларускіх рэзідэнтаў за мяжу за той жа перыяд склаліся на ўзроўні 5,5 мільярда долараў, з іх на прамыя ўкладанні прыпала 64,2 %. Беларускія кампаніі, уключаючы і машынабудаўнічы сектар, рэалізуюць розныя праекты па прасоўванні сваёй прадукцыі за мяжой: ствараюць і развіваюць зборачныя вытворчасці, сэрвісныя і навучальныя цэнтры, у тым ліку ў дзяржавах далёкай дугі. Для запуску гэтых праектаў патрабуецца пэўны часавы лаг, але яны з’яўляюцца базісам для павелічэння прысутнасці беларускай тэхнікі на знешніх рынках, уключаючы афрыканскі кантынент — адзін з патэнцыяльных драйвераў росту сусветнай эканомікі.


За студзень — кастрычнік дастойна спрацаваў сельскагаспадарчы сектар: дадаў 5,7 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. На 8,9 % вырас рознічны тавараабарот, а сектар грамадскага харчавання спрацаваў больш сціпла — плюс 1,8 %. Унутраны попыт падмацоўваецца перш за ўсё ростам даходаў насельніцтва. Рэальныя наяўныя даходы (з улікам інфляцыі) за 9 месяцаў павялічыліся на 8,2 %. Цяпер складаецца своеасаблівая мадэль спажывецкіх паводзін. З аднаго боку, людзі актыўна зберагаюць, растуць тэрміновыя банкаўскія ўклады, стаўкі па якіх вельмі прывабныя. З другога — грамадзяне актыўна набываюць у крэдыт тавары працяглага карыстання. З пачатку года запазычанасць па спажывецкіх крэдытах вырасла больш чым на 2 мільярды долараў (на 15 %). 

Пры гэтым аб’ёмы выдачы крэдытаў з прэферэнцыйнай стаўкай на набыццё айчынных тавараў з пачатку года склалі больш за мільярд рублёў. Гэта больш, чым такіх пазык было выдадзена за 2024 —2025 гады. Такім чынам, удаецца захаваць і высокі попыт на ўнутраным рынку, пры гэтым частка дадатковых даходаў абсарбіруецца ў банкаўскім сектары і служыць базай для крэдытавання рэальнага сектара, таму высокія даходы насельніцтва не ствараюць істотнага інфляцыйнага навеса. Рост цэн ніжэйшы за мэтавы паказчык. Дынаміка індэкса спажывецкіх цэн у кастрычніку да снежня склала 103,9 %, да кастрычніка мінулага года — 104,7 %. У студзені — кастрычніку інфляцыя склала 5 %, летась за той жа перыяд — 6,6 %.

Інвестыцыі ў асноўны капітал знаходзяцца ў дадатнай зоне і за 10 месяцаў гэтага года прыраслі на 2,6 %. Апераджальнымі тэмпамі растуць выдаткі на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў — дынаміка 104,3 %. Але, у цэлым, для актыўнай мадэрнізацыі айчыннай эканомікі неабходна больш дынамічнае інвесціраванне. Тым больш, як сцвярджаюць прадстаўнікі фінансавага сектара, сродкі для мадэрнізацыі рэальнага сектара ёсць. І нават у лішку. У банкаў утвараецца пэўная залішняя ліквіднасць, якую яны размяшчаюць на дэпазітах у Нацыянальным банку. Ключавая праблема — дэфіцыт праектаў для фінансавання. Для гэтага існуюць і аб’ектыўныя прычыны: змяненне знешняга асяроддзя патрабуе новых падыходаў і да распрацоўкі бізнес-планаў, і да ацэнкі рызыкі, і да фарміравання сістэмы па іх мінімізацыі. Новыя прынцыпы паступова фармулююцца. Таму ёсць падставы меркаваць, што ў будучых перыядах інвестыцыйны цыкл паскорыць сваю дынаміку.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю