Top.Mail.Ru

Сёлета ў праекце «Цягнік Памяці» прапрацоўваецца ўдзел прадстаўнікоў 15 народаў былога Савецкага Саюза

Аб гэтым Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА паведаміла на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні сумеснага беларуска-расійскага патрыятычнага культурна-асветніцкага праекта «Цягнік Памяці» ў гэтым годзе.


Ініцыятарамі ўнікальнай патрыятычнай акцыі, якая праводзіцца з 2022 года, з’яўляюцца Савет Рэспублікі і Савет Федэрацыі. З кожным годам «Цягнік Памяці» нарошчвае свой патэнцыял: за тры гады ў ім ужо прынялі ўдзел 600 хлопцаў і дзяўчат з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана. Летась удзельнікі праекта наведвалі не толькі гістарычныя мясціны, дзе праходзілі ключавыя бітвы Вялікай Айчыннай вайны, але і тыя населеныя пункты, што ўвасабляюць сучасныя дасягненні нашай краіны, яе эканоміку, сацыяльную сферу.

«Мы будзем рабіць усё для таго, каб захаваць памяць»

«Сёлета мы будзем праводзіць ужо чацвёртае маладзёжнае мерапрыемства, якое добра сябе зарэкамендавала, бо гэта перш за ўсё патрыятычнае выхаванне нашай моладзі, веданне нашай сумеснай гісторыі Беларусі і Расіі, — адкрываючы пасяджэнне аргкамітэта, адзначыла Наталля Качанава. — Колькасць удзельнікаў з году ў год расце. Калі ў першы год правядзення, у 2022-м, краін-удзельніц было толькі дзве (Беларусь і Расія), то ўжо ў 2023 годзе да нас далучыліся яшчэ дзве краіны. У 2024 годзе ў праекце ўдзельніалі хлопцы і дзяўчаты з васьмі краін».

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла: праект сапраўды ўнікальны і добра сябе зарэкамендаваў, аб чым сведчаць водгукі хлопцаў і дзяўчат, якія бралі ўдзел у ім. «У іх ёсць свой сайт, тэлеграм-канал, яны падтрымліваюць адносіны, нават нягледзячы на тое, што былі ўдзельнікамі ўжо тры гады таму, вельмі сябруюць, — канкрэтызавала спікер. — Яны добра вывучылі і ведаюць гісторыю нашых краін, гісторыю Вялікай Перамогі».

Старшыня Савета Рэспублікі расказала, што падчас сустрэчы з удзельнікамі «Цягніка Памяці» ва Уфе моладзь прапанавала праводзіць сустрэчы ўсіх удзельнікаў папярэдніх праектаў. «Сяброўства завязваецца сапраўды на ўсё жыццё, аб’ядноўвае наша славутая гісторыя, — канстатавала спікер. — І тады, калі мы бачым, як некаторыя палітыканы імкнуцца перапісаць нашу гісторыю, вядома, мы павінны зрабіць усё для таго, каб памяць, праўда аб той Вялікай Перамозе захоўвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Гэта наш абавязак перад тымі, хто загінуў. І мы будзем рабіць усё для таго, каб захаваць гэту памяць, перадаць яе тым пакаленням, якія ідуць за намі».

«Яны ганарацца гэтым!»

Па традыцыі старт праекту будзе дадзены 22 чэрвеня ў Брэсцкай крэпасці. Фінал праекта запланаваны на 5 ліпеня. За гэты час хлопцы і дзяўчаты наведаюць 15 гарадоў: восем беларускіх і сем расійскіх.

Наталля Качанава нагадала, што падчас адной з сустрэч кіраўніка дзяржавы з удзельнікамі «Цягніка Памяці» на Кургане Славы ў Дзень Незалежнасці Прэзідэнт нашай краіны агучыў сваю мару, каб у праекце ўдзельнічалі маладыя людзі з усіх 15 краін былога Савецкага Саюза. «Мы гэта пачулі, — падкрэсліла спікер. — Пытанне прапрацоўваецца».

Каб мерапрыемства прайшло, як заўсёды, на высокім арганізацыйным узроўні, створаны арганізацыйны камітэт. Наталля Качанава выказала ўдзячнасць усім, хто пагадзіўся працаваць у аргкамітэце. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас намеснікаў старшынь аблвыканкамаў. «Мы разумеем, што гэта наведванне гарадоў, маршрут мяняецца, таму вялікая адказнасць кладзецца на нашы рэгіёны», — патлумачыла яна і даручыла прадстаўнікам рэгіёнаў прадумаць праграмы знаходжання дзяцей на іх тэрыторыі, абмеркаваць усе тонкасці гэтага мерапрыемства: пачынаючы ад бяспекі, заканчваючы формай удзельнікаў праекта.

«Яны ганарацца гэтым! — звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі, кажучы аб значнасці праекта для моладзі. — Мы часта сустракаемся ў калектывах з маладзёжнай аўдыторыяй. І мне асабліва прыемна, калі дзеці кажуць: «Я ўдзельнік „Цягніка Памяці!“ Такія мерапрыемствы вельмі важныя для нашай моладзі і даюць свой вынік. Калі будуць з’яўляцца яшчэ прапановы, аналагічныя праекту „Цягнік Памяці“, вядома, гэта будзе цудоўна. Такія прапановы ўжо паступаюць».

Рэзюмуючы, Наталля Качанава падкрэсліла, што трэба зрабіць усё для таго, каб мерапрыемствы праекта «Цягнік Памяці» прайшлі без усялякіх эксцэсаў, каб яны былі запамінальнымі. «А мы, дарослыя, зробім усё, што залежыць ад кожнага з нас», — канстатавала спікер.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю