Top.Mail.Ru

Сёння — Пакроў Прасвятой Багародзіцы — вялікае праваслаўнае свята

«Прыйшла Пакрова, пытае, цi ты да зiмы гатова»

Адзначаецца штогод 14 кастрычніка. У гэты дзень вернікі шануюць памяць Багародзіцы, дзякуюць ёй за абарону ад бедстваў, заступніцтва і суцяшэнне

Хоць і часта, заўважана, у гэты дзень выпадае першы снег, аднак жа белае покрыва на зямлі мае да царкоўнага свята адносіны другарадныя. Бо Пакроў — гэта абарона, заступніцтва Дзевы Марыі за ўсіх яе дзяцей перад Госпадам, яе гатоўнасць прыйсці на дапамогу ў любых абставінах, нават самых бязвыхадных. Так разумеюць назву свята праваслаўныя.

У аснове свята ляжыць паданне, якое датычыцца яўлення Прасвятой Багародзіцы ў Канстанцінопалі ў Х стагоддзі. Тады Візантыйская імперыя вяла вайну з сарацынамі. У момант, калі ворагі былі практычна на подступах да Канстанцінопаля, у храме явілася Дзева Марыя. Яна зняла са сваёй галавы покрыва i распасцерла яго над людзьмi, што былi ў храме, абараняючы iх ад ворагаў бачных i нябачных. Калі ж Маці Божая пакінула храм, покрыва стала нябачным, а ў памяшканні заставалася ласка, якая сыходзіла ад яе.

Гэты цуд стаў знакам заступніцтва і суцяшэння. Па традыцыі на свята прынята наведваць усяночнае трыванне ў храмах. Праваслаўныя моляцца Маці Божай і просяць у яе дапамогі і выратавання. 

«Пакроў правярае ўладароў»

Свята шануюць і ў народзе. Называюць яго Пакровы (Пакроў дзень, Першае зазім’е, Трэцяя Прачыстая, Засідкі). Тэма заступніцтва (пакрывання) — ключавая ў сутнасці свята. Лічылася, што на Пакроў снег абавязкова пакрывае зямлю. Адсюль і такая прымаўка: «Бог на зіму зямлю закрывае — няхай адпачывае». Пакровы лічацца мяжой, якая падзяляе год на дзве палавіны — летнюю і зімнюю. Таму нашы продкі стараліся да гэтага часу ўцяпліць хату і гаспадарчыя пабудовы, усё ў садзе-агародзе ўбраць, перавесці скаціну на стойлавае ўтрыманне. Казалі: «Пакроў правярае ўладароў».

Здаўна ў народзе старанна выконваўся закон — пасля Пакроваў нельга «чапаць» зямлю. Асабліва гэта датычыцца закладкі падмурка, узвядзення агароджаў і ўстаноўкі помнікаў на могілках.

«Прыйдуць Пакровы, дзеўцы галаву пакрыюць»

Назва Пакроў Прасвятой Багародзіцы ў людзей асацыявалася з хусткай або вэлюмам нявесты. У народзе казалі: «Прыйдуць Пакровы, дзеўцы галаву пакрыюць». Такім чынам, урачыстасць сталі лічыць «дзявочым святам» і спрыяльнай парой для правядзення вяселляў. Сем’і, створаныя ў гэты час, былі самымі моцнымі і шчаслівымі. 

На Пакровы незамужнія дзяўчаты на досвітку беглі ў царкву запаліць свечку. Паводле павер’я, якая з іх раней за ўсіх паставіць свечку, тая раней за ўсіх і выйдзе замуж. 

Вясельныя прыкметы ў гэты дзень вызначалі па надвор’і. Калі на Пакровы ветрана, попыт на нявест будзе вялікім. Калі выпадзе снег, у вёсцы будзе шмат вяселляў, а маладых чакае абавязковае шчасце.

Больш за тое: меркавалася, што маладуха, якую выдалі за хлопца 14 кастрычніка, знаходзіцца пад асаблівай аховай Багародзіцы. Ды і сама нявеста нярэдка асацыявалася з Божай Маці, таму што і ёй у хуткім часе давядзецца нарадзіць дзіця. З Божай Маці маладую жонку атаясамлівала яшчэ і тая акалічнасць, што з вясельнай пары і асабліва на людзях жанчына ўжо не магла хадзіць з непакрытай галавой, што сведчыла аб новым — ужо сямейным — статусе.

«На Пакроў дзень — зіму чытаюць»

На Пакровы складалі прагноз надвор’я на зіму.

  • Калі ў гэты дзень дзьме паўночны ці ўсходні вецер, зіма чакаецца суровая, а калі вецер паўднёвы — зіма будзе снежнай і мяккай. Пераменны вецер на Пакровы прадвяшчаў зменлівую зіму.

  • Калі на Пакровы выпала поўня, то гэта казала аб сухім леце. 

  • Калі жураўлі паляцелі раней за Пакровы, зіма будзе ранняй і халоднай.

  • Калі бяроза і дуб да сярэдзіны кастрычніка лісце не скінулі — да суровых маразоў. 

  • Сухое надвор’е — да бясснежнай зімы, а іней абяцае снегапады ў студзені.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю