Учора быў пераадолены рубеж у першы мільён тон сабранага збожжа. Усяго ж аграрыі чакаюць сёлета высокі ўраджай — каля 11 мільёнаў тон. Пакуль жніво не выйшла на поўныя абароты — перашкаджаюць штодзённыя дажджы. Аднак, як завяраюць спецыялісты, увесь ураджай будзе сабраны без страт, а харчовая бяспека — забяспечана. Адметна, што інтэнсіўныя дажджы нават спрыяюць росту ўраджайнасці некаторых культур, у прыватнасці цукровых буракоў. Што датычыцца «другога хлеба», то сёлетняе надвор’е выпрабоўвае і бульбу, і аграрыяў на трываласць. Амаль ва ўсіх рэгіёнах ужо праведзены трохразовыя апрацоўкі гэтай культуры ад фітапатагена, а на Брэстчыне, Гродзеншчыне і Магілёўшчыне прыступілі да чацвёртай апрацоўкі, што дазваляе не сумнявацца: будзем з ураджаем. Тым больш што экстрэмальныя катаклізмы надвор’я прывучылі аграрыяў на любы выклік рэагаваць імгненна.
Ураджай вышэйшы, чым летась
Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай ЛЕШЫК, сёлета ўборачныя плошчы збожжавых захаваныя на ўзроўні мінулага года і на полі паспявае дастойны ўраджай зерня. Гэта дазволіць забяспечыць уласную прадуктовую бяспеку ў частцы харчовага зерня, перапрацоўкі на сыравіну і дазволіць нарыхтаваць насенны матэрыял.
- — Плошча пасеву азімых была захавана на ўзроўні мінулых гадоў. Гэта дае магчымасць утрымліваць паказчыкі на стабільным узроўні за кошт таго, што азімыя культуры маюць уласцівасць выкарыстоўваць вільготнасць вясенняга перыяду і фарміраваць важкі ўраджай пры працяглых засухах у маі—чэрвені. З улікам папярэдняга вопыту і магчымых высокіх вясенніх тэмператур сёлета было вырашана павялічыць пасевы кукурузы на зерне ў параўнанні з мінулым годам на 30 %. Паколькі гэта высокаўраджайная культура, стаўка была зроблена на атрыманне дадатковага намалоту, — праінфармаваў Мікалай Лешык
Што датычыцца каласавых і зернебабовых культур, да ўборкі якіх у краіне ўжо прыступілі, то прыклад азімага ячменю сведчыць, што сёлета ўраджай значна вышэйшы, чым летась, і аб’ёмныя паказчыкі па вытворчасці зерня, якія пастаўлены кіраўніком дзяржавы і ўрадам, здолеем выканаць.
— Азімы ячмень засталося ўбраць на плошчы каля 40 тысяч гектараў, аднак ужо зараз валавы аб’ём атрыманага зерня роўны ўсяму леташняму. Мы сабралі больш за 800 тысяч тон — плюс адчувальны. Такая ж тэндэнцыя і па завярэнні Акадэміі навук, і па назіраннях спецыялістаў праглядваецца па ўсіх пасевах каласавых культур, — падкрэсліў Мікалай Лешык. — Што датычыцца кукурузы, то ўмовы надвор’я, а менавіта выпадзенне ападкаў і больш высокая тэмпература прыводзяць да інтэнсіўнага яе росту і даюць падставы спадзявацца на высокі ўраджай на ўзроўні больш за 2 мільёны тон.
Зрушэнне тэрмінаў сёлетняй уборачнай кампаніі спецыялісты тлумачаць спрыяльнымі ўмовамі фарміравання высокага ўраджаю: важкі колас фарміруецца даўжэй. Ну, а штодзённае выпадзенне ападкаў уносіць свой негатыў і стрымлівае ад нарошчвання тэмпаў жніва.
На палях — 120 тысяч адзінак тэхнікі
Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі, дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання мінсельгасхарча Станіслаў КАРПОВІЧ, гатоўнасць да жніва па зернеўборачных камбайнах складае 98 %, па зернеачышчальна- сушыльных комплексах — 98 %. 97 % камбайнаў прайшлі дзяржаўны тэхнічны агляд і дапушчаны да ўдзелу ў дарожным руху падчас жніва.
Шчыраваць на хлебнай ніве сёлета будзе 7 тысяч зернеўборачных камбайнаў, на рапсавых палях будуць задзейнічаны 4 тысячы прыставак для ўборкі культуры, а перапрацоўваць атрыманы ўраджай будуць 1800 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. Усяго падчас уборачнай кампаніі будзе працаваць 120 тысяч адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі рознага прызначэння. У аграрыяў маецца дастатковая колькасць запасных частак, якая дазволіць ліквідаваць любыя паломкі ў самыя сціслыя тэрміны. Своечасова выправіць няспраўнасці дапаможа і сетка дылерскіх цэнтраў холдынга «Гомсельмаш».
— Усе зернеўборачныя камбайны з завода-вытворцы выходзяць аснашчанымі сцеблапад’ёмнікамі, якія дазваляюць убіраць палеглы хлеб. Натуральна, пры гэтым зніжаны хуткасны рэжым камбайна, але хлеб будзе ўбраны на 100 %, нават палеглы. Такім чынам страты будуць мінімізаваныя, — падкрэсліў Станіслаў Карповіч. — Адначасова ў Мінсельгасхарчы, камітэтах па сельскай гаспадарцы аблвыканкамаў створаны рабочыя групы па кантролі за якасцю ўборачнай кампаніі
Традыцыйна спатрэбіліся на жніве і дадатковыя кадры, а гэта 2800 чалавек. Усе яны прыбылі ў гаспадаркі. Сёлета гэта ў тым ліку студэнты, навучэнцы і выкладчыкі аграрных навучальных устаноў, супрацоўнікі МУС і МНС. Амаль усе экіпажы камбайнаў ужо сфарміраваны. Адначасова будуць прыцягнуты дадатковы аўтатранспарт з прамысловых прадпрыемстваў, іншых галін, дапаможа і Міністэрства абароны.
— Сушыльныя комплексы дазваляюць увесь намалочаны за дзень ураджай перапрацоўваць — іх агульная прадукцыйнасць да 500 тысяч тон у суткі. Адначасова будуць выкарыстоўвацца магчымасці хлебапрыёмных прадпрыемстваў, — дадаў Станіслаў Карповіч.
Для бяспекі работ усе экіпажы абсталяваны сродкамі пажаратушэння і аказання першай дапамогі, а таксама для кожнага звяна маецца машына прыкрыцця, якая ў выпадку надзвычайнай сітуацыі забяспечыць ліквідацыю наступстваў інцыдэнту. Усяго на жніве будуць дзяжурыць 3200 адзінак пажарнай тэхнікі.