Top.Mail.Ru

Сёння каля 20 ВНУ краіны рыхтуюць інжынераў па больш чым 100 спецыяльнасцях

Урад зацвердзіў Канцэпцыю развіцця інжынернай адукацыі ў Беларусі на перыяд да 2035 года. Павышэнне якасці падрыхтоўкі інжынерных кадраў і забеспячэнне тэхналагічнай бяспекі краіны — асноўная мэта распрацоўкі і прыняцця дакумента. Пра тое, што ўжо зроблена і як будуць далей рэалізоўвацца маштабныя ініцыятывы выкладзеныя ў канцэпцыі, расказвае першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч.



У цэнтры ўвагі

— Аляксандр Генадзьевіч, вядома, што яшчэ да зацвярджэння канцэпцыі былі сур’ёзныя крокі па папулярызацыі прафесіі інжынера. 

— Навукова-тэхнічны і прамысловы патэнцыял Беларусі развіваецца, таму пытанні высакаякаснай падрыхтоўкі інжынерных кадраў заўсёды знаходзяцца ў цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы і ўрада. Міністэрства адукацыі сумесна з усімі зацікаўленымі вырашае гэту важную задачу на ўсіх этапах падрыхтоўкі спецыялістаў. Сёння каля 20 ВНУ краіны рыхтуюць інжынераў па больш чым 100 спецыяльнасцях. Пачынаючы са школьнай лавы мы выяўляем і падтрымліваем дзяцей, якія цікавяцца тэхнічнай дзейнасцю, ствараем для іх адпаведную матэрыяльную базу і прыцягваем вопытных педагогаў-настаўнікаў з каледжаў і ўніверсітэтаў. Яскравы прыклад таму —паспяховае функцыянаванне Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, у якім па 15 сучасных кірунках інжынернага профілю штогод займаюцца звыш 1,5 тысячы навучэнцаў 9–11-х класаў. Выпускнікі тэхнапарка, якія паспяхова прайшлі навучанне, маюць права паступлення ў ВНУ без уступных іспытаў на 196 спецыяльнасцяў.

Намі распрацавана і рэалізоўваецца праграма стварэння ў школах інжынерна-тэхнічных цэнтраў, якія аснашчаюцца сучасным даследчым абсталяваннем. Сёння такіх цэнтраў у нас — 175. 

З 2023/2024 навучальнага года адкрыта падрыхтоўка школьнікаў у профільных класах (групах) інжынернай накіраванасці на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У 580 інжынерных класах праходзіць навучанне каля 6,5 тысячы школьнікаў. Першыя выпускнікі інжынерных класаў, а гэта 2,5 тысячы чалавек, змогуць паступіць у ВНУ па сумоўі на найбольш запатрабаваныя эканомікай інжынерныя і педагагічныя спецыяльнасці ўжо сёлета. 

Істотна пашырана практычная падрыхтоўка будучых інжынераў на базе філіялаў кафедраў на вядучых прадпрыемствах краіны. Да працэсу прыцягваюцца вопытныя спецыялісты-практыкі, ствараюцца неабходныя вытворчыя, фінансавыя і сацыяльна-бытавыя ўмовы для замацавання маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах.

045A5232.jpg

Закасаўшы рукавы

— Перыяд рэалізацыі канцэпцыі — 10 гадоў. Тэрмін сур’ёзны. Міністэрства адукацыі выступае каардынатарам гэтай работы. За што плануеце ўзяцца ў першую чаргу?

— Мы ўжо рэалізоўваем шэраг мерапрыемстваў канцэпцыі. Да наяўных трох цэнтраў кампетэнцый у БДУІР, БрДТУ і БДАС у найбліжэйшыя гады плануем дадаць яшчэ 9, у якіх па сеткавай форме пройдуць навучанне ўсе студэнты інжынерных спецыяльнасцяў. Сёння мы працягваем работу з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў па адкрыцці на іх базе навучальных цэхаў, майстэрняў і ўчасткаў (іх запланавана адкрыць не менш за 70). Далей прыступаем да стварэння студэнцкіх канструктарскіх бюро ў ВНУ, дзе будуць вырашацца актуальныя інжынерна-тэхнічныя задачы прадпрыемстваў. Сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі вызначаем кірункі падрыхтоўкі інжынераў па новых сумежных спецыяльнасцях.

Арыенцір — на практыку

— Значнае месца ў дакуменце адведзена арганізацыі вытворчай практыкі на прамысловых прадпрыемствах. Як гэта ўзаемадзеянне наладжана сёння і ў якіх кірунках будзеце рухацца далей?

— На сёння амаль па ўсіх спецыяльнасцях практыкі праводзяцца ўжо з першага курса. Прадпрыемствы імкнуцца арганізаваць практычную частку навучання на высокім узроўні: за студэнтамі замацоўваюцца вопытныя настаўнікі; пры магчымасці навучэнцы падчас практыкі працаўладкоўваюцца на пасады з гарантаванай заработнай платай, што станоўча адбіваецца на іх далейшай прафесійнай будучыні. 

045A5252.jpg

Канцэпцыяй таксама прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, якія дазваляюць моладзі атрымаць рабочую прафесію ў ВНУ. Адпаведныя карэкціроўкі ўносяцца ў навучальныя планы і праграмы практык. Станоўчы вопыт падрыхтоўкі студэнтаў па рабочых прафесіях ужо ўкаранёны ў аграрных ВНУ. Плануем выкарыстоўваць гэтыя напрацоўкі пры падрыхтоўцы спецыялістаў для арганізацый Мінэнерга, канцэрна «Белнафтахім» і іншых.

І інжынеры, і айцішнікі

— Часта даводзіцца чуць пра тое, што сёння спецыялістаў інфармацыйных тэхналогій рыхтуюць у два разы больш, чым патрэбна...

— План набору на любую спецыяльнасць штогод зацвярджаецца выключна на падставе перспектыўнай патрэбы заказчыкаў кадраў. Што датычыцца спецыялістаў з кампетэнцыямі ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, то яны запатрабаваны ўсімі галінамі эканомікі і сацыяльнай сферы. Інжынерныя кадры не выключэнне, бо сёння любую сучасную вытворчасць немагчыма ўявіць без інфармацыйных тэхналогій. Таму па ўсіх інжынерных спецыяльнасцях студэнты атрымліваюць веды ў галіне лічбавізацыі вытворчых працэсаў, эфектыўнага выкарыстання сучасных праграмных прадуктаў, тэхналогій штучнага інтэлекту і іншых у неабходным аб’ёме.

Тэхнічны, значыць — тэхнічны

— У свой час Прэзідэнт указаў на неабходнасць адмаўляцца ад няпрофільнай падрыхтоўкі ў тэхнічных ВНУ...

— Міністэрства адукацыі разам з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і заказчыкамі кадраў правялі сістэмную работу па аптымізацыі структуры набору з улікам профілю ўніверсітэтаў. У выніку сёння спынены прыём студэнтаў па 50 няпрофільных спецыяльнасцях у 20 ВНУ. Работа па выключэнні няпрофільнай падрыхтоўкі будзе завершана ў надыходзячым навучальным годзе. Таксама скарэкціраваны падыходы па навучанні выпускнікоў каледжаў на скарочанай форме атрымання вышэйшай адукацыі.

І вытворца, і выкладчык

— У канцэпцыі немалое значэнне надаецца пытанню ўключэння ў адукацыйны працэс арганізацый-заказчыкаў. Ці ёсць такі досвед у краіне? 

— Ёсць, і апошнім часам удзел арганізацый — заказчыкаў кадраў у навучальным працэсе прыкметна актывізаваўся. Сталі часцей праводзіцца прафарыентацыйныя мерапрыемствы ў ВНУ, каледжах і школах. Вядучыя спецыялісты ўстаноў і прадпрыемстваў, акрамя арганізацыі і правядзення практык, кіруюць курсавымі, дыпломнымі праектамі і работамі, удзельнічаюць у дзяржаўных экзаменацыйных камісіях і нават ўзначальваюць іх. Карысным вопытам з’яўляецца і арганізацыя стажыровак выкладчыкаў ВНУ на прадпрыемствах.

Канцэпцыяй вызначаны новы кірунак узаемадзеяння вышэйшай тэхнічнай адукацыі з рэальным сектарам эканомікі — гэта непасрэдны фінансавы і арганізацыйна-тэхнічны ўдзел прадпрыемстваў у стварэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтраў кампетэнцый ВНУ. Для вырашэння дадзенай ключавой задачы распрацаваны адпаведны комплекс мер на 2025–2030 гады.

Са школьнай парты

— Як у далейшым плануецца выкарыстоўваць вопыт інжынерных класаў?

— Асаблівасць падрыхтоўкі навучэнцаў у інжынерных класах — іх замацаванне за канкрэтнай тэхнічнай ВНУ, выкладчыкі якой бяруць непасрэдны ўдзел у навучанні школьнікаў, а таксама праводзяць з імі прафарыентацыйную работу ў прывязцы да свайго рэгіёна. Такім чынам навучэнцы інжынерных класаў знаёмяцца з прамысловым патэнцыялам вобласці і горада, наведваюць вядучыя прадпрыемствы, і гэта павышае як матывацыю, так і ўсвядомленасць выбару спецыяльнасці і ВНУ. 

AX2I5030.jpg

У планах — зрабіць паглыбленую прафілізацыю інжынерных класаў, прывязаўшы яе да профілю курыруючай тэхнічнай ВНУ, і адпаведным чынам напоўніць праграму факультатыўнага курса.

— Якія інжынерныя спецыяльнасці папулярныя сярод цяперашніх абітурыентаў і якія кірункі адкрыюцца ў перспектыве?

— Сёння ўсе інжынерныя спецыяльнасці запатрабаваны рынкам працы. Тым не менш параю: не трэба выбіраць спецыяльнасць толькі таму, што яна гучна або модна гучыць. Важна ўсё асэнсаваць і памятаць, што выбіраеш справу свайго жыцця. 

Што датычыцца адкрыцця новых спецыяльнасцяў, то яно адбываецца, зыходзячы з патрэбы ў кадрах. Напрыклад, сёлета ВНУ ўпершыню будуць ажыццяўляць набор на інжынерныя спецыяльнасці: «Праектаванне і тэхналогія беспілотных авіяцыйных комплексаў», «Звышвысокачастотныя сістэмы», «Хімічная тэхналогія энерганасычаных матэрыялаў» і іншыя.

А як Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы працуе з інжынернымі класамі

У сучасным свеце, дзе тэхналогіі адыгрываюць ключавую ролю, інжынерная адукацыя становіцца неад’емнай часткай стварэння будучыні. Адкрыццё профільных класаў у школах Беларусі — важны крок у падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў, здольных паспяхова вырашаць складаныя тэхнічныя і інавацыйныя задачы. Пагаварылі з першым прарэктарам ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандрам Карэўскім аб тым, як універсітэт працуе з інжынернымі класамі і які ўнёсак робіць у развіццё тэхнічных спецыяльнасцяў.

Як адзначыў Аляксандр Карэўскі, у сувязі з хуткім прагрэсам тэхналогій неабходны высокакваліфікаваныя спецыялісты ў галіне інжынерыі, здольныя не толькі распрацоўваць новыя прадукты, але і ўдасканальваць існуючыя тэхналогіі. Інжынеры адыгрываюць ключавую ролю ў працэсе інавацый, спрыяюць стварэнню новых рашэнняў, прадуктаў і паслуг.

photo_2_2025-05-23_15-02-50.jpg

— Мы вельмі чакаем у шэрагах сваіх студэнтаў выпускнікоў інжынерных класаў. Сёлета адбудзецца першы выпуск, але ўніверсітэт мае вялікі досвед работы з педагагічнымі класамі. Таму дадзеная траекторыя паступлення для нас не ў навінку. Тыя выпускнікі, што прыходзяць з профільных класаў, максімальна заматываваны і дакладна ведаюць, чым хочуць займацца. А калі студэнт вучыцца на спецыяльнасці, што яму па душы, то і якасць адукацыі дакладна будзе высокай, — сказаў Аляксандр Карэўскі.

Выпускнікі профільных класаў інжынернай накіраванасці могуць паступаць на наступныя спецыяльнасці ГрДУ: «Фізіка», «Робататэхнічныя сістэмы», «Тэхналогія машынабудавання, металарэжучыя станкі і інструменты», «Эксплуатацыя наземных транспартных і тэхналагічных машын і комплексаў», «Інфармацыйна-вымяральныя прыборы і сістэмы», «Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання», «Узвядзенне будынкаў і збудаванняў».

— У Купалаўскім універсітэце праводзіцца сістэматычная і мэтанакіраваная прафарыентацыйная работа з навучэнцамі 9-11 класаў і выпускнікамі каледжаў. Гэта самыя розныя формы. Створаны Тэлеграм-канал «Стань інжынерам у ГрДУ!», — расказаў першы прарэктар. — На падставе праграмы ўзаемадзеяння галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ў рамках абласнога адукацыйнага кластара за факультэтамі ўніверсітэта замацаваны 98 класаў інжынернай накіраванасці, у якіх навучаецца 1125 школьнікаў з 66 устаноў адукацыі.

Работа з інжынернымі класамі вядзецца на самых розных узроўнях, бо папулярызацыя тэхнічнай адукацыі — комплекснае пытанне. Заключаны чатырохбаковы дагавор аб супрацоўніцтве паміж ГрДУ імя Янкі Купалы, аддзелам адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Гродна, СШ № 39 імя І. Д. Лебедзева горада Гродна і Гродзенскім рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам электраэнергетыкі «Гроднаэнерга».

— Акрамя таго, заключаны трохбаковы дагавор аб супрацоўніцтве паміж Купалаўскім універсітэтам, гімназіяй № 9 імя Ф. П. Кірычэнкі горада Гродна і філіялам «Гродзенскія цеплавыя сеткі «РУП «Гроднаэнерга», — паведаміў Аляксандр Карэўскі. — У цэлым заключана 10 дагавораў аб арганізацыі работы інжынерных класаў. Абавязкова прыцягваем прадпрыемствы і арганізацыі вобласці, бо важна, каб дзеці на прыкладзе спецыялістаў, якія ўжо дабіліся прафесійных поспехаў, бачылі, як можа скласціся іх кар’ерны шлях у інжынернай сферы.

Ва ўніверсітэце існуюць і іншыя формы ўзаемадзеяння. Так, сумесна з Гродзенскай гарадской гімназіяй імя А. І. Дубко праводзяцца факультатыўныя заняткі «У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію». На фізіка-тэхнічным факультэце для ажыццяўлення навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў і школьнікаў створаны навуковыя гурткі: «Камп’ютарнае мадэляванне фізічных і тэхналагічных працэсаў», «Праектаванне», «Робататэхніка і аўтаматыка». Таксама працуюць навукова-даследчая лабараторыя «Нанафатоніка» і студэнцкае канструктарскае бюро «Практычная электроніка».

photo_5_2025-05-23_15-05-24.jpg

— Вельмі добра сябе зарэкамендавала правядзенне шматпрофільнай летняй школы «Купалаўскі старт» для навучэнцаў інжынерных класаў і класаў педагагічнай накіраванасці, — падзяліўся суразмоўца. — Традыцыйна да нас прыязджаюць вучні з сярэдняй школы № 7 горада Ваўкавыска. Выпрабавалі выязны фармат школы. Рэалізоўваецца праект «PROF-канікулы»: восеньскі, зімовы і вясновы сезоны. Адкрыта і актыўна працуе прастора па інтарэсах тэхнічнага профілю «Саюз тэхнікі і творчасці» для навучэнцаў інжынерных класаў.

У рамках праекта «Універсітэцкая субота» праходзяць экскурсіі ў Навукова-тэхналагічны парк ГрДУ імя Янкі Купалы, студэнцкае канструктарскае бюро фізіка-тэхнічнага факультэта, у навучальныя лабараторыі ўніверсітэта і на прадпрыемствы. Арганізоўваюцца анлайн-лекцыі, майстар-класы, практычныя і лабараторныя заняткі, а таксама тэст-драйв прафесіі «Інжынер-праграміст».

У тэму

Рэктар Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Міхаіл Лусцянкоў:

«Беларуска-Расійскі ўніверсітэт ужо больш за 60 гадоў рыхтуе інжынерныя кадры. З мэтай папулярызацыі інжынернай адукацыі з 2023 года ВНУ адчыніла свае дзверы для навучэнцаў інжынерных класаў як горада Магілёва, так і Магілёўскай вобласці. Наведванне факультатыўных заняткаў „У свеце тэхнікі і тэхналогій“ дазваляе школьнікам азнаёміцца з сучаснымі кірункамі інжынерыі, атрымаць уяўленне аб прафесіях у галіне машынабудавання, энергетыкі і будаўніцтва, мехатронікі і іншых. На сёння ў БРУ такія заняткі наведваюць больш за 150 вучняў 10–11 класаў з дзесяці школ Магілёва. Апроч тэарэтычных заняткаў, для школьнікаў арганізоўваюцца экскурсіі на прадпрыемствы горада, што дае ім магчымасць убачыць рэальныя вытворчыя працэсы і зразумець спецыфіку работы інжынераў.

Наведванне факультатыўных заняткаў „У свеце тэхнікі і тэхналогій“ дапамагае школьнікам вызначыцца з будучай прафесіяй, дае ўнікальны шанц павучыцца ў кваліфікаваных спецыялістаў і атрымаць практычныя парады, а таксама зразумець рэальныя патрабаванні сучаснай інжынернай дзейнасці.

Сёлета ў сценах універсітэта паспяхова асвоілі праграму факультатыўных заняткаў 67 выпускнікоў, якія атрымалі права паступлення ў ВНУ Рэспублікі Беларусь без уступных іспытаў на шэраг інжынерных спецыяльнасцяў. Выпускнік інжынернага класа паступае ва ўніверсітэт мэтанакіравана, свядома выбраўшы сваю будучую сферу дзейнасці яшчэ са школьнай парты. Такі падыход дае магчымасць падрыхтаваць спецыяліста, які будзе запатрабаваны на рынку працы і зможа зрабіць значны ўнёсак у развіццё эканомікі краіны».

Алена ВІНАГРАДАВА, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА, Веранікі КАЗЛОЎСКАЙ і з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю