Top.Mail.Ru

Сёлета ў конкурсе «Час танцаваць» з’явіцца спецыяльны прыз за адлюстраванне вобраза беларускай жанчыны

Але галоўнае, за што змагаюцца ўдзельнікі ў пяці намінацыях, — Гран-пры, падмацаваны грашовай прэміяй у 200 базавых велічынь. Таксама асобнымі прызамі падкрэсліваецца значнасць традыцый народнага танца і праца балетмайстраў-пастаноўшчыкаў. 


Сёлета Адкрыты рэспубліканскі конкурс «Час танцаваць» праходзіць пяты раз і ўжо займеў шырокае кола прыхільнікаў: на фінальны тур, які пройдзе ў Мінску 4 красавіка, прыедуць калектывы з усёй краіны, і не толькі: цікавасць да яго выйшла за межы Беларусі. Праўда, мяняць свой статус конкурс пакуль не збіраецца, бо асноўная мэта — зацікаўленасць менавіта жыхароў нашай краіны розных узростаў. Агульная колькасць удзельнікаў адборачных тураў перавысіла 2000. Фіналістаў выбіралі з 300 афіцыйных заявак. 


— Гэта найбольшая колькасць заявак за пяцігадовую гісторыю конкурсу. Работа экспертнай групы, якая займалася праглядам усіх прадстаўленых матэрыялаў і давала папярэднюю ацэнку выступленняў, была даволі напружанай і складанай. У выніку 115 удзельнікаў выступяць у фінале конкурсу. Калі параўноўваць з папярэднімі гадамі, то колькасць удзельнікаў узрасла практычна ўдвая, — адзначыў дырэктар Рэспубліканскага культурна-асветнага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сідарэнка. — Прадстаўлены ўсе рэгіёны Беларусі, былі заяўкі і з Расійскай Федэрацыі, і прадстаўнікоў Смаленскай вобласці мы таксама пабачым на сцэне. Але нягледзячы на гэта конкурс застаецца рэспубліканскім. 

Фактычна ён ператварыўся ў танцавальны рух. Традыцыйна шмат заявак падаюць у намінацыі «Народны танец» і «Сучасны танец». Таксама шырока прадстаўлены эстрадны, класічны і бальны танец. Ужо цягам сёлетняга адбору арганізатары задумаліся пра тое, што конкурс «Час танцаваць» у наступным годзе прыйдзецца перафарматаваць менавіта з-за таго, што вырасла цікавасць і павялічваецца колькасць тых, хто жадае паўдзельнічаць. Арганізатары мяркуюць, што тыя, хто пройдзе праз першы — адборачны — этап, змогуць паказаць сябе на сцэне ў Мінску цягам двух паўфіналаў па розных намінацыях, а пасля, асобным этапам, будзе Гала-канцэрт з выступленняў фіналістаў з танцавальнымі нумарамі, якія будуць прызнаны найлепшымі паводле журы. 

Каб найлепш зразумець крытэрыі, якімі кіруецца журы, трэба ўважліва сачыць за танцавальнымі спаборніцтвамі ўжо сёлета, а некаторыя з тых, каму не хапіла зусім крыху да выхаду ў фінал, могуць узяць удзел у майстар-класах, якія маюць практычны кірунак: «Беларускія ілюстрацыйна-выяўленчыя танцы» і «Цела танцора як інструмент выразнасці: ад фізікі руху да сэнсу». Бо танец — гэта не проста прыгожа, у ім заключана філасофія, глыбіня, якую трэба ўмець раскрыць. Такая своеасаблівая адукацыйная праграма таксама мае плён, асабліва з улікам таго, што некаторыя юныя ўдзельнікі выбіраюць харэаграфію справай жыцця, паступаюць у навучальныя ўстановы, дзе могуць асвоіць гэты кірунак. Таму, нягледзячы на аматарскі характар гэтага агульнарэспубліканскага танцавальнага спаборніцтва, журы ацэньвае нумары даволі прынцыпова. 

Журы ад самага заснавання конкурсу «Час танцаваць» прафесійнае. Сёлета яго ўзначальвае Святлана Гуткоўская, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Разам з ёй будуць працаваць яшчэ два выкладчыкі кафедры харэаграфіі гэтай ВНУ — Раман Кавалёў і Сабіна Мунасыпава. Тыя, хто прадстаўляе кірунак класічнага танца, павінны быць гатовыя да строгага «суддзі» ў асобе народнага артыста Беларусі, балетмайстра-пастаноўшчыка Вялікага тэатра нашай краіны Канстанціна Кузняцова, спектакль якога, між іншым, быў адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй. Таксама ў складзе журы Максім Кашэвіч, балетмайстар Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі, і балетмайстар Аляксей Кісялёў, чэмпіён свету ў намінацыі «Шоу», суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі. 

Для публікі «Час танцаваць» фактычна ідзе: ужо цяпер у TikTok запусцілі танцавальны чэлендж з варыянтамі танцаў на музыку афіцыйнага гімна конкурсу (такі ёсць!), аўтары наўлепшых ролікаў таксама будуць адзначаны спецпрызамі. 

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю