У дыябету няма ўзросту
14 лістапада адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з дыябетам. На жаль, гэтая дата ў календары становіцца ўсё больш прыкметнай і актуальнай — захворванне расце ва ўсім свеце. Каб даведацца, як у Беларусі дапамагаюць дзецям з гэтым дыягназам і як вучаць сем’і жыць па-новаму, мы наведалі 2-ю гарадскую дзіцячую клінічную бальніцу Мінска ў рамках выязнога мерапрыемства, якое арганізаваў Нацыянальны прэс-цэнтр.
Сучасная дапамога
— Наша клініка з’яўляецца шматпрофільнай установай, разлічанай на 212 ложкаў. У яе складзе функцыянуюць тры рэспубліканскія цэнтры: дзіцячай эндакрыналогіі, дзіцячай уралогіі, а таксама дзіцячай нефралогіі і замяшчальнай нырачнай тэрапіі, — расказала галоўны ўрач 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Алена ЛЯШЭВІЧ. — Штогод мы атрымліваем новае абсталяванне для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сёлета за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту праходзіць мадэрнізацыя кабінета пад устаноўку апарата МРТ.
Улічваючы статус рэспубліканскіх цэнтраў, дапамога тут аказваецца дзецям з усёй краіны з найбольш цяжкім цячэннем захворванняў. Таксама лячэнне могуць прайсці і юныя замежныя грамадзяне. У клініку рэгулярна прыязджаюць пацыенты з Расіі, Казахстана, Грузіі і іншых краін.
— Калі казаць пра эндакрыналагічны профіль, то з 2006 года на базе нашай установы функцыянуе гарадскі дзіцячы эндакрыналагічны цэнтр, дзе пацыенты знаходзяцца пад дынамічным назіраннем. Для параўнання: у 2006 годзе ў нас назіраліся 290 дзяцей з цукровым дыябетам першага тыпу, у 2016-м — 470, а за 9 месяцаў 2026 года — ужо 845, — прывяла статыстыку галоўны ўрач.
Алена Ляшэвіч адзначыла, што існуе агульнасусветная тэндэнцыя да павелічэння захворвання на дыябет:
— Безумоўна, гэтыя лічбы растуць у тым ліку дзякуючы палепшаным метадам дыягностыкі. Аднак значны ўклад уносяць такія фактары, як харчаванне, экалогія і нават перанесеная каранавірусная інфекцыя. Вылучыць адну канкрэтную прычыну немагчыма. Дарэчы, у цукровага дыябету сёння няма ўзросту. Напрыклад, самаму малодшаму пацыенту нашай клінікі — 1 год 9 месяцаў, прычым дыягназ яму быў пастаўлены амаль год таму.
Несалодкі дыягназ
Калі дыябет 1-га тыпу немагчыма прадухіліць, то развіццё захворвання 2-га тыпу наўпрост звязана са спосабам жыцця дзіцяці, звяртае ўвагу доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры дзіцячай эндакрыналогіі, клінічнай генетыкі і імуналогіі з курсам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДМУ Ірына ХМАРА:
— У пубертатны перыяд у дзяцей з лішняй вагой і нізкай фізічнай актыўнасцю павышаецца верагоднасць развіцця цукровага дыябету 2-га тыпу. Такія дзеці знаходзяцца ў групе рызыкі. Прафілактыка — кантроль масы цела, рацыянальнае харчаванне і фізічныя нагрузкі. Паводле назіранняў беларускіх і сусветных спецыялістаў, у перыяд пубертату ў дзяцей павялічваецца інсулінарэзістэнтнасць. На гэта ўплываюць і палавыя гармоны, якія пачынаюць больш актыўна выпрацоўвацца, і палавыя стэроіды.

Ірына Хмара падкрэслівае важнасць кантролю вагі з ранняга дзяцінства:
— Калі ў дзяцей да 5 гадоў ёсць атлусценне, то, як правіла, у 60–80 працэнтах выпадкаў яны будуць пакутаваць ад лішняй вагі і ў дарослым жыцці. Калі атлусценне ўзнікае ў перыяд прэпубертату і пубертату, верагоднасць яго пераносу ў дарослае жыццё ўзрастае значна. А разам з атлусценнем павялічваецца і рызыка развіцця цукровага дыябету 2-га тыпу.
Школа для дзяцей і бацькоў
Пастаноўка дыягназу часта становіцца сур’ёзным стрэсам для ўсёй сям’і. Каб дапамагчы бацькам і дзецям адаптавацца, на базе клінікі працуе адзіная ў сталіцы дзіцячая «Школа цукровага дыябету». Нам давялося трапіць сюды на заняткі.
— Мы навучаем бацькоў, як жыць з захворваннем, якое з’явілася ў іх дзіцяці. Гэта цэлы спектр тэм — ад падліку хлебных адзінак і карэкцыі дозы інсуліну да таго, як вучыцца ў школе, хадзіць на гурткі, займацца спортам і ў цэлым планаваць далейшае жыццё, — расказвае выконваючая абавязкі загадчыка педыятрычнага аддзялення № 3 для эндакрыналагічных хворых урач-педыятр Валерыя ТАЛКАЧОВА.
Абавязковы курс уключае пяць лекцый, падчас якіх тут імкнуцца даць усю базавую інфармацыю. Таксама па запытах бацькоў могуць праводзіцца дадатковыя заняткі.
— Дзверы «Школы цукровага дыябету» адчынены не толькі для нашых стацыянарных пацыентаў, але і для ўсіх ахвотных. Напрыклад, для сем’яў, якія знаходзяцца праездам у Мінску, або для сваякоў дзяцей, якія хочуць разабрацца ў тэме для агульнага развіцця, — адзначае Валерыя Талкачова. — А трапіць да нас вельмі проста: трэба толькі паглядзець расклад і прыехаць з панядзелка па пятніцу.
Растлумачыла ўрач-педыятр і спецыфіку лячэння пацыентаў з рознымі відамі дыябету:
— Калі мы гаворым пра дзяцей з 1-м тыпам дыябету, то гэта інсуліназалежная форма. Усе нашы пацыенты забяспечаны аналагавымі інсулінамі кароткага і доўгага дзеяння, пастаўкі ідуць рэгулярна, таксама прымяняецца помпавая інсулінатэрапія. З дыябетам 2-га тыпу сітуацыя іншая. У большай ступені такім пацыентам патрэбна мадыфікацыя спосабу жыцця, а тэрапія ўжо прызначаецца ў залежнасці ад вынікаў аналізаў.
Эфектыўнасць такога падыходу пацвярджаюць самі сем’і, якія цяпер праходзяць лячэнне ў аддзяленні. Мы пагутарылі з мінчанкай Кацярынай МАКАРЭВІЧ, якая знаходзіцца ў бальніцы разам з 9-гадовай дачкой Ганнай:
— Пра дыягназ сям’я даведалася зусім нядаўна — у нас упершыню выявілі дыябет каля двух тыдняў таму. Мы самастойна здалі аналізы ў лабараторыі і зразумелі, што паказчыкі вельмі дрэнныя. Звярнуліся за дапамогай у гэтую бальніцу. На першыя суткі нас змясцілі ў рэанімацыю, пасля перавялі ў аддзяленне. Для нас гэта быў шок! Ніхто з найбліжэйшых сваякоў з такім захворваннем раней не сутыкаўся, мы былі абсалютна незнаёмыя з ім. У першыя два дні адчувалі проста роспач, але варта аддаць належнае — урачы заўсёды былі гатовыя прыйсці на дапамогу і адказаць на любыя пытанні.
«Школа цукровага дыябету» для гэтай сям’і расставіла ўсё па палічках. Па словах Кацярыны Макарэвіч, працэс навучання добра арганізаваны як для бацькоў, так і для дзяцей. Пасля заняткаў прыходзіць разуменне, што дыягназ — не канец свету, а ўсяго толькі карэкціроўка спосабу жыцця.
- Першыя сімптомы цукровага дыябету, на якія бацькам варта звярнуць увагу. Гэта смага, пачашчанае мочаспусканне і, як вынік, зніжэнне масы цела.
Лізавета ГОЛАД