Развіццё індустрыі чалавекападобных робатаў у Кітаі прыцягвае ўсё ўсё больш увагі. Інсайдэры і ўстановы галіны аптымістычна мяркуюць, што ў кітайскай індустрыі робатаў-гуманоідаў надыходзіць новы этап імклівага развіцця і яны з аптымізмам глядзяць на яе далейшыя інвестыцыйныя магчымасці, перадае «Сіньхуа».
Па прагнозах мноства галіновых арганізацый, 2025-ты стане адпраўным пунктам для запуску камерцыйнай масавай вытворчасці робатаў-гуманоідаў. Такія механізмы — тэхналагічная канвергенцыя штучнага інтэлекту, высокатэхналагічнай вытворчасці і новых матэрыялаў — прыцягваюць усё больш увагі ў Кітаі, як з боку інвестараў, так і з боку ўрада. Згодна з кіруючымі рэкамендацыямі, апублікаванымі Міністэрствам прамысловасці і інфарматызацыі КНР, сёлета ў краіне будзе сфарміравана першасная інавацыйная сістэма для чалавекападобных робатаў, а да 2027 года — створана надзейная і бяспечная сістэма ланцужкоў вытворчасці і паставак, а адпаведная прадукцыя будзе глыбока інтэграваная.
У апошнія гады асноўныя высокатэхналагічныя і вытворчыя гіганты як у КНР, так і за мяжой пачалі асвойваць індустрыю чалавекападобных робатаў. Кітайскія прадпрыемствы, у тым ліку Huawei, BYD, Xiaomi, Xpeng, падключыліся да вытворчасці робатаў-гуманоідаў, у той час як іх асноўныя вытворцы, такія як AgiBot, Unitree Robotics, Leju Robot і UBTech Robotics, нарошчваюць пастаўкі.
На навагоднім гала-канцэрце з нагоды свята Вясны 2025 года «Чуньвань» (штогадовая тэлевізійная перадача, прымеркаваная да святкавання свята Вясны, якая транслюецца Цэнтральным тэлебачаннем Кітая) было паказана выступленне робатаў-андроідаў, якія разам з людзьмі выканалі народны танец «янгэ».
Паводле даных CITIC Securities, у мінулым годзе сусветны аб’ём паставак чалавекападобных робатаў перавысіў 2000 адзінак. Чакаецца, што сёлета гэты паказчык дасягне 10-20 тысяч адзінак.
Згодна з прагнозамі, у 2025 годзе вытворчасць робатаў-гуманоідаў пачне прыносіць рэальны прыбытак пасля этапу наплыву тэматычных інвестыцый у гэтую галіну. Чакаецца, што кітайскія вытворцы стануць канкурэнтаздольнымі на сусветным рынку за кошт пераваг як з пункту гледжання вытворчых выдаткаў, так і з боку попыту, вынікае з даследчай справаздачы Industrial Securities.
Разам з гэтым, чакаецца паступовы пераход гэтай індустрыі на стадыю серыйнай вытворчасці, як у Кітаі, так і на міжнародным узроўні, што пойдзе на карысць усяго адпаведнага вытворчага ланцужка.