Top.Mail.Ru

Сёння на «Славянскім базары ў Віцебску» вызначыцца пераможца конкурсу маладых выканаўцаў

Шчасліва склаўся першы дзень XXXV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск — 2026» для прадстаўніцы Італіі Сараі.

Акрамя таго, што, як і прадстаўніца Казахстана Амалят, Сарая набрала найбольшую колькасць балаў ад журы — 69, яна атрымала прапанову рукі і сэрца ад свайго маладога чалавека Франчэскі. Шасцітысячны Летні амфітэатр горача вітаў закаханую пару.

Нагадаем, у першы конкурсны дзень прадстаўнікі 19 краін выконвалі сусветны эстрадны хіт. Кожны нумар — цэлы спектакль, падчас якога выканаўцы дэманстравалі выдатныя вакальныя даныя, захоплівалі аўдыторыю. Зала прыхільна сустракала кожнага ўдзельніка, падтрымлівала апладысментамі. Авацыі сарвала прадстаўніца Беларусі Алена Кузняцова — яна набрала 66 балаў. У ліку лідараў Іраклі Гадэлія з Грузіі, 68 балаў; Дора з Сербіі, 67 балаў; Аляксей Осічаў, 67 балаў.

— Я шчаслівы выступаць на легендарнай сцэне Летняга амфітэатра. Незалежна ад вынікаў, гэта ўжо падзея ў жыцці, — падзяліўся ўражаннямі Аляксей Осічаў. — Дарэчы, некалькі год таму гонар Малдовы тут жа абараняў мой брат Віктар Балан. Я спадзяюся выступіць на свой максімум, падарыць гледачу часцінку сваёй душы. Беларусы — выдатныя людзі, гасцінныя, добразычлівыя. Атмасфера фестывалю сапраўды прыўзнятая, гэта свята творчасці, мастацтва і міру.

Сёння ўвечары вакалісты выступяць з творамі славянскіх аўтараў у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Чакаем, як вырашыцца інтрыга конкурсу «Віцебск — 2026».

Святлана ЯКАЎЛЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю