Пра ўтварэнне Кітайскай Народнай Рэспублікі было абвешчана 1 кастрычніка 1949-га на мітынгу на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне. 2 снежня таго ж года Цэнтральны народны ўрад выдаў пастанову аб абвяшчэнні 1 кастрычніка нацыянальным святам. У 1950-я гады абавязковай часткай урачыстасцяў з нагоды святкаванняў з’яўляліся ваенныя парады на плошчы Цяньаньмэнь.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Старшыню Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна з Днём утварэння КНР, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
- «Пад Вашым кіраўніцтвам Кітай дэманструе ўражлівы прыклад дынамічнага і ўстойлівага развіцця, з году ў год дасягаючы гістарычных рэкордаў ва ўсіх сферах. Поспехі КНР у эканамічным будаўніцтве, тэхналагічным прагрэсе, умацаванні глабальнай бяспекі выклікаюць павагу і захапленне, — адзначаецца ў віншаванні. — Упэўнена прытрымліваючыся курсу сацыялізму з кітайскай спецыфікай, Пекін адыграе ключавую ролю ў фарміраванні шматпалярнага свету і міжнароднага парадку».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Кітай — унікальны і дастойны вывучэння ўзор арганізацыі палітычнай сістэмы, якая інтэгруе ў сабе каласальныя гістарычны вопыт, матэрыяльныя і духоўныя рэсурсы, садзейнічае прасоўванню сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
«Вылучаная Вамі ініцыятыва па глабальным кіраванні безумоўна адпавядае нашаму цвёрдаму перакананню ў неабходнасці ўзаемадзеяння дзяржаў на прынцыпах выключнага раўнапраўя і справядлівасці, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы гатовы сумесна супрацьстаяць агульным выклікам, павышаць дабрабыт і забяспечваць працвітанне нашых народаў».
Прэзідэнт канстатаваў, што для Беларусі Кітай — надзейны стратэгічны партнёр і верны сябар. «Мы высока цэнім беспрэцэдэнтны ўзровень усебаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і даверу паміж нашымі краінамі. Рэалізацыя маштабных праектаў у рамках ініцыятывы „Пояс і шлях“, прасоўванне індустрыяльнага парку „Вялікі камень“, паглыбленне прамысловай кааперацыі і гуманітарнага абмену сведчаць аб вялікім патэнцыяле адносін Мінска і Пекіна», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Сі Цзіньпіну добрага здароўя і поспехаў ва ўсіх пачынаннях, а брацкаму народу Кітая — шчасця і дабрабыту.
Зараз у Кітаі «залаты тыдзень» — святочныя канікулы, якія працягнуцца да 8 кастрычніка. Вуліцы ўпрыгожаны велізарнымі кампазіцыямі з жывых кветак, на плошчах праводзяцца народныя гулянні, ладзяцца феерверкі. Як паведаміла «Жэньмінь жыбаа» анлайн«, гіганцкая кветкавая кампазіцыя з надпісам «Найлепшыя пажаданні Радзіме» з’явілася на сталічнай плошчы Цяньаньмэнь, дзе 76 год таму было абвешчана пра ўтварэнне КНР. Вышыня ўсёй канструкцыі складае 18 метраў. У кампазіцыю ўключаны кветкі з сімвалічным значэннем: лотас увасабляе гармонію, ружа — мір і надзею, галубінае дрэва і аліўкавая галінка сімвалізуюць мір і пашану, сланечнік выказвае свабоду і шчасце, лілея Шаньдань — адзінства і імкненне наперад, а так званая «кветка героя» — баваўнянае дрэва — мужнасць і бясстрашнасць. Сёлета ў афармленне нацыянальнага святочнай кампазіцыі ўпершыню дададзены вобраз галубоў міру, што выказвае пажаданні працвітання і магутнасці краіне, а таксама надзею на мір і развіццё ва ўсім свеце.
Мікалай ЛІТВІНАЎ