Штогод у першы дзень лета, 1 чэрвеня, адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей.
Міжнародны дзень абароны дзяцей — не толькі радаснае свята для дзетвары, але і напамін дарослым аб тым, што менавіта яны адказваюць за бяспеку і дабрабыт падрастаючага пакалення. Гэты дзень падкрэслівае неабходнасць павагі і захавання правоў дзіцяці як найважнейшай ўмовы фарміравання гуманнага і справядлівага грамадства.
Свята было заснавана ў 1949 годзе ў Парыжы рашэннем кангрэса Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын. Упершыню яго адзначылі ў 1950 годзе. А праз 40 гадоў у Нью-Йорку прадстаўнікі 59 краін, у тым ліку СССР, падпісалі Канвенцыю аб правах дзіцяці, у якой указваецца, што дзеці, у сілу сваёй уразлівасці, маюць патрэбу ў асаблівым клопаце і ахове. Гэтым дакументам пацвярджаецца неабходнасць прававой і іншай абароны дзіцяці да і пасля яго нараджэння.
У Беларусі ахова дзяцінства — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці дзяржавы. У краіне функцыянуе Нацыянальная камісія па правах дзіцяці, якая каардынуе работу органаў дзяржкіравання і ўдзяляе пільную ўвагу пытанням ацэнкі сітуацыі ў галіне абароны правоў дзяцей.
У рэспубліцы дзейнічае закон «Аб правах дзіцяці», прыняты ў 1993 годзе. Усе асноўныя правы замацаваны ў гэтым законе і рэалізуюцца ў іншых нарматыўна-прававых актах, якія даюць магчымасць дзяржорганам прымаць меры па абароне правоў дзяцей.
У 1998 годзе была ўпершыню прынята прэзідэнцкая праграма «Дзеці Беларусі». Яе наступныя этапы прыпалі на 2001-2005 і 2006-2010 гады. Менавіта тады пачалося актыўнае будаўніцтва дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, якіх сёння па ўсёй краіне 281. У іх на выхаванні знаходзяцца больш за 2 тыс. сірот. У сельскай мясцовасці дзеці з бацькамі-выхавальнікамі жывуць у прыватных дамах, у гарадах — у шматкватэрных.
Цяпер у Беларусі дзейнічае дзяржпраграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021-2025 гады. Сярод яе прыярытэтаў — удасканаленне падтрымкі сем’яў з дзецьмі, паляпшэнне ўмоў іх жыцця, умацаванне інстытута сям’і, распрацоўка мер па ўмацаванні рэпрадуктыўнага здароўя, фарміраванне культуры здаровага ладу жыцця.
Акрамя таго, рэалізуецца дзяржаўная праграма «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2021-2025 гады. Асноўным вынікам яе дзеяння ў сярэднетэрміновай перспектыве будзе павышэнне эфектыўнасці ўстойлівага і агульнадаступнага якаснага адукацыйнага асяроддзя. Адна з задач дзяржпраграмы таксама — стварэнне ўмоў для забеспячэння даступнасці і якасці дашкольнай адукацыі.
У 2022 годзе быў зацверджаны Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2022-2026 гады. Праграма накіравана на стварэнне ўмоў для абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, а таксама свабоднага і эфектыўнага ўдзелу дзяцей і моладзі ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці дзяржавы і грамадства. Дакументам запланавана правядзенне 134 мерапрыемстваў.
Асобна трэба адзначыць, што Беларусь можа па праве ганарыцца паказчыкамі службы аховы здароўя маці і дзіцяці. Па дадзеных СААЗ, у Беларусі адзін з самых нізкіх узроўняў мацярынскай смяротнасці ў Еўрапейскім рэгіёне. Тут рэгіструецца ўсяго 1 мацярынская смерць на 100 тыс. нованароджаных. Для параўнання: узровень мацярынскай смяротнасці ў Еўрапейскім рэгіёне СААЗ на сёння складае 11 выпадкаў на 100 тыс. нованароджаных.
Таксама рэспубліка ўваходзіць у лік краін з самай нізкай дзіцячай смяротнасцю: 3,7 выпадкаў на 1 тыс. народжаных жывымі, апярэджваючы не толькі партнёраў па СНД і еўрапейскіх суседзяў, але і многія развітыя дзяржавы свету, у тым ліку ЗША і Вялікабрытанію.
У Міжнародны дзень абароны дзяцей у кожным кутку нашай краіны адбудуцца разнастайныя культурныя мерапрыемствы з цікавымі і насычанымі святочнымі праграмамі.