Top.Mail.Ru

Сёння Дзень аховы навакольнага асяроддзя. Наша краіна дасягнула значных поспехаў у гэтай сферы

Каб было што пакінуць унукам


Палітыка нашай дзяржавы накіравана на гарманізацыю эканамічнага развіцця і ахову навакольнага асяроддзя. Правільнасць абранага курсу пацвярджаецца высокімі паказчыкамі ў галіне экалогіі. Так, па індэксе экалагічнай эфектыўнасці наша краіна займае лідзіруючую пазіцыю сярод дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза — 32-е месца са 180 краін. Даволі добры экалагічны стан у Беларусі і па індэксе забруджвання навакольнага асяроддзя Numbeo — 44,9 (83-е месца са 115 краін).

Чыстая зямля

Значныя дасягненні атрыманы ў галіне абыходжання з адходамі. Так, пастановай урада ад 18.08.2025 зацверджана Стратэгія па абыходжанні з адходамі вытворчасці і спажывання ў Беларусі. Згодна з ёй, узровень выкарыстання адходаў да 2040 г. павінен павялічыцца да 90 %. Рэалізаваць мэту запланавана ў тры этапы (пяцігодкамі). Да 2030-га, напрыклад, выкарыстанне цвёрдых камунальных адходаў павінна быць на ўзроўні 70 %.

Інфраструктура, створаная ў краіне для перапрацоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў, уключае 10 смеццепераапрацоўчых заводаў і каля 80 ліній сарціроўкі. Летась уведзены ў эксплуатацыю тры новыя смеццесартавальныя заводы ў Бабруйску, Наваполацку і Мінску (сумарная магутнасць — 780 тыс. т у год).

У нагу з зялёнай эканомікай

Знізіць утварэнне адходаў імкнуцца і нашы прадпрыемствы. Энергаэфектыўныя тэхналогіі і абсталяванне, якія выкарыстоўваюцца на вытворчасці, садзейнічаюць уключэнню ў паліўны баланс аднаўляльных крыніц энергіі, а таксама паспяховай перапрацоўцы адходаў і мінімізацыі выкідаў у атмасфернае паветра. Так, за апошнія 20 гадоў практычна ў 7 разоў скарочаны аб’ём скіду недастаткова вычышчаных сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб’екты, а агульны аб’ём выкарыстання прэсных вод — у сярэднім на чвэрць.

Устанавілася выдатная дынаміка стану атмасфернага паветра. У прыватнасці для скарачэння выкідаў у яго, павялічваецца доля электрычнага грамадскага транспарту, будуюцца электразарадныя станцыі, развіваецца сетка веладарожак. Толькі ў Мінску доля электратранспарту дасягнула 58 % (у 2020 г. было 40 %).

З думкай пра біяразнастайнасць

Прыняты стратэгічныя і праграмныя дакументы ў галіне аховы біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, на рэалізацыю якіх выдзяляецца бюджэтнае фінансаванне. Інструменты, якія дазваляюць рэалізоўваць дзяржаўную палітыку ў гэтай сферы, рэгламентаваны законамі «Аб ахове навакольнага асяроддзя», «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях і аб’ектах», «Аб жывёльным свеце», «Аб раслінным свеце».

Адным з дзейсных механізмаў захавання біяразнастайнасці з’яўляецца нацыянальная Чырвоная кніга. Так, паводле слоў начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяны ЖАЛЯЗНОВАЙ, летась пад ахову дзяржавы перадалі больш за тысячу месцаў пасялення дзікіх жывёл і вырастання дзікарослых раслін, 132 тыповыя або рэдкія біятопы і прыродныя ландшафты.

Беларусь уваходзіць у тройку краін — сусветных лідараў па колькасці зуброў, якія жывуць вольна. Паспяхова аднаўляюцца папуляцыі такіх чырванакніжных відаў, як буры мядзведзь, рысь і барсук.

Атрымала поспех наша краіна і ў стварэнні сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Сёння яны займаюць 1,9 млн га, або 9,2 % ад агульнай плошчы Беларусі (на 1 студзеня 2026 г.). Кожны куток прыроды ўнікальны і мае спецыяльны рэжым аховы. На некаторых ААПТ абсталяваны экалагічныя сцежкі, якія дазваляюць атрымаць асалоду ад маляўнічых пейзажаў без шкоды для экасістэмы.

Александрына ПАРШЫНА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю